Афганістан: наша памяць і боль

Афганістан: наша памяць і боль

IMG_7280  Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 25-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана Жабінкаўшчына адзначыла своеасабліва. Напачатку ля помніка воінам-афганцам адбыўся мітынг, затым у кінатэатры “Юбілейны” прайшла сустрэча тых, хто мае прамыя адносіны да гераічнай і трагічнай вайны, з юным пакаленнем горада, а завяршыліся мерапрыемствы, згодна з даўняй традыцыяй, наведваннем магілаў воінаў, якія загінулі на афганскай зямлі, і ўскладаннем кветак да помнікаў. IMG_7284
Многія гады да помніка воінам-афганцам у Жабінцы 15 лютага ўскладаліся кветкі. Сёлета, у мінулую пятніцу тут адбыўся мітынг. На гэты раз аддаць даніну павагі і памяці землякам, якія да канца выканалі свой грамадзянскі абавязак, прыйшлі іх аднапалчане, жонкі, дзеці і ўнукі, прадстаўнікі працоўных калектываў, кіраўнікі выканаўчай і распарадчай уладаў. Мітынг адкрыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Васільевіч Мартысюк.
“Адпраўляючы салдат і афіцэраў у чужую азіяцкую краіну, ніхто не ведаў, што іх чакае, — гаварыў на жалобным мітынгу старшыня райвыканкама Фёдар Фёдаравіч Каланчук. — Але нашы воіны захавалі вернасць прысязе і выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак да канца. Усім нам, старэйшаму і зусім юнаму пакаленню, трэба ведаць і памятаць праўду аб удзеле Савецкага Саюза ў афганскіх падзеях, каб не паўтараць памылак, каб выхоўваць моладзь на прыкладах мужнасці, гераізму, якія праяўлялі зусім маладыя хлопцы ў барацьбе з душманамі. На іх плечы была ўскладзена не па сіле ноша, але яны з гонарам і дастойна выканалі інтэрнацыянальны абавязак перад Радзімай”.
Ад імя воінаў-афганцаў выступіў Уладзімір Мікалаевіч Лукічоў. Ён, у прыватнасці, сказаў: “Прайшло чвэрць веку з дня вываду войскаў, а здаецца, было гэта ўчора. Гавораць, што мы прайгралі тую вайну. Не, яе прайгралі палітыкі, а мы, простыя воіны, з гонарам выканалі свой абавязак. Але Афган не прайшоў бясследна для салдат. Шкада, што ўжо ў мірны час пайшлі з жыцця 11 воінаў-афганцаў, шкада, што не дажываюць да пенсійнага ўзросту. Кожны з нас павінен выхоўваць у маладога пакалення такія пачуцці, як міласэрнасць, сяброўскае братэрства, патрыятызм, адданасць Радзіме”.
Ускладаннем кветак і хвілінай маўчання ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць воінаў афганскіх падзей.
“Вайна, якая была даўжэйшаю ў два разы за Вялікую Айчынную, у якой скупіліся на ордэны, сніцца яе ўдзельнікам неймаверна трагічнымі эпізодамі”, — такімі словамі пачалася сустрэча “Афганістан: наша памяць і боль”, месцам правядзення якой быў кінатэатр “Юбілейны”.
Пра гэта нагадвалі і слайды, што паказваліся на экране. У памяці ўсіх, хто завітаў на сустрэчу, яны ўваскрашалі такія эпізоды як увод савецкіх войскаў, жыццё афганцаў, палац Аміна, іншыя, пакуль вядучыя расказвалі пра храналогію падзей, што папярэднічалі жудаснай вайне. Дарэчы, больш пяці тысяч нараджэнцаў Брэстчыны ў розныя гады праходзілі службу ў Афганістане. Нямала было іх і з нашага раёна. У гэты дзень воіны-інтэрнацыяналісты Уладзімір Мікалаевіч Лукічоў, Аляксандр Яўгенавіч Мендзяльчук, Васіль Іосіфавіч Наруш, Мікалай Мікалаевіч Сідзякоў і Вячаслаў Віктаравіч Сыч з рук старшыні райвыканкама Ф.Ф.Каланчука, які таксама два гады служыў у Афганістане, атрымалі Ганаровыя граматы за актыўны ўдзел у рабоце раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.

IMG_7352У лёсе кожнага з воінаў-інтэрнацыяналістаў вайна пакінула свой адбітак, многія з іх так і не змаглі пераадолець комплекс вайны, іншыя не могуць выкрасліць з памяці загінулых сяброў… Успамінамі аб далёкіх гадах службы на чужбіне падзяліўся старшыня савета раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Вяціслававіч Яўстратаў. “Для кожнага салдата гады службы назаўсёды застаюцца ў памяці. Нехта ўспамінае сяброў, з якімі дзяліў паёк, іншы прыроду ці нязвыклы для нас уклад жыцця. Сёння, у дзень жалобы і смутку, асабіста я ўспамінаю самае найлепшае, што было за два гады службы ў дэсанце. Я вадзіў калоны з гаручым. Дык вось з майго ўзвода ўсе воіны вярнуліся здаровымі ў бацькоўскі дом”, — сказаў А.В.Яўстратаў.
“Чорным, злым крылом стукнулі” пахаванкі ў вокны жабінкаўцаў. Колькі слёз праліта па мужах, сынах, братах! Паводле статыстыкі, у Афганістане кожны дзень гінулі чатыры чалавекі. Не вярнуліся дадому і нашы землякі — яфрэйтар Валерый Мігель, старшы лейтэнант Васіль Дудар, прапаршчык Мікалай Мароз. “Маналог пілота чорнага цюльпана” А.Разенбаўма ў запісе, дакументальныя кадры, відэаўспаміны ўдзельнікаў баёў, расказ вядучых пра апошнія моманты з жыцця загінулых землякоў-афганцаў вярнулі нас у мінулае трыццацігадовай даўніны, расказалі пра жорсткасць вайны, гераізм і мужнасць юнакоў.
Удава Лідзія Сцяпанаўна Мароз і мама сына, які не вярнуўся з вайны, Надзея Андрэеўна Мігель атрымалі падарункі і кветкі ад Беларускага фонду міру, якія ўручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Васільевіч Мартысюк.
Песні ў выкананні А.Рыб’якова і М.Новіка, вершы, якія прачытаў В.Фядотаў, поўны спіс воінаў-афганцаў на экране і фотаздымкі некаторых, зноў і зноў прымушаюць удзельнікаў сустрэчы пражыць той час, калі над галовамі маладых людзей штодня раздаваўся свіст куль, побач рваліся міны і гранаты, але яны дастойна пайшлі з гэтай зямлі і маюць права на ўспаміны аб сваім баявым мінулым.
Сустрэча ўспамінаў, якую падрыхтавалі работнікі раённай бібліятэкі, і, вядома, пры дапамозе саміх удзельнікаў Афгана не пакінула абыякавым ніводнага, хто прыйшоў у кінатэатр “Юбілейны”.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top