Іх аб’ядноўвае актыўная жыццёвая пазіцыя

Іх аб’ядноўвае актыўная жыццёвая пазіцыя

IMG_7181
Мінулы год быў апошнім, чацвёртым годам у дзейнасці Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ХХVІ склікання. Якраз час падагульніць зробленае, акрэсліць далейшыя перспектывы, каб новы корпус народных выбраннікаў узяў на ўзбраенне здабыткі, усё лепшае, што было ў рабоце папярэднікаў.
Раённы Савет дэ-путатаў пастаянна імкнуўся ўдасканальваць узаемадзейнасць з раённым выканаўчым камітэтам і органамі мясцовага кіравання пярвічнага ўзроўню, раённымі службамі, працоўнымі калектывамі, грамадскімі арганізацыямі. Штогод на сесіях падводзіліся вынікі выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту раёна, зацвярджаліся прагнозы на наступны, здзяйснялася мэтанакіраваная дзейнасць у рэалізацыі сацыяльных праграм, дзяржаўных стандартаў, мерапрыемстваў па выкананні Дырэктыў і Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваных на павышэнне якасці жыцця насельніцтва. Нягледзячы на фінансава-эканамічныя цяжкасці, у раёне створаны добры зачын для далейшага развіцця народнагаспадарчага комплексу ў 2014 годзе.
У справаздачным перыядзе ў сілу неабходнасці аператыўнага фінансавання, вырашэння пытанняў у рэалізацыі сацыяльных праграм, раённы бюджэт карэктаваўся, разглядаліся іншыя найбольш важныя праблемы жыццядзейнасці рэгіёна. На працягу апошняга, ХХVI склікання, раённым Саветам дэпутатаў былі зацверджаны: “Праграма развіцця і падтрымкі асабістых дапаможных гаспадарак і грамадзян Жабінкаўскага раёна на 2011-2015 гады”, “Раённая праграма “Кадры” на 2011-2015 гады”, “Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Жабінкаўскага раёна на 2011-2015 гады”. Штогод  зацвярджалася тэрытарыяльная праграма дзяржаўных гарантый у забеспячэнні медыцынскім абслугоўваннем насель-ніцтва Жабінкаўскага раёна.
Сваю работу раённы Савет праводзіў згодна з зацверджаным планам. За гэты перыяд падрыхтавана і праведзена 26 сесій райсавета (14 планавых і 12 пазачарговых). Разгледжана 131 пытанне. Сярод іх: аб рабоце аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, органаў мясцовай улады ў прафілактыцы правапарушэнняў і п’янства на тэрыторыі раёна; аб выкананні праграмы развіцця горада Жабінка; аб сацыяльнай абароне насельніцтва раёна; аб стварэнні бяспечных умоў працы; добраўпарадкаванні населеных пунктаў і паляпшэнні якасці жыцця людзей; аб арэндзе паляўнічых угоддзяў і інш.
Як бачым, спектр пытанняў рознага накірунку. Каб вывучыць іх, прыняць правільныя рашэнні, патрэбна актыўна і зацікаўлена вывучаць і аналізаваць у перыяд разгляду ў камісіях, прэзідыуме, пры правядзенні сесій. У нашых дэпутатаў ёсць для гэтага і вопыт, і веды, і жаданне, што дазваляе разглядаць актуальныя праблемы жыццядзейнасці горада і раёна з веданнем справы. У дэпутацкім корпусе 37 чалавек, прадстаўнікоў розных узростаў і сацыяльнага статусу, аб’ядноўвае іх адно — актыўная жыццёвая пазіцыя.
Дэпутаты С.В.Карпінчык, В.Р.Міронаў, С.А.Барма, Т.А.Дзіўнова ўзнімалі пытанне рамонту дарожнага пакрыцця на ўчастку ўздоўж чыгункі ад пераезда да цукровага завода. Г.С.Акуліч звярнула ўвагу на неабходнасць грэйдзіравання дарогі ў в.Пруска, а таксама выказала пажаданні грамадзян па вулічным асвятленні ў в.Сцяброва. М.В.Бобрыку быў дадзены наказ выбаршчыкаў аб уладкаванні тратуараў на вуліцы Камсамольская. Дзякуючы іх садзейнічанню, праблемы вырашаюцца. Дарэчы, іншы раз даводзілася ставіць іх і перад вышэйстаячымі органамі, у прыватнасці, у абласным Савеце дэпутатаў, перад нашым дэпутатам у вобласці ад Жабінкаўскай выбарчай акругі №30 С.Д.Ашмянцавым. Менавіта ён дапамог, каб летась былі выдзелены дадатковыя сродкі для рамонту дарогі Жабінка — Крыўляны, а таксама набыты для райбальніцы апарат ультрагукавой дыягностыкі высокага класа і шэраг іншых.
Хачу выказаць добрыя словы ў адрас дэпутатаў А.І.Лаўрукевіча, В.К.Волка, В.Р.Міронава, Г.С.Акуліч, П.У.Вайноўскага, С.М.Янусік, Р.У.Гароха, С.В.Карпінчык, А.М.Будзько і многіх іншых, хто праяўляў актыўнасць у грамадскай рабоце, своечасова інфармаваў выканаўчую ўладу аб най-больш важных праблемах, якія датычацца паляпшэння жыццезабеспячэння насельніцтва раёна.
