М.У.Бортнік: “Працаваць на перспектыву”

DSC09698 У дзень нашага прыезду над торфапрадпрыемствам “Гатча-Осаўскае” ў марознае неба ўзнімалася пара. Калі завод працуе, значыць, яго прадукцыя камусьці патрэбная. Пра няпростыя будні калектыву брыкетчыкаў з нагоды юбілею размова з яго дырэктарам Мікалаем Уладзіміравічам Бортнікам.
— Згодна з рашэннем Савета Міністраў БССР, будаўніцтва завода пачалося ў 1965 годзе. Першую прадукцыю выпусцілі 1 студзеня 1969 года, а 7 лютага, пасля пуска-наладачных работ “Гатча-Осаўскі” пачаў сваю стабільную працу. Асноўнае прызначэнне яго — забяспечыць палівам насельніцтва і арганізацыі — школы, установы аховы здароўя, культуры, а таксама пастаўкі торфу сельскагаспадарчым арганізацыям. За 45 гадоў мы выпусцілі і рэалізавалі без малога 4 мільёны тон паліва. Наша прадукцыя пастаўляецца спажыўцам васьмі раёнаў Брэсцкай вобласці.
Каб павялічыць прадукцыйнасць працы і павысіць якасць прадукцыі, на працягу мінулых гадоў мадэрнізавалася тэхналагічнае абсталяванне. Максімальная вытворчасць торфабрыкетаў была ў 1988 годзе: іх было выпушчана каля 83 тысяч тон пры праектнай магутнасці 60 тысяч. Тады ж апрабавалі тэхналогію вытворчасці торфа-вугальных брыкетаў. Памятны і 1987 год, калі дасягнулі рэкорднай здабычы фрэзернага торфу — больш чым 310 тысяч тон.
Калі гаварыць пра мадэрнізацыю ў апошнія гады, дык варта адзначыць, што зрабілі шмат. Так, аднавілі машынна-трактарны парк: цяпер усе трактары на калёсным, а не гусенічным ходзе, абнавілі чатыры брыкетныя прэсы. Адна з сур’ёзных праблем — рэканструкцыя кацельні. Наша прадпрыемства ўключана ў рэспубліканскую праграму пераводу катлоў на мясцовыя віды паліва. З бюджэту рэспублікі чакаем фінансавання ў 25 мільярдаў рублёў, таксама спадзяемся на дапамогу інавацыйнага фонду галіновых аб’яднання і міністэрства. Зразумела, перавесці кацельню з “блакітнага” паліва на торф — гэта крок назад, у мінулае, аднак, гэтая мера дапаможа істотна знізіць сабекошт выпускаемых брыкетаў. Сёння 33% ад кошту прадукцыі ідзе на пагашэнне аплаты за газ. Калі зрабіць пераразлік у рублях, дык атрымаецца, што тона брыкету каштуе 520 тысяч, з іх 130-150 тысяч рублёў накруткі за “блакітнае” паліва.
— Ваша прадпрыемства на хвалі рынку 45 гадоў. А тарфяныя радовішчы не бязмежныя. Ці хапае сыравіны заводу? Як вядуцца распрацоўкі новых тарфяных пляцовак?
— Зразумела — працаваць трэба на перспектыву. Аднак атрымаць новую пляцоўку не так проста. Маем віды на 134-гектарны ўчастак Гайкоўка, што ў Кобрынскім раёне, з запасамі 350-400 тысяч тон фрэзернага торфу пры ўмоўнай вільготнасці. Аднак, нам двойчы адмаўлялі ў яго адводзе. Наш зварот накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і гэтае пытанне, спа-дзяюся, вырашыцца станоўча. Таксама рыхтуемся распрацоўваць торфамасіў Завіднюка ў Пружанскім раёне ля вёскі Козій Брод. Правялі даследаванні на гэтым участку. Згодна з імі, мы смела зможам працаваць там яшчэ 10 -12 гадоў. Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на ўчастак у 34 гектары за вёскай Мышчыцы недалёка ад завода з запасамі торфу ў 70 тысяч тон. Самы “апетытны” і перспектыўны “кавалачак” — урочышча Гай, што ў Пружанскім раёне, дзе запасаў торфу нам хопіць на бліжэйшыя 35-40 гадоў. З Кобрынскага раёна сыравіну будзем дастаўляць вагонамі па вузкакалейцы, а з Пружанскага — аўтатранспартам. Так што зачыняць нас яшчэ рана. Спадзяемся адсвяткаваць яшчэ не адзін юбілей!
