У творчым пошуку

У творчым пошуку

IMG_7093На здымку: пераможцы раённага конкурсу “Настаўнік года” А.В.Наруш, В.А.Цікумс,
І.У.Макарук, С.А.Раманенка, А.А.Букса і М.І.Пакала.                     Фота Ірыны ЖУК.

З 1991 года бярэ пачатак у нашым раёне конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Ён дае магчымасць паказаць, наколькі педагогі творчыя, таленавітыя, яркія асобы, сапраўдныя прафесіяналы, улюбёныя ў сваю справу. У адрозненне ад прыродных зорак не толькі гараць самі, але сваёй энергіяй, энтузіязмам запальваюць іншых.

Зазірнём у гісторыю

У розныя гады пераможцамі раённага конкурсу былі: настаўніцы — матэматыкі Валянціна Васільеўна Гарбацюк з СШ №3 (1991 г.), пачатковых класаў Кацярына Мікалаеўна Сіда з СШ №1 (1997 г.), англійскай мовы Жанна Сяргееўна Міхайлава з СШ №2 (2004 г.), англійскай мовы Іна Уладзіміраўна Тарасевіч з СШ №3 (2006 г.), пачатковых класаў Віталіна Аляксандраўна Папковіч з СШ №3 (2009 г.) — фіналіст заключнага этапу конкурсу, увайшла ў сямёрку лепшых настаўнікаў краіны, сябра рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, а таксама кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага ясляў-сада №4 г.Жабінка Наталля Віктараўна Максімчук (2011 г.).

Выпрабаванні фіналістам

Як паведаміла загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольга Уладзіміраўна Карпук, на ўдзел у сёлетнім конкурсе падалі заяўкі 26 педагогаў раёна. Паводле вынікаў першага этапу ў фінал выйшлі 12. Фіналістаў чакалі наступныя выпрабаванні: публічнае прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці па тэме “Навучаючы, я выхоўваю…”, псіхолага-педагагічнае тэсціраванне і адкрыты ўрок (занятак) у незнаёмым класе (групе). Здаецца, што тут цяжкага? Штодзённая работа настаўніка і складаецца з правядзення ўрокаў, але…

Раскрыў педагогаў конкурсны ўрок

Конкурсны ўрок мае свае асаблівасці: па-першае, ён павінен быць сучасным, па-другое, яго трэба правесці ў незнаёмай школе з незнаёмымі дзецьмі. Менавіта на ўроках педагогі-канкурсанты змаглі паказаць стыль работы, свой прафесійны почырк.
Правільна пастаўленыя мэты, добры кантакт з дзецьмі, асабістая харызма дазволілі Ірыне Уладзіміраўне Макарук выклікаць давер класа і дасягнуць патрэбных задач.
Пачуццё гумару, этыкет, дружалюбнасць далі магчымасць Сяргею Аляксандравічу Раманенку стварыць у класе атмасферу ўзаемапаразумення.
Высокі ўзровень асабістай матывацыі, упэўненасць у сабе, пазітыўны погляд на педагагічную працу адрознівалі Марыну Іванаўну Пакала.
Сітуацыю для поспеху кожнаму вучню на ўроку стварыла Ірына Фёдараўна Гурская, якая прапанавала заданні розных узроўняў цяжкасці.
Рабіць жыццё дзяцей больш цікавым, выхоўваць у іх любоў да навакольнага свету, прывіваць навыкі працавітасці — гэта крэда Святланы Паўлаўны Іванюк.
Цеснае супрацоўніцтва настаўніка і вучняў, магчымасць рабіць адкрыцці на ўроках журы ўбачыла ў Наталлі Пятроўны Неміроўскай і Марыі Віктараўны Кульгаўчук.
Граматна ажыццяўлялі выбар метадаў педагагічнага ўздзеяння, якія садзейнічалі дасягненню пастаўленых мэт. Алена Аляксееўна Букса і Наталля Аляксееўна Андрасюк.
Сплаў маладосці, крэатыўнасці, высокі ўзровень тэарэтычных ведаў Алены Вітальеўны Наруш дазволілі сфарміраваць у вучняў пазітыўныя адносіны да вучэбнай дзейнасці.
Педагагічны аптымізм, вера ў вучня, здольнасць убачыць станоўчае ў кожным праглядваліся на этапах урока ў Таццяны Дзмітрыеўны Кныш і Віктара Айгаравіча Цікумса.

