З карысцю для сябе і здароўя

З карысцю для сябе і здароўя

IMG_5727
Добра, калі ў горадзе, дзе ты жывеш, ёсць басейн і трэнажорная зала. Жабінкаўцам пашанцавала: спартыўны комплекс “Бадзёрасць” стаў выдатным месцам для заняткаў спортам і актыўнага адпачынку.  Чым жыве сёння спартыўная ўстанова і з якімі праблемамі сутыкаецца? Аб гэтым гутарка з дырэктарам ФАУ “СК “Бадзёрасць” Вячаславам Мікалаевічам Каўганкам.
— Вячаслаў Мікалаевіч, што на сённяшні дзень можа прапанаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Бадзёрасць” сваім наведвальнікам?
— Мы аказваем шырокі спектр паслуг: можна пазаймацца ў трэнажорнай зале, паплаваць у басейне, пагуляць у настольны тэніс, більярд або аддаць перавагу валейболу, баскетболу ці футболу. Можна адпачыць у саўне ці пазаймацца ў секцыі боксу ці таэквандо. Як бачыце, у нас створаны добрыя ўмовы для таго, каб з карысцю для сябе і свайго здароўя правесці час. Думаю, што кожны з улікам сваіх жаданняў, магчымасцяў і густаў знойдзе для сябе пэўны від спорту для заняткаў. Наведвальнікі — людзі рознага ўзросту, абмежаванняў, акрамя медыцынскіх, ніякіх няма. Прыйсці, напрыклад, у дзіцячы басейн бацькі могуць і з гадавалым дзіцём, толькі каб маленькі наведвальнік быў абавязкова ў выратавальнай камізэльцы.
— У якой палове дня наведвальнікаў больш? Якім паслугам яны аддаюць перавагу?
— Найбольшая актыўнасць назіраецца ў другой палове дня. З раніцы ўсе на працы. Так, пасля 17 гадзін запоўнены басейн, згодна з раскладам працуюць залы:  з 18 гадзін гульнёвая, якую часта арандуюць прадпрыемствы горада, дзе праводзяць трэніроўкі і спаборніцтвы ў футболе, валейболе; з 16 да 22 гадзін шмат наведвальнікаў у трэнажорнай. Заўсёды ў вячэрні час занята зала адзінаборстваў, дзе трэніруюцца баксёры і таэквандысты, а днём тут заняткі праводзяць з выхаванцамі трэнеры спартыўнай школы. Для таго, каб прыцягнуць да заняткаў спортам жабінкаўцаў, з 1 лютага ўводзім пэўныя скідкі. Так, для жыхароў сельскай мясцовасці ў выхадныя дні, а для гарадскіх — у буднія з 9 да 13 гадзін будзе ўведзена 50-працэнтная скідка на наведванне басейна і іншыя віды паслуг. Самым папулярным застаецца басейн. Раней, акрамя жабінкаўцаў, сюды прыязджалі паплаваць з Кобрына, Камянца, Пружанаў — цяпер там свае басейны. Па-ранейшаму многа берасцейцаў, якім у нас падабаецца з-за таго, што ў басейне не так шматлюдна, зусім не адчуваецца хлорка дый кошт на паслугі прымальны.
— Дарэчы, пра басейн. Чула, што былі скаргі на тое, што ў ім холадна, стала ніжэйшай і тэмпература вады, і паветра. З чым гэта звязана?
— У ходзе праверкі Дзяржкантролю, якая была разам з тэлебачаннем, разбіраліся ў праблеме, што датычылася менавіта басейна, у якім з-за няправільнай эксплуатацыі на столі і на сценах узнікла грыбковая цвіль. Чаму так атрымалася? Па дзяржстандартах у басейне для дарослых тэмпература вады не павінна быць ніжэй за 25 і вышэй за 27 градусаў, у дзіцячым — не ніжэй за 30 і вышэй за 32 градусы.