DSC09664(1)— Як спрацаваў завод летась? Вас, як кіраўніка, што задавальняе, а што засмучае?
— Мінулы год для нас, на жаль, зусім не паказальны. Магутнасці завода дазваляюць выпусціць 70 тысяч тон прадукцыі за год. Калі ў 2012 годзе мы “выдалі” 74 тысячы тон, то летась — толькі 57 тысяч. І праблема не ў магутнасцях вытворчасці, а ў магчымасці рэалізацыі. Параўнайце: у 2012 годзе мы паставілі ў Польшчу брыкетаў амаль на мільён долараў, а летась толькі на 29 тысяч. У мінулым годзе былі заключаны кантракты з замежнымі спажыўцамі на 28 і 10 тысяч тон брыкетаў, аднак яны засталіся нерэалізаваныя.DSC09705 Чаму?  У Еўрасаюзе летась было прынята рашэнне на выкарыстанне аднаўляемых крыніц паліва — гэта драўніна, салома і г.д. На жаль, торф у гэты спіс не ўключаны, стаў не запатрабаваным. Таму летась мы планавалі выпусціць 64 тысячы тон брыкетаў, а вырабілі толькі 57 тысяч — столькі, колькі змаглі рэалізаваць. І прычыны тут розныя. Мякчэе клімат, зніжаецца патрэба ў паліве, прычым, спажыўцы так прызвычаіліся да гэтага, што пачынаюць турбавацца толькі тады, калі прыціскаюць маразы. Усё большае колькасць газіфікаваных прыватных дамоў — таксама прычына змяншэння попыту на цвёрдае паліва. Як выйсце з такой сітуацыі — пошукі рынкаў збыту ў Польшчы, Чэхіі, Літве. Аднак, як я ўжо называў прычыну раней, пастаўкі ў гэтыя краіны спыніліся.
Нельга сказаць, што выпускаем непатрэбную прадукцыю. Такая праблема стаіць не толькі перад нашым “Гатча-Осаўскім”, а перад усімі пяццю торфаздабываючымі прадпрыемствамі вобласці. Усе разам мы выпускаем 310 тысяч тон паліва, а спажыўцам Брэстчыны патрэбна толькі 229-230 тысяч тон. Наш завод крыху прадукцыі прадае ў Полацк, Магілёў, Мсціслаўль. Вядома, можам вырабляць значна больш паліва, аднак каму прадаваць?! За 45 гадоў работы прадпрыемства такога не было, каб на 1 студзеня на складзе быў запас у 1160 тон брыкету. Прадаём у сярэднім 200 тон у суткі, а трэба як мінімум 300, каб эканамічныя паказчыкі задавальнялі калектыў. Спрацавалі летась з невялікім прыбыткам, рэнтабельнасць склала 0,4%. Адсюль — нізкая сярэдняя зарплата: у “Гатча-Осаўскім” яна летась не дасягнула адзнакі ў 4 мільёны рублёў, таму і цякучка кадраў. У сувязі з гэтым сёлета плануем скараціць брыкетную вытворчасць, і з двух цэхаў застанецца працаваць толькі адзін. Яго магутнасцяў будзе дастаткова, каб забяспечыць палівам спажыўцоў.
— Ці была думка заняцца перапрацоўкай дадатковай сыравіны?
— Мы маглі б выкарыстоўваць дадатковую сыравіну ў спалучэнні з торфам: рапсавую салому, апілкі. Аднак браць яе ў колькасці, дастатковай для вытворчасці, пакуль што няма дзе. Самыя вялікія аб’ёмы апілак мы знайшлі ў Белавежскай пушчы, аднак іх хопіць усяго на суткі-двое работы. Такая ж сітуацыя і з саломай. Заманліва, аднак не для нашых магутнасцяў… Што тычыцца сапрапелю, дык сельгасвытворцы чамусьці не праяўляюць цікавасці да яго. Галоўнай, нязменнай сыравінай па-ранейшаму застаецца торф.
Гэта не тупік, проста нам трэба прызвычаіцца да ўмоў, якія склаліся ў рэспубліцы. Адчуваем сваю ролю ў забеспячэнні насельніцтва, арганізацый мясцовымі відамі паліва. Для гэтага крыху зменім тэхналогію, абновім кацельню, будзем і надалей працягваць здабычу торфу.
Гутарыла Святлана КІСЛАЯ.

На здымках: дырэктар Мікалай Уладзіміравіч Бортнік; пад час планёркі;  склад гатовай прадукцыі.

Фота аўтара.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*