Untitled-1

Новая тэхніка апраўдае сябе

Што гэта будзе менавіта так, жабінкаўскія пуцевікі не сумняваюцца. Справа ў тым, што Беларуская чыгунка закупіла наплавачныя комплексы французскай вытворчасці для аднаўлення рэек і металічных частак стрэлачных пераводаў. Іх атрымалі Баранавіцкая і Барысаўская дыстанцыі пуці, а таксама наша. Абсталяванне каштуе дорага, але ўкладанні таго вартыя. Калі раней у металалом адпраўлялі зношаныя і дэфектныя рэйкі, іншыя канструкцыі, дык цяпер з’явілася магчымасць прадоўжыць тэрмін іх службы. Вядома, аднаўленне абыдзецца намнога танней, чым пакупка. Да прыкладу, 1 кіламетр новых рэек каштуе 1 млрд. 383 млн. руб., а крыжавіна Р-65 — 56,8 млн. руб.
Абслугоўваць робата-тэхніку будуць два чалавека, якія ўжо прайшлі навучанне і гатовыя на практыцы праявіць сябе і паказаць магчымасці навінкі.

Пашыраюцца віды паслуг

Летась Жабінкаўскі камбінат бытавога абслугоўвання аказаў насельніцтву бытавых паслуг на 2524,6 млн. рублёў, у тым ліку ў сельскіх населеных пунктах — на 1537,5 млн. Найбольшы прыбытак прадпрыемству прынеслі рамонт і пашыў швейных, мехавых і скураных вырабаў — 1070,8 млн. рублёў. Акрамя пастаянных, з’явіліся новыя. Напрыклад, у Крыўлянах пачалі малоць зерне, і гэтая паслуга карыстаецца папулярнасцю. У коўдравым цэху РКБА асвоілі пашыў пледаў, падшываных пакрывал. Акрамя таго, у райбыткамбінаце абнавілі асартымент пракатнай прадукцыі: набылі батут. Пашырыліся таксама віды аказваемых паслуг на станцыі ручнога мыцця машын.

Кампанія справаздач і выбараў у сельгасвытворцаў

Складзены графік правядзення сходаў працоўных калектываў сельскагаспадарчых арганізацый, зацверджаны старшынёй раённага выканаўчага камітэта Ф.Ф.Каланчуком. На іх будуць падведзены вынікі работы ў 2013 годзе, вызначаны яе плюсы і мінусы, дадзена ацэнка дзейнасці службаў, заахвочаны лепшыя працаўнікі і, безумоўна, абмеркаваны задачы далейшага развіцця. Распачнуцца галоўныя сходы сельгасвытворцаў у другой палове лютага. У СВК “Хмелева”, “Шпіталі”, “Арэпічы”, “Маціевічы” і “Вазнясенскі” яны будуць справаздачна-выбарнымі.

Паўдзельнічалі ў гульні

28 студзеня ў чытальнай зале раённай бібліятэкі прайшла інтэлектуальна-псіхалагічная гульня “Бібліямафія”, якую правёў для вучняў дзявятага класа сярэдняй школы №3 г.Жабінка інжынер-праграміст бібліятэкі Алег Мікалаевіч Александровіч. Гульня дала магчымасць пашырыць веды навучэнцаў у бібліятэчных тэрмінах, успомніць вядомых кніжных герояў, іх аўтараў. Пасля гульні адбылася экскурсія па бібліятэцы, пад час якой вучні змаглі перарэгістравацца і ўзяць любімыя творы.

Выстава з Пакістана

З 26 па 31 студзеня ў гарадскім Доме культуры працавала выстава-продаж тавараў з Пакістана. Жадаючыя маглі набыць майкі, джынсы, шкарпэткі, дзіцячыя панчохі, коўдры з вярблюджай поўсці, падушкі, пасцельную бялізну, ручнікі і тканіну. Кошт іх прыемна здзіўляў. Белыя баваўняныя майкі, напрыклад, ацэньваліся ў 20 тысяч беларускіх рублёў, і на такую ж суму можна было прыдбаць тры пары мужчынскіх шкарпэтак.

Не страшныя снег і вецер — запрашаем на каток

Нарэшце дачакаліся сапраўднай зімы са снегам і маразамі. Каму надакучыла сядзець на канапе з пультам ад тэлевізара, можа з карысцю правесці час на свежым паветры. На спартыўнай пляцоўцы паблізу ПЧ-5 заліты выдатны каток. Каб пакатацца там, неабавязкова набываць новыя канькі — можна ўзяць іх на пракат у ФАУ “Бадзёрасць”, або тут жа побач, у раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Кошт паслугі даволі прыймальны — 8 тыс. руб. за гадзіну, дарослым — даражэй. Пры гэтым, падабраць канькі можна любога памеру — ад 36 да 45. Не страшацца марозу і ветру пакуль у асноўным школьнікі.

Загарэлася “хлебавозка”

У сераду, калі жабінкаўцы спяшаліся на працу, уважлівыя ўбачылі, як дзве пажарныя аўтамашыны з уключанымі маячкамі выязджалі з горада. Пазней стала вядома, што на трасе Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі загарэўся аўтамабіль “Берасцейскага хлебапекара”, які вёз прадукцыю ў Бярозу. Пра здарэнне паведаміў сам кіроўца “хлебавозкі”. Пажарныя патушылі хутка, таму згарэла толькі кабіна. Паводле папярэдніх дадзеных, адбылося замыканне правадоў у аўто.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top