Пераможцы

Сёлетні конкурс меў і сваю адметнасць: калі раней пераможцам станавіўся адзін педагог, то цяпер з 12 фіналістаў  журы вызначыла лепшых у шасці намінацыях. Так, гісторык Маціевіцкай базавай школы Сяргей Аляксандравіч Раманенка перамог у намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія”. Выкладчык фізічнай культуры Ракітніцкай сярэдняй школы Віктар Айгаравіч Цікумс названы лепшым у намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”. У намінацыі “Пачатковыя класы” перамагла Алена Аляксееўна Букса з СШ №1 г.Жабінка. Лепшай у намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” прызнана настаўніца рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара ў навучальнай рабоце СШ №2 г.Жабінка Марына Іванаўна Пакала. У намінацыі “Замежная мова” перамагла выкладчыца англійскай мовы СШ №1 г.Жабінка Ірына Уладзіміраўна Макарук. Настаўніца інфарматыкі СШ №3 г.Жабінка Алена Вітальеўна Наруш прызнана лепшай у намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”. Менавіта гэтыя шэсць педагогаў будуць абараняць гонар раёна на абласным узроўні. Не названы пераможца ў намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”, хаця прадстаўнік прымаў удзел у конкурсе.
IMG_7077Пры падвядзенні вынікаў конкурсу, на якім адбылося ўганараванне намінантаў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Мікалаеўна Янусік адзначыла: “Гэты конкурс патрэбны. Ён дае магчымасць паказаць прафесійнае майстэрства настаўніка. Мы бачым удзельнікаў з розных бакоў: яны творчыя, таленавітыя, артыстычныя. Канкурсанты могуць падзяліцца сваім педагагічным вопытам з калегамі і набыць нешта новае для сябе”.

Падзяліліся ўражаннямі

Алена Вітальеўна Наруш: “Кожны этап конкурсу дапамог мне раскрыцца як педагогу і чалавеку. У іх я змагла праявіць свае веды, уменні, якасці. Эсэ “Навучаючы, я выхоўваю…” выявіла мае здольнасці як выступоўцы, псіхолага-педагагічны тэст дапамог праверыць тэарэтычныя веды і паказаў, у якім накірунку трэба рухацца далей, а конкурсны ўрок даў магчымасць паглядзець на сябе з боку”.
Ірына Уладзіміраўна Макарук: “Конкурс закрануў многія патаемныя куточкі маёй душы. Я атрымала вялікую радасць і задавальненне ад сустрэчы з незнаёмымі вучнямі, ад сумеснай работы. Пачула слушныя заўвагі і патрэбныя парады ад журы, атрымала грандыёзны вопыт. Усё гэта дапамагло мне самазацвердзіцца, зразумець значнасць маёй працы і тое, што недарэмна выбрала настаўніцкі шлях, менавіта гэту прафесію”.
Алена Аляксееўна Букса: “Раённы конкурс “Настаўнік года” — адкрыццё таленавітых педагогаў Жабінкаўшчыны. Гэта былі напружаныя дні, якія мабілізавалі ўсе нашы сілы, паказалі здольнасці. Хачу сказаць, што цуды адбываюцца з тымі, хто ў іх верыць”.

Што іх аб’ядноўвае?

Пажадала поспехаў удзельнікам абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года” і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кандыдат псіхалагічных навук Кацярына Мікалаеўна Сіда, яна сказала: “Усіх, хто прыняў удзел у конкурсе, аб’ядноўваюць любоў да дзяцей, адданасць сваёй справе, пастаянны творчы пошук. Няхай гэтыя складнікі застаюцца для настаўнікаў спадарожнікамі на працягу ўсяго іх педагагічнага шляху”.IMG_7072
Алёна НІКАНЧУК.
На здымках: віншуе пераможцу-намінанта настаўніка фізічнай культуры Ракітніцкай сярэдняй школы Віктара Цікумса начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С.М.Янусік; пад час правядзення вынікаў раённага конкурсу “Настаўнік года”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top