Вашы звароты — мае канструктыўныя дзеянні

Вашы звароты — мае канструктыўныя дзеянні

IMG_1885Паважаныя выбаршчыкі! Завяршыўся 2013 год, першы поўны год выканання маіх паўнамоцтваў у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Белавежскай выбарчай акругі №8. Напачатку яго я даваў справаздачу за непрацяглы, трохмесячны перыяд. Цяпер падагульню вынікі за ўвесь год сваёй працы, спынюся на ходзе выкання перадвыбарнай праграмы, рабоце Палаты прадстаўнікоў і тых яе органаў, у склад якіх я выбраны і ўваходжу.

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дэпутацкі корпус разгледзеў летась 119 законапраектаў (у тым ліку дэкрэты, ратыфікацыі). Пастаянная камісія па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, старшынёй якой я з’яўляюся, 10 законапраектаў. Акрамя таго, у Палаце прадстаўнікоў разгледжаны 1651 зварот грамадзян (пісьмовыя і вусныя), з якіх 186 паступіла ў Пастаянную камісію па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве. З выбарчай акругі разгледжана 108 зваротаў (пісьмовых і вусных), з іх 16 — калектыўных.
На працягу ўсяго года мы сустракаліся з вамі на правядзенні асабістых прыёмаў у райвыканкамах выбарчай акругі, у працоўных калектывах, дзе вы звярталіся да мяне з пытаннямі. Кожная з вашых заяў не заставалася без увагі і была разгледжана па сутнасці, у тым ліку і тыя, што прыходзілі па пошце, а таксама ў электронным выглядзе. З мэтай выяўлення парушэнняў заканадаўства па некаторых з іх праводзіліся службовыя праверкі з прыцягненнем вышэйстаячых арганізацый, органаў пракуратуры, упраўлення юстыцыі, раённых і абласных судоў. Згодна з вынікамі праверак некаторыя віноўныя асобы выяўлены і пакараны.
На шматлікія пастаўленыя вамі пытанні былі дадзены тлумачэнні ў ходзе правядзення асабістых прыёмаў, часам з удзелам спецыялістаў той альбо іншай галіны. Тлумачыліся адпаведныя Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Законы Рэспублікі Беларусь і іншыя акты заканадаўства. На падставе атрыманай інфармацыі гаварылася аб парадку далейшых дзеянняў для вырашэння вашых пытанняў у адпаведнасці з дзеючымі ўстаноўленымі законамі і іншымі нарматыўнымі прававымі актамі. У асноўным яны датычыліся жыллёвага, зямельнага заканадаўства, пенсійнага забеспячэння, выплат адначасовых дапамог і сацыяльнага забеспячэння.
Прывяду некаторыя прыклады вынікаў разгляду вашых зваротаў. Так, ухілены недаробкі ў месцы злучэння труб вадаводу квартала індывідуальнай жылой забудовы “Камсамольскі” ў г.Жабінка. Выкананы ў поўным аб’ёме работы ў пракладцы сетак водаправоду і каналізацыі з аднаўленнем дарожнага палатна па вул.Чыгуначная. Будаўніцтва сетак водазабеспячэння і гаспадарча-бытавой каналізацыі кварталаў “Камсамольскі” і “Коласаўскі” будзе працягвацца ў 2014 годзе. Па шматлікіх просьбах жыхароў Жабінкі прадоўжаны маршрут рэйсавага аўтобуса “Цукровы завод — Вакзал” да прыпынку “Бальніца”. Абсталяваны прыпыначны пункт па вул.Дачная, і цяпер гарадскі аўтобус маршруту “Вакзал — Здзітава” рухаецца цераз прыпынак “Дачная”. Па выніках разгляду калектыўнага звароту жыхароў пад’езда №4, дома 10, вул.Цэнтральная, выкананы бягучы рамонт даху над гэтым пад’ездам, а таксама прымыканняў яго да водасцёкавых варонак, добраўпарадкаваны пад’езд.
Станоўча вырашаны звароты жыхароў Маларыты і раёна. Адноўлены агароджванні на даху і заменены вокны на ПВХ у месцах грамадскага карыстання ў доме №9 на вул.Савецкая. У поўным аб’ёме завершана асфальтаванне дваровай тэрыторыі дома №66/1 па той жа вуліцы. У мэтах папярэджання дарожна-транспартных здарэнняў і бяспекі руху ў в.Хаціслаў на вул.Леніна ўладкавана тратуарная дарожка. Будзе знойдзена магчымасць будаўніцтва водаправода па вул.Юбілейная ў в.Мельнікі.