Адно з галоўных накірункаў дзейнасці раённага Савета дэпутатаў і яго старшыні — сумесная работа з сельскімі Саветамі дэпутатаў, калі ў адзінай звязцы вырашаюцца набалелыя праблемы жабінкаўцаў. Лічу, што карыснымі атрымаліся ў гэтым справаздачным перыядзе нашы выязныя сесіі, дзе ў суседзяў можна было павучыцца, напрыклад, стварэнню бяспечных умоў працы, добраўпарадкаванню населеных пунктаў і інш. Старшыні сельсаветаў удзельнічалі ў абласных семінарах-нарадах кіруючых органаў мясцовага кіравання і самакіравання і мелі магчымасць азнаёміцца з практыкай работы мясцовых Саветаў дэпутатаў Івацэвіцкага, Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Ляхавіцкага, Камянецкага і Брэсцкага раёнаў, параўнаць і прымяніць у сябе станоўчыя напрацоўкі калег. У 2011 годзе Ленінскі, Ракітніцкі і Хмелеўскі сельсаветы прадставілі свае аб’екты сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванне ўдзельнікам абласнога семінара-нарады.
Правамерна адзначыць і яшчэ адзін накірунак работы мясцовых Саветаў дэпутатаў — выкананне Дэкрэта Прэзідэнта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях”. Старшыня сельсавета з’яўляецца і старшынёй назіральнай камісіі, прымае непасрэдны ўдзел у яго рабоце. Сумесна яны абследуюць домаўладанні, выяўляюць парушэнні, па якім выдаюцца прадпісанні. Упэўнены, што работа гэтых камісій, мэтанакіраваная, эфектыўная, выратавала не адно чалавечае жыццё.
Упершыню ў 2010 годзе ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” заканадаўча замацаваны такі орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, як і інстытут стараст, дзейснае звяно паміж насельніцтвам і органамі мясцовага кіравання. На практыцы інстытут стараст у раёне працуе ўжо 14 гадоў. За гэты час назапашаны пэўны вопыт работы. Яны працуюць сумесна з сельвыканкамамі, прымаюць удзел у сесіях, а таксама ва ўсіх грамадска-палітычных кампаніях. Гэта аўтарытэтныя, паважаныя людзі, у якіх вялікі жыццёвы вопыт. Старасты сталі незаменнымі памочнікамі старшынь сельвыканкамаў. Пастаянна знаходзячыся ў гушчы насельніцтва, дапамагаюць своечасова рэагаваць на тую ці іншую сітуацыю: расчыстку дарог ад снегу, ліквідацыю аварыйных дрэў, абарваных правадоў электраперадач, пад іх увагай супрацьпажарныя мерапрыемствы і інш. Гэта яны сярод першых, калі патрэбна наводзіць парадак у вёсцы, добраўпарадкоўваць могілкі. Яны выяўляюць няўдалыя сем’і, дзе ў сацыяльна-небяспечным становішчы дзеці, а таксама ўдзельнічаюць у рабоце камісій у абследаванні жыллёва-бытавых умоў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх састарэлых. На вачах у старасты жыццё аднавяскоўцаў і блізкія іх праблемы.
У раёне выбраны і працуюць 70 стараст. На іх рахунку нямала добрых спраў. Г.А.Кладніцкая з вёскі Грабаўцы вялікую ўвагу ў сваёй рабоце надае абследаванню адзінокіх пенсіянераў, клапоціцца пра забеспячэнне іх палівам, аказанне матэрыяльнай дапамогі і гандлёвае абслугоўванне. У многім дзякуючы старасце вёскі Сакі Н.У.Пракапук, пабудавана тут капліца і добраўпарадкавана тэрыторыя ля яе. Хацелася б адзначыць работу В.У.Омесь (в.в. Малыя Якаўчыцы, Вандалін), А.У.Казка (в.Залуззе), Г.П.Альховік (в.Мацясы). У іх кожны падворак і дом на ўліку. Усе праблемы грамадзян — іх праблемы. І часцей за ўсё старастамі яны вырашаюцца самастойна. Заслугоўвае падзякі работа і іншых стараст вёсак, за іх актыўнасць і ўменне браць ініцыятыву ў любой справе на сябе.
Хутка закончыцца тэрмін дзейнасці дэпутацкага корпусу ХХVІ склікання, стартавала чарговая выбарчая кампанія ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Будзе выбраны новы склад дэпутатаў раённага Савета. Але не зменіцца іх сфера дзейнасці — клапаціцца пра якасць жыцця нашых жабінкаўцаў.
Сяргей МАРТЫСЮК,  старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў.

На здымку: заўжды ёсць што абмеркаваць старшыні раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюку і дэпутатам райсавета С.М.Янусік і Г.С.Акуліч.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top