Пры гэтым тэмпература паветра ў памяшканні павінна захоўвацца на 1-2 градусы вышэй за тэмпературу вады. А як гэта зрабіць, калі два басейны знаходзяцца побач і не размежаваны перагародкай-сцяной? Пры такой умове немагчыма трымацца нормаў. Калі для аднаго норма вады 27 градусаў і паветра 29, дык для дзіцячага — гэтага мала, патрэбна падымаць тэмпературу вады да 32, а паветра да 34 градусаў. У такой сітуацыі пачынаецца інтэнсіўнае выпарэнне вады, вентыляцыя не спраўляецца з павышанай вільготнасцю, тады яна трапляе на сцены і столь, на якіх і з’яўляецца цвіль. Памылковым было меркаванне, што яна ўтваралася з-за няспраўнай вентыляцыі, на самой справе яе з’яўленне было звязана з тэмпературнымі рэжымамі.
Раней у спартыўным комплексе завышалі тэмпературу вады ў абодвух басейнах на 2 градусы. Пры гэтым была высокая вільготнасць. Тэлевізійшчыкі нават здымаць не маглі… Наведвальнікі басейна прывыклі да ранейшай тэмпературы і вады, і паветра, а калі былі ўстаноўлены патрэбныя нормы, пачаліся скаргі, маўляў, холадна плаваць, ды і з басейна, калі вый-дзеш, таксама прахладна. Але ж хіба можа быць некамфортна пры тэмпературы вады 27 градусаў у дарослым басейне і 32 у дзіцячым? На мой погляд, праблема была ў банальнай звычцы. Да таго ж, тэмпература паветра стала крыху ніжэйшая, чым была, людзі таксама гэта адчулі. Вырашаць дадзенае пытанне патрэбна было раней і не за кошт павышэння тэмпературы вады ў басейне, а за кошт рамонту ацяпляльнай сістэмы — да таго як яна выйшла са строю, у басейне грэлася падлога. Ды і батарэі ўстаноўлены не на той сцяне, неабходна пераносіць іх на супрацьлеглую. Устанавіўшы цяпер патрэбныя нормы вады і паветра, зніжана вільготнасць, пазбавіліся ад цвілі. Бывае, што столь крышачку цямнее ля дзвярэй, бо калі іх адчыняюць, трапляе халоднае паветра, а так усё прыйшло ў належны стан, значыць было прынята правільнае рашэнне ў адносінах да нормаў, і нашы дзеянні апраўданыя.
— Вячаслаў Мікалаевіч, якога рамонту сёння патрабуе спартыўны комплекс?
— Уявіце сабе, што за час існавання і эксплуатацыі “Бадзёрасці” тут ні разу не праводзіўся капітальны рамонт, а толькі бягучыя. У першую чаргу, ёсць праблема з дахам: трэба  перакрываць. У вільготнае надвор’е, калі ідзе дождж або мокры снег, на ім стаіць вада, якая не паспявае збегчы па трубах. Яшчэ пры будаўніцтве былі парушаны нормы памераў сцёкавых труб. Пры гэтым дах сам па сабе вельмі цяжкі, ад гэтага на будынку з’яўляюцца трэшчыны. Зараз з-за іх зачынена на рамонт дзіцячая раздзявалка, думаю, што ў сакавіку яна ўжо будзе працаваць.
Часам са строю выходзяць трубаправоды. У будучым плануем замяніць металічныя трубы на пластыкавыя — яны больш даўгавечныя.
— Ці хапае абсталявання для заняткаў спортам, трэніровак?
— Пытанне такое востра не стаіць, яго хапае. Калі ўзнікае такая патрэба, то дакупляем і абнаўляем. Так, у зале адзінаборстваў дыван для паядынкаў яшчэ моцны, яго хопіць на некалькі гадоў, маем новы рынг, у добрым стане 20 груш, ёсць і ў запасе; для гульнёвай залы закупляем баскетбольныя і валейбольныя сеткі, мячы, абнаўляем більярдныя кіі і шары — гэта не дарагое абсталяванне. У пракаце 37 пар лыжаў і 30 — канькоў. Нарэшце выпаў снег, замерзлі вадаёмы, і можна катацца на каньках і выходзіць на лыжныя прагулкі. Нарэшце, каб траціць грошы на закупку новага абсталявання, іншыя патрэбы, іх спачатку неабходна зарабіць.
