Абпаленае порахам жыццё

Абпаленае порахам жыццё

IMG_5385 копияСёння чвэрць веку, як савецкія войскі былі выведзены з Афганістана. За 10 гадоў вайны ў гэтай краіне яе дарогамі прайшло не менш трох мільёнаў чалавек, з іх 800 тысяч удзельнічалі ў баявых дзеяннях. Як на кожнай вайне, былі забітыя і параненыя, некаторыя падарваліся на мінах, іншыя прапалі без вестак. Жабінкаўшчына таксама не далічылася сваіх чатырох сыноў, якія пайшлі змагацца з ворагам на чужую зямлю. На радасць бацькам, жонкам і дзецям, каханым астатнія вярнуліся да роднага парога.

Напярэдадні даты — вываду войскаў з Афганістана — сустрэліся з тымі воінамі, якія ў 1980-ых гадах ваявалі ў гэтай краіне.
Сяргей Уладзіміравіч Касянчук і Аляксандр Яўгенавіч Мендзяльчук (на здымку) не аднагодкі і не адной нацыянальнасці, а вось тэрміновую вайсковую службу праходзілі на афганскіх палях бітваў, і цяпер абодва працуюць аператарамі дэфектаскопнай цялежкі дыстанцыі пуці.
25 гадоў аддзяляюць маіх суразмоўцаў ад страшнай вайны, у якой, як часта гавораць салдаты-афганцы, “мы ганяліся за “духамі”, а яны за намі”. Многім з іх тады было 18-20 гадоў, зброю бралі ў рукі ўпершыню, але паказвалі бясстрашша, баявое ўменне, адвагу. Перш чым ступіць на афганскую зямлю Сяргей Касянчук і Аляксандр Мендзяльчук прайшлі “вучэбку”, праўда, у розных месцах — адзін у Валгаградскай вобласці, другі ва Узбекістане. А потым іх сустракала прырода, зусім не падобная на родную; бядотнае жыццё горцаў і качэўнікаў; пыл, які часам сам па сабе ўзнімаўся і вісеў у паветры; глінянае, паўразбуранае жыллё і, канечне, выбухі мін, гранат, бесперапынны свінцовы дождж над каменным уступам, пад які схаваешся.
— Два гады адслужыў у Афганістане, — расказваў А.Я.Мендзяльчук. — Гэта быў 149-ы мотастралковы полк 201-ай дывізіі, што знаходзілася ў Кундузе, а штаб размяшчаўся ў Баглане. Удзельнічалі ў многіх аперацыях па знішчэнні бандыцкіх фарміраванняў, у якіх было ад 500 да 3-4 тысяч чалавек. Вызвалялі ад басмачоў правінцыі Гардэз, Джалалабад, Кабул. У 1988 годзе быў узнагаро-джаны медалём “За баявыя заслугі”, які атрымаў за разгром душманскай банды, што спрабавала прарвацца праз размяшчэнне нашага палка. Даверу да афганцаў асаблівага не было: сёння ён мог табе шчыра ўсміхацца, а назаўтра — выстраліць у спіну. Большасць з іх лічыла нас “захопнікамі”.
“Побач з намі размяшчалася верталётная база, якую часта абстрэльвалі талібы, таму і нам даставалася. А жылі мы ў фанерных бараках, якія хутка складваліся”, — з сумам у вачах заўважыў Аляксандр.
Зямля наша круглая, і вельмі добра. Як радасна, калі на чужыне сустрэнеш земляка! На той вайне для жабінкаўца ім быў кожны беларус, таму што побач служылі юнакі з 15 саюзных рэспублік. Беларусаў было мала. Усіх іх ён успамінае з цеплынёй, асабліва начальніка штаба нараджэнца Магілёўскай вобласці Аляксандра Аркадзьевіча Маціевіча, жабінкаўца Мікалая Сідзякова, пружанца Мікалая Кудраўца. На жаль, апошні падарваўся на міне, але хлопцы пасябравалі яшчэ ў вучэбцы, дзе іх ганялі да сёмага поту з ранку да ночы. Шкада, што сяброўства абарвалася жорстка і сурова.