Па выніках разгляду калектыўнага звароту жыхароў дома №5 з вуліцы Будаўнікоў у г.Высокае Камянецкага раёна за кошт сродкаў бягучага ўтрымання жыллёвага фонду часткова адрамантаваны аконныя пераплёты з іх умацаваннем, зашклёны рамы ў пад’ездах, адноўлены драўляныя агароджванні прыдамавой тэрыторыі. Хачу адзначыць, што старшынёй Брэсцкага аблвыканкама зацверджаны план мерапрыемстваў у развіцці г.Высокае на 2013-2016 гг., у які ўключаны вялікі пералік работ у добраўпарадкаванні горада ў сферах аховы здароўя, адукацыі, культуры, ЖКГ, грамадскага транспарту, паштовага абслугоўвання, гандлю, рамонту адміністрацыйна-грамадскіх будынкаў, мадэрнізацыі вытворчасці. На гэтыя мэты за 2013-2016 гг. будзе асвоена больш чым 169 млрд. руб., у тым ліку ў 2013г. — 23,5 млрд. руб., у 2014 г.
— 60,3 млрд. руб. Інфармацыя аб бліжэйшай перспектыве развіцця Камянца і раёна па просьбе грамадзян, якія прысутнічалі на адным з асабістых прыёмаў, якія я праводзіў, была апублікавана ў раённай газеце “Навіны Камянеччыны” 5 кастрычніка 2013г.
Кожны ваш зварот разглядаўся поўна і аб’ектыўна. Акрамя здавальняючага выніку калектыўных запытаў, адзначаецца немалая колькасць індывідуальных са станоўчым рашэннем пастаўленых у іх задач. Так, зроблены бесперашкодны праезд для абслугоўвання зямельнага ўчастка жыхаркі г.Жабінка, зманціравана вулічнае асвятленне ля яе дома, забяспечаны бульбай адзін з жабінкаўскіх пенсіянераў, ачышчаны і паглыблены ліўнёвы канал для водаадвядзення ад прысядзібнага ўчастка жыхаркі Маларыты, выраблены новы аконны блок лоджыі і зроблены яго мантаж аднаму з жыльцоў шматкватэрнага дома гэтага ж горада. Я прывёў толькі невялікую колькасць пытанняў, якія вырашаны станоўча.
Акрамя зваротаў, якія паступалі да мяне, як да дэпутата, трымаю на кантролі і тыя, што даваліся ў перыяд перадвыбарнай кампаніі ў час сустрэч у працоўных калектывах. Напрыклад, адрамантаваны пад’езд ад аўтадарогі Н-134 Жабінка-Матыкалы да в.Сакалова, шляхам падсыпкі пясчана-гравійнай сумессю заніжаных месцаў і прафіліравання. Цяпер яна знаходзіцца ў добрым тэхнічна спраўным стане і тут арганізаваны бяспечны рух транспарту і пешаходаў. Хачу адзначыць, што вырашаецца пытанне рамонту пуцеправода ў г.Жабінка. Па выніках правядзення перадпраектных работ было выяўлена, што неабходны не бягучы яго рамонт, як планавалася раней, а капітальны. На дадзены момант распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на гэты аб’ект. Выдзелена 95 млрд. руб. для завяршэння і здачы ў эксплуатацыю ў чацвёртым квартале 2014 года моста цераз Мухавец у Жабінцы. Праведзены прафіліраванне і ямачны рамонт прыроднай пясчана-гравійнай сумессю дарогі на вул.Чкалава ў аграгарадку Гвозніца Маларыцкага раёна працягласцю 0,7 км. Завершана ўладкаванне пляцоўкі для аўтамабіляў ля магазінаў “Прадукты” і “Прамтавары” ў аграгарадку Арэхава Маларыцкага раёна. Капітальна адрамантаваны дах жылога дома №4 на вул.Палеская ў в.Хаціслаў гэтага ж раёна. Поўнасцю завершана электразабеспячэнне вул.Палявая ў в.Кавалікі Камянецкага раёна. Зроблена прафіліроўка дарогі на вул.Горкага ў г.Камянец, адрамантавана пад’язная — да дома №17 на вул.Будаўнікоў у г.Высокае.
Ніводны зварот ад вас не застаецца не разгледжаным. Тыя з іх, якія цяпер не магчыма вырашыць станоўча, трымаю пад асабістым кантролем, бо не выключаю, што пастаўленыя вамі задачы ў будучым стануць вырашальнымі. У асноўным гэта датычыцца газіфікацыі і асфальтавання дарог.