— Вячаслаў Мікалаевіч, а як вы гэта робіце? Ці выкананы план у аказанні платных паслуг у мінулым годзе?
— Інструктары-метадысты, трэнеры праводзяць заняткі на на платнай аснове. Так, напрыклад, існуюць групы аздараўленчага плавання для дзяцей, навучанне ў якіх право-дзяць Вера Аляксандраўна Курбатава і Людміла Анатольеўна Гаўрылюк. Апошняя займаецца яшчэ і аквааэробікай з жанчынамі.
Платныя групы ёсць па таэквандо, адну з такіх вяду і я, у ёй займаюцца дзеткі ад 5 да 8 гадоў. На заняткі да Вадзіма Барысавіча Драчова прыходзяць больш старэйшыя выхаванцы — ад 10 гадоў.
Калі будуць пажаданні ад бацькоў на адкрыццё для іх дзяцей той ці іншай секцыі — калі ласка, мы толькі “за”, будзем старацца задаволіць любыя просьбы.
Што датычыцца плана ў аказанні платных паслуг за 2013 год, то ён перавыкананы. Летась, у параўнанні з папярэднім годам, узрасла і колькасць чалавеканаведванняў спартыўнага комплексу на 7%. Калі ў 2012 годзе гэтая лічба складала 53 тыс. 425, то ў мінулым — 57 тыс. 598.
— Ведаю, што “Бадзёрасць” цесна ўзаемадзейнічае з працоўнымі калектывамі раёна. Як гэта адбываецца?
— Прафсаюзныя камітэты прадпрыемстваў і арганізацый раёна заключаюць дагаворы з нашай установай на наведванне басейна. Нам падаюцца спісы работнікаў, на імя якіх выдаюцца абанементы. З намі супрацоўнічаюць камбікормавы і цукровы заводы, чыгунка, РАУС, ЖКГ і многія іншыя — усяго 16 арганізацый.
На базе “Бадзёрасці” штогод праводзяць спартакіяды цукравары, камбікормаўцы, чыгуначнікі, акрамя прадпрыемстваў і арганізацый раёна, абласную спартакіяду праводзіць Белпошта, а Брэстаблгаз — спаборніцтвы ў міні-футболе.
— Вячаслаў Мікалаевіч, чым зараз жыве спартыўны комплекс? Якія планы на будучае?
— На мінулым тыдні завяршыліся раённыя спаборніцтвы ў міні-футболе сярод аматарскіх каманд “Жабінкаўская футбольная ліга”, у якіх прынялі ўдзел каманды камбікормавага і цукровага заводаў, ПМК-10, спартыўнага комплексу, па дзве каманды з Камянецкага і Брэсцкага раёнаў. Са снежня ўдзельнікі лігі сустракаліся кожную суботу, гулялі па кругавой сістэме. У фінале, які прайшоў 23 студзеня, спаборнічалі зборная каманда “Бадзёрасці” і госці з Камянеччыны. Прыемна, што перамога на нашым баку, на другім месцы — футбалісты з Камянецкага раёна, на трэцім — жабінкаўскія цукравікі.
Нацыянальная каманда баксёраў Беларусі на базе спартыўнага комплексу плануе правесці 4 зборы, якія пройдуць у лютым, ліпені, жніўні і восенню. Мы ўжо маем такі вопыт. Летась зборы праводзілі нацыянальныя каманды нашай краіны, Польшчы і Латвіі ў таэквандо.
Прыходзьце да нас, займайцеся спортам, актыўна адпачывайце, каб быць здаровымі і маладымі.
— Дзякуй за размову!
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top