Падтрымка ёсць — вынікі будуць

Падтрымка ёсць — вынікі будуць

Костромин1У аблвыканкаме адбылася сустрэча, на якой узнагародзілі вядучых спартсменаў і трэнераў Брэстчыны па выніках мінулага года.
Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар на сустрэчы з вядучымі трэнерамі і спартсменамі Брэстчыны адзначыў, што ў вобласці заўжды надаецца вялікая ўвага спорту, не стаў выключэннем і мінулы год. Летась на развіццё дадзенай сферы было накіравана каля 354 мільярдаў рублёў, 60 працэнтаў ад гэтай сумы выдаткаваў абласны бюджэт. Штогод спартыўныя арэны Брэстчыны становяцца сведкамі звыш 500 відовішчных баталій абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, а за апошнюю дзесяцігодку ў вобласці з’явілася каля 150 новенькіх фізкультурных аб’ектаў. Самыя свежыя з іх — стадыён па хакеі на траве ў Баранавічах, ФСК “Аквамарын” у Століне, сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Альшанах Столінскага раёна, пабудаваны, дарэчы, паводле спецыяльнага даручэння Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.
Немалаважным з’яўляецца і той факт, што летась упершыню за 10 гадоў берасцейскія спартсмены сталі першымі па выніках выступленняў у рэспубліканскіх спаборніцтвах “Алімпійскія дні моладзі”. З 58 медалёў, заваяваных атлетамі Брэстчыны ў розных спартыўных дысцыплінах летась, 10 — найвышэйшага гатунку.
— Вашы перамогі даюць падставы гаварыць аб краіне ў пазітыўным рэчышчы, – падкрэсліў Канстанцін Сумар. — Часам спартыўныя дасягненні з’яўляюцца нават больш дзейснымі, чым дзясяткі дыпламатычных перагавораў.
Старшыня аблвыканкама пажадаў маладым, але перспектыўным спартсменам усяго таго, што прынята жадаць у падобных выпадках: моцнага здароўя, каб яно не станавілася перашкодай на шляху да новых трафеяў, цярпення, бо толькі гэтая якасць дазваляе дамагацца патрэбных вынікаў, і шанцу, без якога не абыходзіцца, бадай, ніводзін чэмпіянат. А ў спорце значэнне маюць нават долі секунды.
Можна смела меркаваць, што ўсімі пералічанымі рысамі валодаюць якраз тыя, каго сёлета запрасілі на традыцыйны прыём да кіраўніка вобласці. Таленавітыя спартсмены і іх трэнеры за свае дасягненні атрымалі з рук Канстанціна Сумара граматы і каштоўныя падарункі ў выглядзе сярэбраных зліткаў. Наконт таго, чаму прыз выглядае менавіта так, а не інакш, губернатар пажартаваў: маўляў, сюрпрыз з намёкам, каб сёлетнія выступленні атлетаў прынеслі вобласці пабольш “жоўтага” металу.
За значны ўнёсак у раз-віццё спорту была таксама ўзнагароджана алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка. Яна ў сваю чаргу падзякавала за цёплы прыём, бо, як вядома, падобныя сустрэчы практыкуюцца далёка не ў кожным рэгіёне Беларусі. Таксама, як і падтрымка мясцовага кіраўніцтва — на Брэстчыне яна адчуваецца надзвычай моцна, а гэта ўжо пэўным чынам абавязвае і натхняе прадстаўнікоў вялікай спартыўнай сям’і працаваць на вынік.
Сярод узнагароджаных маладых спартсменаў ёсць жабінкавец — баксёр, прызёр чэмпіянату Еўропы ў гэтым відзе спорту Павел Кастрамін.
Маладыя спартсмены і іх трэнеры, акрамя таго, мелі ўнікальную магчымасць задаць кіраўніку вобласці найбольш хвалюючыя на сёння пытанні.
Тамара ВАСІЛЬКОВА.
На здымку: старшыня аблвыканкама К.А.Сумар уручае Ганаровую грамату баксёру Паўлу Кастраміну.
Фота Аляксея ГАНЧУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top