Гісторыя ажывала на вачах

Гісторыя ажывала на вачах

IMG_6260У чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася сустрэча з расійскім гісторыкам, краязнаўцам, пісьменнікам Аляксандрам Аляксандравічам Чароміным, на якой ён прадставіў сваю новую манаграфію “Полацкае княства (IX-XIV стагоддзі)”.
Гэта не першы візіт пісьменніка на Жабінкаўшчыну, летам ён прыязджаў да нас з прэзентацыяй кнігі аб Тураве X-XIV стагоддзяў. Аляксандр Аляксандравіч паступова ажыццяўляе свае планы ў напісанні серыі з двух дзясяткаў манаграфій, прысвечаных гісторыі Беларусі, і яму гэта ўдаецца.
Чым жа цікава кніга нам, чытачам? У першую чаргу сваім дызайнам, які пісьменнік стварае сам — тут змешчаны шматлікія ілюстрацыі. Для По-лаччыны аўтар абраў гістарычныя сімвалы гэтага рэгіёну: Барысаў камень, Спаса-Праабражэнскі храм, спыніўся на каляровай гаме, характэрнай рачному прастору (Полацк быў заснаваны на рацэ Палаце, якая ўпадала ў Заходнюю Дзвіну).
У сваёй манаграфіі Аляксандр Чаромін паказвае, што, акрамя гандлёвых сувязяў, Полацк меў у гэты час актыўныя дыпламатычныя, рэлігійныя, культурныя зносіны з сумежнымі дзяржавамі. Пры раскопках на тэрыторыі горада знойдзена шмат пячатак князёў, баяраў, купцоў, епіскапаў. Фотаздымкі некаторых можна ўбачыць у кнізе.
Шмат увагі аўтар адводзіць заступніцы зямлі беларускай Еўфрасінні Полацкай, яе асветніцкай дзейнасці, тым рэліквіям і святыням, што звязаны з яе імем. Гэта Крыж Еўфрасінні Полацкай, Эфеская ікона, Полацкае Явангелле… Даследчык адзначае, што пры жыцці святая ўплывала на палітычнае становішча ў дзяржаве, пры ёй было менш міжусобіцаў.
Характарызуе Аляксандр Чаромін і ўзровень жыцця тагачасных палаччан, які быў дастаткова высокі.
На працягу ўсёй сустрэчы з чытачамі госць падкрэсліваў свой самастойны погляд на асвятленне многіх гістарычных з’яў і падзей.
Аўтар пазнаёміў прысутных таксама з двухтомнай манаграфіяй “Праўда аб Вялікай Айчыннай вайне”. У ёй даследчык праводзіць аналіз пачатку вайны, расказвае пра трагічныя старонкі, звязаныя з адступленнем Чырвонай Арміі, пра перамогі 1943-1945 гадоў да поўнага вызвалення.
Наступная кніга пісьменніка, якая павінна выйсці ў свет у пачатку 2014 года, будзе прысвечана нашаму абласному цэнтру, яе назва: “Брэст: гісторыя прыгранічнага горада”. У ёй аўтар спыніцца на асноўных падзеях горада над Бугам, пачынаючы з XI стагоддзя да сённяшняга дня.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: гісторык-даследчык А.Чаромін прэзентуе кнігу “Полацкае княства (IX-XIV стагоддзі)”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top