Сумленне для яго найлепшы дарадца

Сумленне для яго найлепшы дарадца

IMG_6318Дастойных людзей на свеце многа. Асаблівай павагі заслугоўвае той, хто не здаецца ў палон гадам і, нягледзячы на перажытыя няшчасці, захоўвае бадзёрасць духу, верыць у дабрыню і справядлівасць.
Іван Антонавіч Прыгодзіч, які сёлета адзначыць свой 90-гадовы юбілей, нарадзіўся ў вёсцы Каўцянін (цяперашняя Піншчына). Бацькі — Антон Пятровіч і Настасся Якаўлеўна — вялі гаспадарку на трох гектарах уласнай зямлі і на чатырох арандаваных. З шасцярых дзяцей двое памерлі ў вайну.
Калі пачалася вайна, Івану ішоў 17-ы. “Была нядзеля, моладзь арганізавала танцы пры МТС, якая месцілася на панскай сядзібе, —
успамінае ён. — У той час ужо хадзілі чуткі сярод вяскоўцаў, што будзе вайна”. З 21 на 22 чэрвеня малады чалавек дзяжурыў на станцыі і першым убачыў у небе нямецкія самалёты. Пазней людзей на машынах пачалі вывозіць на Усход. Юнака вяскоўцы адправілі ў Лагішын, які знаходзіўся ў трох кіламетрах ад вёскі, каб ён даведаўся, што робіцца ў свеце.
Іван Антонавіч дастае і паказвае мне камсамольскі білет, які беражліва захоўвае разам з іншымі дарагімі сэрцу рэліквіямі. Камсамольцам ён стаў у 1940 годзе, а ў вайну быў сувязным. Са сваім сябрам, фатографам-аматарам, рабілі здымкі пра размяшчэнне немцаў і перадавалі партызанам. Памятае, як пачалі забіраць на работу ў Германію. Солтыс уручыў позву і Івану, але яму давялося пазбегнуць высылкі.
Мясцовая ўлада ў час вайны арганізоўвала школы для дзяцей. Іван Прыгодзіч да пачатку ваеннага ліхалецця закончыў сем класаў польскай школы, многае ведаў, дзякуючы свайму цудоўнаму настаўніку, які вучыў дзяцей не толькі пісьменнасці, а таксама садоўніцтву. Сам Іван з задавальненнем чытаў часопіс “Плён”, які выдаваўся на польскай мове і расказваў на сваіх старонках пра развіццё садоўніцтва. Пра юначую захопленасць многія ведалі, а таму ў час вайны яго накіравалі ў Целяханы, дзе збіралі маладых людзей, якіх рэкамендавалі на працу ў школы, таму што дыпламаваных настаўнікаў не хапала: адных пагналі ў Германію, іншыя змагаліся з ворагам.
Івана Прыгодзіча пасля курсаў накіравалі працаваць у Твардоўку. У гэтай вёсцы было шмат моладзі, многія займаліся падпольнай работай. І вось аднойчы немцы вырашылі знішчыць падпольшчыкаў, акружылі вёску. Акурат у гэты час Іван Антонавіч, а была гэта раніца, рабіў зарадку з дзецьмі ў двары школы. Сярод карнікаў-немцаў быў той, які да вайны працаваў настаўнікам у вёсцы, і ён пацвердзіў астатнім, што Івана ў дзень налёту на фашыстаў тут не было.
У дзяцінстве хлопец многа працаваў на сямейнай гаспадарцы, маладосць “згарэла” ў агні працы на акупіраванай тэрыторыі, затое была Вялікая Перамога, а наперадзе — цэлае жыццё!
Пасля вайны Івана Антонавіча перавялі на працу ў Забароўцы. Раённы аддзел адукацыі нікуды не адпускаў сваіх настаўнікаў. Але Іван з іншымі маладымі людзьмі прама з педканферэнцыі пайшоў паступаць у Пінскае педагагічнае вучылішча. Паспяхова здаў уступныя экзамены і быў залічаны на вучобу. На жаль, правучыўся ўсяго 7 месяцаў, перастала падабацца, хлопец перайшоў у Пінскі тэхнікум сувязі. Вучыўся юнак з 1946 па 1949 год і на “выдатна”. Адразу пасля вучобы яго накіравалі ў Лагішынскую кантору сувязі на пасаду старшага тэхніка радыёвузла, дзе працаваў тры гады. Затым быў пераведзены ў распараджэнне ўпаўнаважанага Міністэрства сувязі СССР па УССР. “Цяжкі час быў тады ў Закарпацці. Насельніцтва падтрымлівала бандытаў-гуцулаў. У Закарпацці адпрацаваў адзін год, пракладваў сувязь са зброяй у руках”, — успамінаў Іван Антонавіч. Вярнуўся на радзіму, у Лагішыне на пошце месца не было, але яму пашанцавала: у Пінску акурат праводзіўся абласны семінар кіраўнікоў электрасувязі, дзе сустрэліся Павел Рамановіч і Антон Калеснікаў, кіраўнікі адпаведных ведамстваў з Жабінкі і Лагішына. Перагаварылі паміж сабою і высветлілася, што ёсць адно месца ў вузле сувязі Жабінкі. Так малады чалавек трапіў на Жабінкаўшчыну, дзе пачаў працаваць начальнікам цэха электрасувязі.
