Untitled-13

Названы лепшыя

Падведзены вынікі спаборніцтва ў арганізацыі закупу малака з асабістых падворкаў насельніцтва за мінулы год. Сярод гаспадарак лепшымі названы СВК “Хмелева”, “Вазнясенскі” і “Маціевічы”.
Сярод малаказдатчыкаў першае месца ў Тамары Кузьміч з СВК “Хмелева” (6627 кг), другое падзялілі Іван Шлык і Ядвіга Кунашка з СВК “Хмелева” (5787 кг і 5711 кг адпаведна), а трэцяе — у Марыі Ласкевіч з СВК “Маціевічы” (4868 кг), Андрэя Каракіна і Сцяпана Хоміча з СВК “Арэпічы” (4759 і 4553 кг малака).
Сярод лепшых малаказборшчыкаў адзначаны Андрэй Пясецкі з СВК “Хмелева”, Ларыса Грышчук з СВК “Вазнясенскі”, Алена Сарока з СВК “Арэпічы” і Святлана Захарчук з СВК “Маціевічы”.

Вярнуліся з узнагародамі

8 лютага ў Камянцы прайшла абласная навукова-практычная канферэнцыя “З навукай у будучыню”. Сярод пераможцаў — вучні навучальных устаноў нашага раёна. Дыпломам ІІ ступені адзначана праца “Цуды з цукру” вучаніцы 4-га класа сярэдняй школы №3 г.Жабінка Аляксандры Нагар, ІІІ ступені — работы “Асаблівасці архітэктуры драўляных храмаў Жабінкаўшчыны” дзевяцікласніцы першай гарадской адзінаццацігодкі Веранікі Маркоўскай і “Бурштын Жабінкаўшчыны: мара і рэальнасць” выпускніцы сярэдняй школы №2 Марыі Дудар. Пахвальны водгук за даследаванне “Супадзенні ў назвах футбольных каманд Еўропы і гарадоў, дзе яны былі заснаваны” прывёз адзінаццацікласнік гарадскога ліцэя Аляксандр Юхімук.

Штабная трэніроўка

У адпаведнасці з планам падрыхтоўкі органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны на 2014 год, у студзені пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Ф.Ф.Каланчука праводзілася штабная трэніроўка ў кіраванні фарміраваннем штаба раёна тэрытарыяльнай абароны. Удзел у ёй прынялі ваенны камісар ваеннага камісарыята Брэсцкай вобласці палкоўнік Я.С.Зайцаў і галоўны спецыяліст аддзела па пытаннях абароны і праваахоўных органаў аблвыканкама К.К.Кудрашоў, а таксама службовыя асобы райвыканкама, РВК, РАУС, РАНС, якія ўваходзяць у склад савета абароны і аператыўнай групы Жабінкаўскага раёна тэрытарыяльнай абароны. У ходзе трэніроўкі былі адпрацаваны пытанні арганізацыі фарміравання тэрытарыяльных войскаў. Мэты заняткаў дасягнуты.

Наперадзе — першынство Беларусі

Як паведаміла намеснік дырэктара ВСУ “СДЮШАР Жабінкаўскага раёна” Ірына Сарока, для баксёраў школы новы год пачаўся новымі паядынкамі і перамогамі. У канцы студзеня ў Магілёве адбыўся пяты Міжнародны турнір у боксе сярод моладзі, дзе прымаў удзел выхаванец трэнера-выкладчыка Юрыя Мікалаевіча Аўчыннікава — кандыдат у майстры спорту Раман Ліхван у вагавай катэгорыі да 60 кг. У выніку ён перамог суайчынніка з Магілёва і спартсмена з Украіны і заняў трэцяе прызавое месца. Трэба адзначыць, што гэтыя спаборніцтвы сталі падрыхтоўкай да моладзевага першынства Беларусі, якое пройдзе ў сакавіку ў Гомелі.

Сталі чытачамі

10 лютага ў раённай дзіцячай бібліятэцы прайшла тэатралізаваная экскурсія “Новы чытач завітаў да нас” для вучняў першых класаў сярэдняй школы №1 г.Жабінка. 70 цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак папоўнілі шэрагі юных чытачоў дзіцячай бібліятэкі. Пад час мерапрыемства маленькія госці змаглі паўдзельнічаць у вясёлых пазнаваўчых конкурсах, якія правялі для іх бібліятэкары: вядучая Таццяна Іванаўна Прадзялюк і казачная Баба Яга, ролю якой таленавіта выканала Марына Паўлаўна Кавыліна. Пасля конкурсаў дзеці пазнаёміліся з чытальнай залай бібліятэкі і змаглі ўзяць на абанеменце любімыя творы.

Патрапіў пад колы “Мазды”

У апошні студзеньскі ранак на скрыжаванні вуліц Міру і Кобрынская райцэнтра адбылося ДТЗ. 46-гадовы жыхар Жабінкі пераходзіў праз праезную частку дарогі ў нявызначаным для гэтага месцы і патрапіў пад колы “Мазды-6”. Аўтамабілем кіравала жанчына. Пешаход быў дастаўлены ў бальніцу з двайным пераломам нагі. Гэта першае дарожна-транспартнае здарэнне ў раёне, у выніку якога пацярпеў чалавек.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top