“…Не адчуваю сябе адзінокай”

“…Не адчуваю сябе адзінокай”

IMG_6821Сустрэла нядаўна сваю знаёмую, разгаварыліся пра тое, пра сёе. Яна і кажа: “А напішы пра маю суседку Вольгу Фёдараўну Бохан. 10 снежня мінулага года ёй споўніўся 91 год. Гэта чалавек з цікавым і няпростым лёсам. Зведала на сваім вяку і ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны, і сталінскія рэпрэсіі, пахавала двух сыноў і мужа”.
Ідучы на сустрэчу з гэтай жанчынай, задалася пытаннем: “А ці хацела б я дажыць да глыбокай старасці і пабачыць не толькі ўнукаў, але і праўнукаў?” Канечне, хацела б. Толькі пры ўмове не быць ім абузай, не дастаўляць вялікага клопату. Гэтыя словы не датычацца гераіні матэрыялу, таму што Вольга Фёдараўна сама прыбірае ў кватэры, гатуе, мые посуд. У доме ўсё ззяе чысцінёй.

Шэры Бумер

Кожнага госця Вольгі Фёдараўны Бохан сустракае ля варотаў гучным брэхам шэры сабачка. З размовы з гаспадыняй даведваюся, што клічуць яго Бумерам, ён добры вартаўнік, добры сябар пажылай адзінокай жанчыны.
— Калі ёсць жывая істота ў хаце, неяк смялей сябе адчуваеш, — кажа Вольга Фёдараўна. — Раней унучка Таня з сям’ёй жыла са мною, потым яны пераехалі ў Брэст. Але наведваюцца часта, усім неабходным мяне забяспечваюць.

Сям’я — дванаццаць я

— Родам я з вёскі Селішча, што ля Рудкі. У нашай сям’і было дзясяцера дзяцей. Мае бацькі, Алена Мікалаеўна і Фёдар Іванавіч Барташукі, у час эвакуацыі 1914 года на падводах даехалі да Мінска, а са сталіцы накіраваліся на цягніку ў Ніжні Тагіл. Па дарозе трое старэйшых дзяцей — Зося, Надзея і Андрэйка — памерлі. У Ніжнім Тагіле нарадзіліся мае браты Рыгор і Сцяпан, — распавядае Вольга Фёдараўна.
У 1921 годзе сям’я вярнулася з Расіі на радзіму. Зведалі голад, холад, галечу. Адзін за адным у Барташукоў нарадзіліся Вольга, Аляксей, Ніна, Уладзімір і Фёдар, які пражыў усяго некалькі дзён. Сям’я трымала немалую гаспадарку, каб пракарміць столькі ратоў. Адукацыі дзяцей вялікая ўвага не надавалася, таму што галоўнае было ўмець працаваць на зямлі і дапамагаць бацькам. За плячамі ў Вольгі Фёдараўны толькі 4 класы польскай школы і вячэрняя, дзе яна вывучыла рускую мову. Дзеці разам з бацькамі шчыравалі на агародзе, на сенакосе, у полі і не марылі пра высокія “ўніверсітэты”. Наперадзе ўсіх чакаў іншы “ўніверсітэт” — выпрабаванне вайной.

Вайна — на ўсіх адна

Гады Вялікай Айчыннай вайны Вольга Фёдараўна Бохан успамінае з жахам: “Страшна было: выбухі, смерць… Мне на той час было 18 гадоў, хацелася жыць, кахаць. Хаваліся ад немцаў у полі, у лесе. Хлопцы насоўвалі шапкі на палкі і падымалі над жытам, а немцы па іх стралялі. Траплялі з вялікіх адлегласцяў. А потым, калі карнікі пакідалі вёску, матулі хадзілі збіралі-клікалі дзяцей. Употайкі мы кармілі партызан”. Будучы муж Вольгі Фёдараўны Аляксей Фадзеевіч напачатку вайны працаваў у Брэсце. 17-гадовага юнака разам з таварышамі схапілі немцы і адправілі ў Германію, дзе ён працаваў у баўэра. Вярнуўся на Радзіму з падарваным здароўем.