У гэты час узнікла і сям’я. Іван Антонавіч пабраўся шлюбам з Кацярынай Іосіфаўнай Сушынскай, якая паспяхова на той час закончыла зубаўрачэбную школу ў Мінску. У Жабінцы яна ўладкавалася стаматолагам у паліклініку. Праз пэўны час у сям’і нарадзіліся Алена, Таццяна і Святлана. На жаль, дзяўчаты рана страцілі маму, а Іван Антонавіч — жонку.
Калі ён застаўся адзін з трыма дочкамі, то многа працаваў, каб пракарміць і вывучыць дзяцей. Страту любімага чалавека цяжка перажыць, прызнаўся, “сэрца баліць да сённяшняга дня, хоць прайшло звыш трох дзясяткаў гадоў”.
Як складвалася яго працоўная дзейнасць у нашым раёне? Дваццаць гадоў адпрацаваў начальнікам вузла сувязі ў Жабінцы, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Кіраўніцтва яго цаніла, паважалі і калегі. Ягонае імя неаднойчы заносілася на раённую Дошку гонару. А колькі вучняў ён “выгадаваў” у сваёй прафесіі не палічыць! За няўрымслівую працу атрымліваў падзякі, граматы, неаднойчы быў перадавіком сацыялістычнага спаборніцтва, узнагароджваўся грашовымі прэміямі за ўкараненне новай тэхнікі. З 1973 года пераходзіць на працу ў Жабінкаўскую сельгастэхніку. Яе начальнік Ф.А.Пархімовіч арганізоўваў дыспетчарскую службу, і Іван Антонавіч стаў яе старшым інжынерам, яму падпарадкоўваліся два работнікі. Іван Антонавіч неаднойчы ездзіў на курсы, семінары ў Мінск, Гомель, дзе знаёміўся з калегамі, набіраўся вопыту. Адпрацаваў на гэтай пасадзе да пенсіі, а развітаўся з калектывам у 1992 годзе.
— З сельгастэхнікай звязаны толькі добрыя ўспаміны, — усміхаецца суразмоўца. — Рады, што калектыў мяне да цяперашняга часу не забывае. Прафкам, савет ветэранаў заўсёды віншуюць са святамі, прыносяць падарункі да Дня пажылых людзей. Нядаўна звяртаўся па дапамогу да сённяшняга начальніка райсельгастэхнікі Уладзіміра Мікалаевіча Дзе-мідзюка, і той мне не адмовіў. Прыехалі, падрамантавалі ў доме што трэба было. Удзячны ім за дапамогу, увагу і клопат.
Дарэчы, Іван Антонавіч, нягле-дзячы на свой шаноўны ўзрост, без справы не сядзіць. Спявае ў хоры ветэранаў “Тонус”, якім кіруе Людміла Васільеўна Дошчык, наведвае сустрэчы і розныя мерапрыемствы, якія арганізоўвае раённая бібліятэка. Любіць чытаць мемуары гістарычных дзеячаў, філасофскую, гістарычную літаратуру, удзель-нічае ў экскурсіях, неаднойчы ездзіў у Францыю, дзе жывуць дочкі Таццяна і Святлана.
А яшчэ ён у захапленні ад прыроды, шмат гадоў займаецца фатаграфіяй. У доме — чысціня і ўтульнасць, якія яму дапамагаюць падтрымліваць сацыяльныя работнікі Алёна Жэдзік, Ірына Сцяпанава і яе муж Міхаіл. Ён вельмі ўдзячны ўрачам Алегу Яўгенавічу Кузько, Юрыю Уладзіміравічу Сідорку, Ангеліне Дзмітрыеўне Чарнейка, якія дапамаглі хутчэй набрацца сіл пасля інсульту.
— Мне заўсёды шанцуе на добрых людзей. Калі ты паважаеш сябе, тады паважаюць цябе і іншыя. Не трэба зайздросціць, злавацца, абгаворваць іншых і іх справы. Трэба быць сумленным, шчырым з тымі, хто побач. Жыць так, як падказвае сумленне і памятаць, што яно найлепшы дарадчык у любых справах. Важныя не матэрыяльныя, а духоўныя каштоўнасці, — пераканана гаворыць Іван Антонавіч.
У гэтым ён запэўнівае свайго ўнука Дзмітрыя, які летам прыязджае з Францыі да дзядулі. Той, дарэчы, пагаджаецца з Іванам Антонавічам і старанна вучыцца, асвойвае розныя мовы, таму што інтэлігентны і адукаваны чалавек, лічыць, павінен іх ведаць дасканала.
Лідзія ІВАНІХІНА, наш няшт. кар.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Спасибо за добрые слова про очень хорошего человека!

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top