Адно імя з’яднала іх

Адно імя з’яднала іх

сканирование000814 лютага — Дзень закаханых. Менавіта ў гэты дзень закаханыя многіх краін свету віншуюць адзін аднаго валянцінкамі — маленькімі паштоўкамі ў выглядзе сэрцайкаў, дараць кветкі, падарункі, рыхтуюць сюрпрызы і… зноў, і зноў прызнаюцца ў каханні. Напярэдадні свята я пацікавілася ў аддзеле загс, ці ёсць у нашым раёне сем’і, у якіх і муж, і жонка Валянціны? Як жывецца ім? Ці шчаслівы такі саюз? Знайшлі такую сям’ю, але аб усім па парадку…

Валянціна

Малая радзіма Валянціны Уладзіміраўны Омесь (у дзявоцтве Палто) вёска Моталь, што ў Іванаўскім раёне — край, які здаўна славіўся сваімі кажухамі і хусткамі. Цяпер тут праводзіцца фестываль “Мотальскія прысмакі”, шматлікія госці з’язджаюцца сюды, каб паспрабаваць каўбасы, рулеты, іншую смакату мясцовых гаспадынь і ўдзельнікаў свята.
…Расла дзяўчына ў вялікай працавітай сям’і разам з братамі Аляксандрам, Мікалаем, Паўлам і сястрой Нінай. Яна была самай малодшай. Менавіта старэйшы брат Саша даў сваёй сястрычцы моднае на той час імя Валянціна. Бацькі Уладзімір Кузьміч і Аляксандра Аляксандраўна з раніцы да вечара шчыравалі ў калгасе “40 гадоў Кастрычніка”, дзеці былі першымі памочнікамі і ў хаце, і ў гаспадарцы.
Калі Валя заканчвала восьмы клас, вырашыла далейшую вучобу прадоўжыць у Пружанскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Дзяўчына выбрала спецыяльнасць агранома. Вучылася паспяхова, пасля размеркавання трапіла на Жабінкаўшчыну: прыйшла маладым спецыялістам у калгас імя Чапаева (цяпер СВК “Вазнясенскі”). Жыла ў Агародніках. Тут сустрэла новых сяброў, з якімі хадзіла ў клуб на танцы і ў кіно (самай блізкай стала бухгалтар гаспадаркі Вольга Шчаноўская). Сустрэла тут і сваё каханне: статны, прыгожы хлопец Валерый Омесь толькі што прыйшоў з арміі. Многія дзяўчаты марылі пакружыцца з ім у вальсе, пастаяць ля веснічак, але ён выбраў Валянціну.

Валерый

Ён быў старэйшым з трох сыноў Сцяпана Сцяпанавіча і Настассі Раманаўны Омесяў. Бацька назваў сына ў гонар знакамітага лётчыка Валерыя Чкалава. Але гэтае імя застанецца афіцыйным і будзе запісана спачатку ў пасведчанні аб нараджэнні, потым у пашпарце. Для родных і блізкіх, калегаў Валерый Омесь будзе Валянцінам, або проста Валікам — так калісьці яшчэ ў дзяцінстве яго стала называць бабуля Ганна. Гэтае імя стане другім для Валерыя, асноўным.
Браты Омесі — Валерый, Леанід і Сцяпан — змалку былі прывучаны да работы, не цураліся ніякай працы, умелі ўсё. Старэйшы Валера цягнуўся да тэхнікі. Пасля службы ў арміі пайшоў у калгас. Спачатку працаваў на трактары, потым быў шафёрам. Калі ў Агародніках з’явілася маладая дзяўчына-аграном, хлопец адразу звярнуў на яе ўвагу: адказная ў рабоце, сціплая і… вельмі прыгожая.
Валера і Валя пачалі сустракацца, праз некаторы час вырашылі ажаніцца. Вяселле згулялі 29 лютага 1976 года.

Шчаслівыя сумесныя гады

Омесі прынялі нявестку як родную дачку, разам пражылі паўгода. Потым маладая сям’я атрымала ад калгаса кватэру ў Вежках, а яшчэ праз паўгода ў Валерыя і Валянціны нарадзіўся першынец. Прыгожае імя прыдумала сыну ў раддоме маладая мама: Аляксандр — у гонар матулі, дзядулі, старэйшага брата. Але Валерый запісаў сына інакш, зрабіўшы жонцы сапраўдны сюрпрыз. Ідучы на рэгістрацыю, ён разважаў: “Усё жыццё я не Валера, а Валік. Няхай жа сын выправіць гэтую недарэчнасць і блытаніну і будзе паўнапраўным Валянцінам”. Так з’явіўся ў Омесяў яшчэ адзін Валік, а праз паўтара года нарадзілася дачка Галіна.
У 1989 годзе сям’я пераязджае ў Малыя Якаўчыцы — атрымлівае новы дом. Растуць дзеці, добра вучацца, дапамагаюць у гаспадарцы: даглядаюць жыўнасць, працуюць на сваіх і калгасных палетках. Заўсёды стараліся Валерый Сцяпанавіч і Валянціна Уладзіміраўна выхоўваць сына і дачку ў працы і любові. Цяпер ужо і яны бацькі, у іх свае сем’і. Валянцін жыве ў Жабінцы, мае дачушку Настачку, Галіна — у Брэсце, у яе расце сын Андрэйка.
Усё жыццё Валянціны Уладзіміраўны звязана з калгасам, спачатку была аграномам, пасля перакваліфіка-цыі — пчаляром, адсюль і на пенсію пайшла. Каб не сумаваць дома, цяпер працуе ў “Ахове” падатковай інспекцыі. Жанчына прызнаецца, што Жабінкаўшчына стала для яе другой радзімай.
Валерый Сцяпанавіч з пачатку 2000-ых займае ў калгасе пасаду інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка. На пенсію толькі праз год.
38 гадоў пражылі яны разам. “Лічу, што наша сумеснае жыццё шчаслівае, — кажа Валянціна Уладзіміраўна. — На шляху сустракалі толькі добрых людзей, стараліся з усімі жыць мірна, нікога не пакрыўдзіць. Заўважыла, што Валянціны – мэтанакіраваныя людзі, так і мы, што задумвалі, стараліся дасягнуць. За дзяцей сваіх не сорам-на — атрымалі адукацыю, працуюць, у калектывах на добрым уліку. Вось, слава Богу, і ўнукаў маем – цяпер ужо яны наша радасць і надзея”.
Безумоўна, Валянціна і Валерый Омесі ведаюць пра лютаўскае свята закаханых, але лічаць, што прызнавацца адзін аднаму ў пачуццях і рыхтаваць сюрпрызы патрэбна не толькі ў гэты дзень. Кахан-не — штодзённая праца, і пацвярджаць яго лепш справамі і ўчынкамі на працягу ўсяго сумеснага жыцця.
Валянціна Уладзіміраўна, Валерый Сцяпанавіч, няхай жа і надалей застаюцца з вамі побач узаемаразуменне, згода і каханне!
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: Валянціна Уладзіміраўна і Валерый Сцяпанавіч на фестывалі “Мотальскія прысмакі”.
Фота з сямейнага архіва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top