Калі раз’ехаліся са службы-вайны, Аляксандр пэўны час падтрымліваў сувязі з братамі-блізнятамі Сяргеем і Уладзімірам Токаравымі (мама іх па нацыянальнасці ўзбечка, а тата — рускі). Нягледзячы на суровую службу, гэтыя хлопцы мэтанакіравана займаліся спортам, захапляліся музыкай, спявалі пад гітару. Гэта на нейкі час дапамагала салдатам забыцца, што ты на вайне, у памяці ўсплывалі родныя мясціны, мілыя вобразы бацькоў, каханых, малюнкі бесклапотнага дзяцінства і ранняга юнацтва.
— Вядома, кожнаму хацелася вярнуцца на радзіму як найхутчэй, здаровым, не параненым, — гаворыць Аляксандр Мендзяльчук. — Мне пашчасціла, закончыў службу ў 1988 годзе. Яшчэ доўга ў памяці былі мае саслужыўцы, што заставаліся на афганскай зямлі. У галаве пастаянна былі думкі: як яны там, ці ўсе жывыя. Калі даляцела інфармацыя з экранаў тэлевізараў аб вывадзе войскаў, вядома, абрадаваўся, што перастануць гінуць маладыя людзі і ліцца слёзы маці і ўдоваў.
Сяргей Уладзіміравіч Касянчук на службу прызываўся Ратненскім ваенным камісарыятам. За плячамі юнака-ўкраінца была школа і вучоба ў Аршанскім чыгуначным тэхнікуме.
— Трапіў я на службу ў Кабул, у полк сувязі, быў радавым, — успамінаў С.У.Касянчук. — У адрозненне ад Аляксандра жылі ў палатках, служыў у роце аховы. Каго ахоўвалі? Размяшчэнне часці, салдаты якой пракладвалі сувязь. З-за дрэнных санітарна-гігіенічных нормаў спадарожнікамі воінаў былі інфекцыйныя хваробы. Неаднойчы кулі праляталі, здавалася, ля самай скроні. І напаткала, але не куля, а асколкі і, дзякаваць Богу не смяротныя…
У рэспубліцы, дзе служылі савецкія салдаты, як патлумачыў Сяргей Касянчук, пачала стварацца афганская народная армія. Дык вось з яе воінамі трэба было наладжваць сяброўскія адносіны. Уваходзілі туды ў асноўным лётчыкі-афганцы, якія вучыліся ў Маскве. Збіраліся дзве каманды і гулялі ў валейбол ці футбол. Аднойчы ў час такой сустрэчы, калі рота, у тым ліку і Сяргей Касянчук, ахоўвала гульцоў у футбол, на полі адбыўся выбух. Сяргея параніла, і яго накіравалі ў шпіталь, дзе ён лячыўся два месяцы — спачатку ў Ташкенце, потым — у Чырчыку. Пасля выздараўлення параненым даваўся адпачынак. А так як тэрміновая служба падыходзіла да завяршэння, ён больш не ваяваў з талібамі ў гарах Афганістана.
Як склаўся далейшы лёс гэтых воінаў афганскай вайны? Суровыя, абпаленыя порахам гады іх жыцця не зламалі маладых лю-дзей. У абодвух ёсць сем’і, дзеці, праца, якую яны выконваюць умела, сумленна. Сяргей Уладзіміравіч Касянчук, напрыклад, пэўны час працаваў слесарам на цукровым заводзе, потым быў саставіцелем цягнікоў на станцыі Жабінка, а цяпер аператар-дэфектаскапіст сёмага разраду. Ёсць у яго праблема — як выкупіць аднапакаёвую кватэру, што ацэнена ў некалькі дзясяткаў мільёнаў. Тым болей, што большасць ільгот адменена.
Аляксандр Яўгенавіч Мендзяльчук мірную працу пачынаў у калгасе “Усход” (цяпер СВК “Шпіталі”) брыгадзірам, у яго быў дыплом агранома Пружанскага саўгас-тэхнікума. Апошнія 11 гадоў працуе аператарам дэфектаскопнай цялежкі. Мае трох сыноў, старэйшы Сяргей ужо сам зарабляе грошы, працуе на “Санце”, сярэдні Рома вучыцца ў Брэсцкім політэхнічным каледжы, найменшы Дзяніс шасцікласнік. Гаспадыня гэтай дружнай сям’і працуе поварам у “Кароне”.
Ёсць, вядома, і ў іх праблемы, якія стараюцца вырашаць агулам дружна.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top