У мінулай справаздачы я інфармаваў пра тое, што ў 2013 годзе плануецца завяршыць газіфікацыю аграгарадкоў Дзмітровіцкі і Камянюкскі Камянецкага раёна і Маціевіцкі — Жабінкаўскага. Гэта ўжо зроблена. Сёлета плануецца распрацаваць праектна-каштарысную дакументацыю на будаўніцтва падвадных газаправодаў да вёсак Сакі, Вежкі, Агароднікі і Крыўляны Жабінкаўскага раёна. Акрамя гэтага, у перспектыве на бягучы год намечана пабудаваць іх да в.Сцяпанкі (транзітам цераз в.Шпіталі), в.Сакалова Жабінкаўскага раёна і да в.Ланская Маларыцкага. Прадугледжана пракладка вулічных размеркавальных газаправодаў для забеспячэння “блакітным” палівам шэрагу жылых дамоў па вуліцах вёсак Чыжэўшчына, Вялікія Сяхновічы, Бусні, Федзькавічы, Булькова Жабінкаўскага раёна, Арэхава, Гусак, Макраны, Ляхаўцы, Чарняны Маларыцкага (у т.л. і г.Маларыта), Пелішча, Волчын, Пагранічная, Валковічы, аграгарадка Відамля і горада Высокае Камянецкага раёна.
У маёй ранейшай справаздачы ішла гаворка пра паляпшэнне пад’ездаў да Крыўлянскага аграгарадка Жабінкаўскага раёна, Ляхавецкага і Гвозніцкага — Маларыцкага, Хадасоўскага і Каленкавіцкага Камянецкага раёна. У мінулым годзе ў поўным аб’ёме завершана ўладкаванне асфальтабетоннага пакрыцця да аграгарадкоў Крыўляны, Ляхаўцы і Хадасы. Яны злучаны ўдасканаленым пакрыццём з раённымі цэнтрамі. Акрамя таго, заасфальтаваны ўчастак аўтадарогі — Арэпічы-Сцяпанкі-Сакалова-цукровы завод. У 2014 годзе плануецца зрабіць асфальта-бетоннае пакрыццё на 1,8 км дарогі Ківацічы — Мацясы — Агароднікі — Жабінка аб’екта “Пад’езд да в.Вежкі Жабінкаўскага раёна”. Разглядаюцца магчымыя варыянты асфальтавання пад’езду да агр. Вялікія Якаўчыцы па мясцовых дарогах цераз Багны, Маціевічы, Грыцэвічы і Новыя Дворы.
У 2013 годзе на пад’езд да агр.Гвозніцкі Маларыцкага раёна ўладкавана асфальтабетоннае пакрыццё на 3,2 км, а на астатніх 2,7 км плануецца зрабіць гэта сёлета. У перспектыве на бягучы год і завяршэнне рамонту ўчастка кальцавой дарогі вакол г.Маларыта, а таксама асфальтаванне 3,6 км дарогі Чарняны-Дарапяевічы ў накірунку в.Дарашэвічы (летась пакрыццё гэтай дарогі зроблена на 1,3 км). Асфальтабетоннае пакрыццё пад’езда да агр.Каленкавічы Камянецкага раёна зроблена на 1,335 км, астатнія 7,9 км таксама плануецца завяршыць сёлета. Намечана зрабіць асфальтабетоннае пакрыццё на
1 км і ўладкаванне тратуара на дарозе Высокае-Бардзоўка гэтага ж раёна.
Выкананы перадвыбарныя абяцанні будаўніцтва жылых шматкватэрных дамоў. Так, у 2013 годзе ў г.Жабінка ўведзены ў эксплуатацыю шматкватэрныя дамы ЖБСК-21 і ЖБСК-24, у г.Маларыта — ЖБСК-27, у Камянцы — ЖБСК-8 і ЖБСК-10, а таксама ў г.Высокае — ЖБСК-8. Дарэчы, апошні ніяк не ўводзіўся на працягу некалькіх гадоў. Сёлета плануецца здача шматкватэрных дамоў ЖБСК-25 у г.Жабінка, ЖБСК-28 у г.Маларыта і ў г.Камянцы — шматкватэрны дом паводле дзяржзаказу. Будуць пабудаваны кватэры сацыяльнага карыстання для асобаў катэгорый дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў: г.Жабінка —3, г.Маларыта — 2 (2014г.), г.Камянец — 2 (2015г.).
