Перапрацаваць нельга ўтылізаваць

Перапрацаваць нельга ўтылізаваць

У народзе кажуць, што ніколі не застануцца без працы ўрачы, цырульнікі і швачкі. Я дадала б да гэтага спісу інжынераў-эколагаў, таму што забруджванне наваколля — праблема вострая і надзённая, а яго ахова — адна з ключавых задач аптымізацыі прыродакарыстання, захавання якасці асяроддзя для сённяшняга і будучага пакаленняў.
Экалагічная служба ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” складаецца з трох чалавек, паміж якімі падзелены сферы адказнасці.
Мікалай Мікалаевіч Новік, намеснік галоўнага інжынера прадпрыемства, у тым ліку адказвае і за экалогію на прадпрыемстве, за своечасовасць атрымання дазволаў на выкіды забруджваючых рэчываў у навакольнае асяроддзе ад стацыянарных крыніц, кантралюе забор вады і скідванне сцёкавых, размяшчэнне адходаў вытворчасці.
IMG_5500Яго падначаленыя — інжынеры аховы навакольнага асяроддзя Алена Аляксееўна Юрчук і Юлія Леанідаўна Паграноўская. Кожная з іх неабыякавая як да чысціні ў доме, так і да чысціні ў прыродзе. Алена Юрчук кантралюе адходы вытворчасці на цукровым заводзе і выкіды забруджваючых рэчываў у наваколле. Юлія Паграноўская адказвае за рацыянальнае выкарыстанне вады на прадпрыемстве, за ахову расліннага свету, складае і вядзе экалагічны пашпарт прадпрыемства.
І ў адной, і ў другой работніц “інжынер-эколаг” — другая па ліку набытая прафесія, а таксама вышэйшая адукацыя.
Алена Юрчук вучылася ў Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі ў Мінску па спецыяльнасці “Прыборабудаванне. Прыборы дакладнай механікі”. У 1995 годзе атрымала дыплом інжынера-механіка. Але ў 2007-м зноў “запісалася” ў студэнты, праўда, ужо Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў пры Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, таму што ёй сказалі: “Хочаш працаваць інжынерам-эколагам, вучыся”.
Юлія Паграноўская скончыла спачатку Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, атрымала спецыяльнасць “Настаўнік біялогіі і хіміі”. Але ў школе не працавала, таму што паралельна набывала адукацыю інжынера-эколага ў ІПК і ПК пры Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Атрымаўшы дыплом, у 2009 годзе ўладкавалася на цукровы завод. Ні аб выбары прафесіі, ні аб выбары месца працы не шкадуе.
Мікалай Мікалаевіч як начальнік задаволены  іх работай.
— Гэта адказныя спецыялісты, людзі, якія знаходзяцца на сваім месцы.
Алена Аляксееўна распавяла, што на прадпрыемстве ёсць адходы, якія паўторна перапрацоўваюцца, іншыя абясшкоджваюцца ці ўтылізуюцца на палігоне. Заключаны дагаворы з Жабінкаўскай ЖКГ на іх захаванне, на здачу другаснай сыравіны (пластыкавых бутэлек, шкла); з Брэсцкім электралямпавым заводам — на абясшкоджванне ртутных лямпаў і тэрмометраў.
IMG_5504— Безумоўна, спачатку шукаем шляхі паўторнага выкарыстання адходаў. Калі іх няма, атрымліваем дазвол на ўтылізацыю, — кажа Алена Юрчук.
Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што з 1 мільёна тон цукровых буракоў у ходзе перапрацоўкі атрымліваецца прыблізна 100 тысяч тон адходаў: глеба, бацвінне, камяні і асадак сцёкавых вод. І з імі “разбіраецца” экалагічная служба: што можна перапрацаваць, а што трэба ўтылізаваць.
Як бачым, менавіта ад інжынераў-эколагаў залежыць пастаноўка коскі ў вердыкце адходам: перапрацаваць нельга ўтылізаваць.
— Што датычыцца выкідаў забруджваючых рэчываў, у нас ёсць адпаведныя дазвол і лімі-
ты, — працягвае Алена Аляксееўна.
На прадпрыемстве 67 крыніц выкідаў, 18 газаачышчальных установак. Штогод правяраецца, наколькі эфектыўна яны працуюць.
— На выкарыстанне вады таксама ёсць дазвол, — расказвае пра сваю сферу дзейнасці Юлія Паграноўская. — Гэта пітная з 4 свідравін і рачная. Выкарыстаную і ачышчаную яе скідваем у раку і на свае палі фільтрацыі.
Інжынеры-эколагі прадпрыемства праводзяць таксама выбарачныя праверкі цэхаў згодна з Праграмай вытворча-экалагічнага кантролю, выяўляюць неадпаведнасці і выдаюць прадпісанні.
Жыццё не стаіць на месцы: з’яўляюцца новыя нарматыўныя дакументы, новыя задачы і праблемы. Таму Алена Аляксееўна Юрчук і Юлія Леанідаўна Паграноўская перыядычна праходзяць навучанне пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, наведваюць семінары, вывучаюць дадатковую літаратуру.
Інжынеры-эколагі прадпрыемства трымаюць руку на пульсе часу і робяць усё магчымае, каб іх другі дом — цукровы завод — як мага менш забруджваў усеагульны дом — планету Зямля.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top