Хто абароніць братоў нашых меншых?

Хто абароніць братоў нашых меншых?

4021-6Закон аб абароне жывёл прымаць пакуль не збіраюцца, уводзіць крымінальную адказнасць за жорсткае абыходжанне з імі — таксама. Гэта вынікае з адказу Адміністрацыі Прэзідэнта зоаабаронцам, якія ў сярэдзіне снежня пісалі туды зварот з шэрагам прапаноў.
Абаронцы жывёл прасілі ўнесці ў паскораным парадку ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2014 год распрацоўку праекта Закона «Аб абароне жывёл» («Аб абыходжанні з жывёламі»), унесці змены ў Крымінальны кодэкс Беларусі (увесці артыкул «Жорсткае абыходжанне з жывёламі»), унесці змены ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. У апошнім, у прыватнасці, яны прасілі надзяліць службовых асобаў органаў МУС правам складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях згодна з артыкулам 15.45 «Жорсткае абыходжанне з жывёламі», таму што цяпер гэта — прэрагатыва мясцовай выканаўчай улады.
Звароты падпісалі арганізацыі «Заашанс», «Кот і сабака», «Суперкот», Беларуская партыя «Зялёныя», «Горад» (Смалявічы), «Цэнтр «Супольнасць», «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і інш.
У адказе, атрыманым валанцёрамі, гаворыцца, што «задаволіць хадайніцтва пакуль не ўяўляецца магчымым, паколькі праект плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2014 год ужо сфарміраваны».
Акрамя таго, «пытанне пра мэтазгоднасць падрыхтоўкі Закона РБ «Аб абароне жывёл» мае патрэбу таксама ў прапрацоўцы з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, бо для належнай рэалізацыі яго палажэнняў трэба адшукаць значныя бюджэтныя сродкі».
У дакуменце таксама паведамляецца, «што раней падрыхтаваны дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект закона «Аб абыходжанні з жывёламі» выклікаў у грамадстве пэўны рэзананс. Асобныя палажэнні законапраекта паслужылі нагодай для шматлікіх зваротаў грамадзян і грамадскіх аб’яднанняў у Адміністрацыю Прэзідэнта». Напрыклад, шмат было скаргаў на тое, што ў кватэры, паводле законапраекта, не дазвалялася трымаць больш за дзве жывёлы.
Зоаарганізацыям паведамілі, што зварот накіраваны ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі для сумеснай прапрацоўкі з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі мэтазгоднасці падрыхтоўкі праекта Закона «Аб абароне жывёл».
«На жаль, большасць прапаноў, якія змяшчаліся ў звароце, былі проста праігнараваны дзяржорганам. Ліст не ўтрымлівае ні слова пра магчымасць унясення змен у Крымінальны кодэкс і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, магчымасць уводзін спецыяльнага акта, які рэгулюе абарону жывёл. Як відаць з адказу, асноўнай прычынай нежадання вяртацца да закона з’яўляецца фінансавая немэтазгоднасць (бо спатрэбяцца сродкі для абсталявання дадатковых пляцовак для выгулу сабак, прытулкаў для жывёл і г.д)», — адзначаюць зоаабаронцы.
Адказ выклікае глыбокае шкадаванне, паколькі фактычна ён азначае, што нецывілізаванае, варварскае абыходжанне з жывёламі, якое ў большасці выпадкаў застаецца непакараным, па меркаванні Адміністрацыі Прэзідэнта, не выклікае занепакоенасці, таксама адзначаюць яны і дадаюць:»Дзяржорган ігнаруе той факт, што здзекі з «братоў нашых меншых» аказваюць негатыўнае ўздзеянне на агульную прававую культуру і нярэдка могуць перарастаць у пагрозу людзям. Як вядома, шматлікія маньякі і проста жорсткія злачынцы пачыналі менавіта з забітых жывёл. Мы спадзяемся, што Генеральная пракуратура, у якую зараз ідзе адпраўка зваротаў, адрэагуе больш прадметна, і справа ўсё-такі скранецца з мёртвай кропкі».
Спадзяюцца на гэта і ўсе неабыякавыя да жывёл жыхары Беларусі.
Паводле матэрыяла партала TUT.BY.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top