Шмат зроблена ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя (капітальны і бягучы рамонты, будаўніцтва і рэканструкцыя будынкаў, набыццё і рамонт абсталявання). У Жабінкаўскім раёне на гэтыя мэты летась зрасходавана 37,7 млрд. руб., у Маларыцкім — 37,9 млрд. руб., у Камянецкім — 61,6 млрд. руб. Былі адрамантаваны прыёмнае, хірургічнае, гінекалагічнае і дзіцячае аддзяленні ў Жабінкаўскай раённай бальніцы, ліфтавая прыбудова да хірургічнага корпусу ў Маларыцкай, прыёмнае аддзяленне ў Камянецкай, дзіцячае — у Высокаўскай бальніцы і шмат іншых. Што датычыцца 2014 года, дык на гэтыя мэты намечана асвоіць у Жабінкаўскім раёне 41,2 млрд., Маларыцкім — 41,9 млрд., у Камянецкім — 62,5 млрд. руб.
Не пакінуты без увагі і аб’екты адукацыі выбарчай акругі. Летась на бягучы рамонт іх у Жабінцы і раёне выдаткавана 3,2 млрд. руб. У 2014-ым на гэта запланавана больш як 1 млрд. У Маларыцкім раёне летась на бягучы і капітальны рамонт устаноў адукацыі выдаткавана 6,3 млрд.руб, сёлета фінансаванне складзе — 1,8 млрд. У Камянецкім раёне  у 2013 годзе на бягучы і капітальны рамонт патрачана 11,9 млрд. руб, у 2014 годзе — запланавана асвоіць 10,4 млрд.
Для вучняў школ выбарчай акругі з кастрычніка па снежань 2013 года я правёў экскурсіі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Дзеці наведалі Авальную залу, пазнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай 15-годдзю Палаты прадстаўнікоў, змаглі папрысутнічаць на пасяджэнні парламентарыяў і на свае вочы паназіраць за работай дэпутацкага корпусу ў час прыняцця законатворчых рашэнняў. А затым здзейснілі прагулку пешшу, маршрут яе праходзіў ля Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Дома афіцэраў, Палаца Рэспублікі, касцёла св.Сымона і Алены, гасцініцы “Мінск”, пабывалі ў ГЦ “Сталіца”, у Аляксандраўскім скверы, гістарычным музеі, дзе пазнаёміліся з асноўнай экспазіцыяй “Скарбы Беларусі”.
У час нашай гутаркі з вучнямі я прапанаваў кожнаму напісаць сачыненне, у якім аўтар змог бы выказаць свае ўражанні ад паездкі. Затым наведаў кожную школу і ўручыў граматы і падарункі вучням, якія падрыхтавалі лепшыя сачыненні, за іх актыўную жыццёвую пазіцыю. Гэта была першая, але далёка не апошняя экскурсія. Лічу, што сёлета мы прыдумаем яшчэ нешта цікавае і пазнавальнае. Наступны раз запросім на экскурсію ў г.Мінск вучняў ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Жабінка”, устаноў адукацыі г.Маларыта і в.Хаціслаў Маларыцкага раёна, г.Высокае і пасёлка Белавежскі Камянецкага раёна.
У перыяд наведвання некаторых устаноў адукацыі, у ходзе размоў з іх дырэктарамі, былі выказаны некаторыя праблемныя моманты, якія сёлета знойдуць станоўчае вырашэнне. Так, плануецца пашырэнне плошчы ДУА “Ліцэй г.Жабінка”. На тэрыторыі ДУА “Маларыцкая сярэдняя школа №2” будуць заасфальтаваны дарожкі, а ў ДУА “Вялікарыцкая сярэдняя школа імя П.В.Саевіча” намечана пафарбаваць будынак. У Маларыцкі раён будзе выдзелены дадатковы аўтобус для перавозкі школьнікаў. У клас працы ДУА “Камянецкая сярэдняя школа №2” будуць куплены новая электраплітка і швейная машынка, разам з гэтым, мяркую, вырашыцца і пытанне дадатковага камп’ютарнага класа.
У завяршэнне хачу адзначыць, што далёка не ўся работа адлюстравана ў гэтай справаздачы, аднак пытанні, якія паднімаліся вышэй, не былі б вырашаны станоўча без узаемадзейнасці з мясцовымі органамі ўлады, з кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў Белавежскай выбарчай акругі №8, а таксама з кіраўніцтвам Брэсцкага аблвыканкама, шэрагу міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь. Толькі сумеснымі намаганнямі кожнага з нас, дзякуючы працавітасці, прафесіяналізму, кампетэнтнасці, любові да сваёй справы і павазе да свайго народа, можна дабіцца поспеху на карысць свайго горада, раёна і краіны ў цэлым.
Уладзімір ПУЗЫРЭЎСКІ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Белавежскай выбарчай акругі №8.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top