Двойчы адзначаны за вопыт і прафесіяналізм

Двойчы адзначаны за вопыт і прафесіяналізм

IMG_7108Усім вядомы выраз, што нельга ўвайсці ў адну раку двойчы. Павел Аксенцьевіч Арышчук — трактарыст Жабінкаўскай дыстанцыі пуці — даказаў, што такое магчыма, другі раз трапіўшы ў Галерэю працоўнай славы раёна.
Праўда, славу ён не вельмі любіць. Павел Аксенцьевіч — чалавек сціплы, просты, добры сем’янін, адказны працаўнік.
16 гадоў таму лёс закінуў украінскага хлопца ў Беларусь, дзе ён ажаніўся і пусціў карані.
— У школе марыў стаць вадзіцелем. Вабіла рамантыка дарог, падарожжы. На самой справе, калі ўладкаваўся працаваць шафёрам малакавоза ў Якаўчыцах, усё аказалася не так рамантычна, але аб выбранай спецыяльнасці не шкадую, — расказвае Павел Аксенцьевіч.
У 2001 годзе сям’я пераехала ў Жабінку, а ў студзені 2002-га
Павел Арышчук прыйшоў трактарыстам у Жабінкаўскую дыстанцыю пуці. За працоўны “тузін” набыў вопыт, які зараз перадае маладым, заслужыў аўтарытэт, павагу калег. Адзін з іх — наладчык Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Аляксей Мікалаевіч Ягорчанкаў адзначае, што Павел Аксенцьевіч — добрасумленны чалавек і працаўнік. Да кожнай справы падыходзіць адказна. Выходзіць на чыстку снегу і ў выхадныя дні, калі ёсць такая неабходнасць.
Апошнія тры гады Павел Арышчук працуе на новым трактары МТЗ-82. Летам косіць траву ў паласе адводу ўздоўж чыгункі, зімой чысціць снег, заняты на рамонтных работах.
— Жыву працай. Падабаецца тое, чым займаюся. Акрамя таго, жыццё падарыла мне любімую жонку (Святлана Клімаўна — сацыяльны работнік), у нас чацвёра дзяцей: дачка Наталля — швачка, Марына — таксама, але зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, Аксана — вучаніца 9 класа першай гарадской адзінаццацігодкі, Багдан — трэццякласнік гэтай жа школы. Марына ў сваю чаргу падарыла нам трох унукаў, — дзеліцца Павел Аксенцьевіч.
У выхадныя дні Арышчукі наведваюць царкву, любяць адпачываць на прыродзе, у будні бацька з сынам плаваюць у басейне спартыўнага комплексу “Бадзёрасць”.
— Як гаварыў вядомы акцёр Юрый Нікулін: “Чалавек шчаслівы, калі раніцай з радасцю ідзе на працу, а вечарам з радасцю вяртаецца дадому”. Гэта пра мяне, — заключае Павел Арышчук.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку:  П.А.Арышчук — трактарыст Жабінкаўскай дыстанцыі пуці.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top