Бяда праз суседа,  або

Менш за два  месяцы шчасця

Вольга і Аляксей пазнаёміліся праз год пасля заканчэння вайны. Ён прыехаў з Курпічаў у Селішча на танцы. Адразу “паклаў вока” на самую ўвішную танцорку Волю Барташук. Натанцаваліся — і закахаліся, і сустракаліся паўтары гады.
“12 лістапада 1948 года было наша з мужам вяселле, а 5 студзеня 1949-га мяне арыштавалі, — успамінае Вольга Фёдараўна. — Мы рыхтаваліся да Раства Хрыстова, прыбіраліся ў хаце. Ля нашага двара спынілася машына, поўная людзей у ваеннай форме. Мне загадалі збірацца і павезлі на допыт. Пыталіся пра нашага суседа, якога арыштавалі незадоўга да гэтага разам з жонкай і старэйшай дачкой. Я нічога ТАКОГА пра яго не ведала і не разумела, чаго ад мяне хочуць. Мяне асудзілі на 8 гадоў  за неданясенне на суседа. У турме я зразумела, што цяжарная. Мяне адвезлі ў лагер, размешчаны ў вёсцы Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, дзе адбывалі пакаранне цяжарныя і старыя. Там я нарадзіла сына Алёшку, якога назвала ў гонар мужа. Калі сыночку споўнілася 7 месяцаў, яго забралі мая мама і свякроў, таму што ў турме дзеці вельмі хварэлі і паміралі. Гадаваўся хлопчык да пяці гадоў у доме свекрыві. Мяне ж, як толькі аддала дзіця, накіравалі этапам на поўнач Расіі, у выпраўленча-працоўны лагер за 300 кіламетраў ад Варкуты. Муж і сын чакалі мяне, пісалі цёплыя лісты. Калі памёр Сталін, трапіла пад амністыю”.
А потым былі працоўныя будні, штодзённыя клопаты, маленькія радасці і вялікае гора — на другі дзень пасля нараджэння памёр малодшы сынок Валерка. Больш дзяцей Бог не даў, і Вольга Фёдараўна і Аляксей Фадзеевіч усю ўвагу і клопат аддавалі першынцу і адзінаму дзіцяці Алёшку.
Хлопец вырас, ажаніўся з прыгожай дзяўчынай Кацярынай. У іх нарадзілася двое дзетак. Але Аляксею Бохану-малодшаму нядоўгі быў адмераны жыццёвы шлях: у 36 яго не стала. А 11 год таму страціла Вольга Фёдараўна і мужа.

Наведвайце бабуль, пакуль яны жывыя

Размаўляем з Вольгай Бохан, а сабака вітае брэхам яшчэ аднаго госця.
— Міша, ты дзе прапаў, скажы? Забыўся, што я яшчэ жывая? — жартам пытае Вольга Фёдараўна ў Міхаіла Дземідзюка, мужавага сябра, які прыехаў яе праведаць. З таго часу, як Аляксей Фадзеевіч памёр, Міхаіл наведваецца рэдка, але ўсё ж не забывае пра адзінокую жанчыну. “Я і не адчуваю сябе адзінокай, — кажа Вольга Фёдараўна. — Унукі прыязджаюць, праўнукі, нявестка Кацярына заходзіць — у нас як былі цёплыя сяброўскія адносіны раней, так і да гэтай пары захаваліся, заглядвае “на агеньчык” суседка Людміла з дачкой. Сябровак то маіх ужо няма на свеце, а я з Божай ласкі жыву.”
Жанчына не скардзіцца на жыццё, не наракае на лёс:
— Я багатая: двое ўнукаў, чацвёра праўнукаў. Хутка старэйшую праўнучку замуж аддаваць буду: дзяўчына на выданні, разумніца, у Польшчы вучыцца.
Вольга Фёдараўна адчувае сябе не больш чым на 60 гадоў, любіць танцаваць (“Як пачую польку, ногі самі просяцца ў скокі”.), гутарыць з людзьмі, глядзіць тэлевізар. Дай Бог ёй здароўя дажыць да сотні год і дачакацца прапраўнукаў!
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top