Па закліку сэрца і абавязку службы

Па закліку сэрца і абавязку службы

 IMG_6690Кожны з нас прыходзіць у прафесію па-рознаму: адны працягваюць справу бацькоў, іншым у выбары яе дапамагаюць дарослыя, нехта выпадкова атрымлівае спецыяльнасць, але работа так захоплівае, што ён становіцца сапраўдным прафесіяналам.
Вёска Стахава на Століншчыне. Сёстры-двайняткі Люба і Вера Некрашэвічы паспяхова закончылі сярэднюю агульнаадукацыйную школу. Трэба вызначыцца, як жыць далей: паехаць у вялікі горад вучыцца ці застацца ў роднай вёсачцы разам з матуляй Вольгай Іванаўнай. Яна адна гадавала сваіх дзяўчатак, цяжка працавала на калгаснай гаспадарцы, каб дочкі апраналіся не горш за сваіх сябровак, якія жывуць у поўных сем’ях, каб атрымалі дастойную адукацыю, а затым і любімую працу.
Любачка паказвала добрыя веды ў фізіцы і матэматыцы, і настаўнікі падказваюць ёй з выбарам прафесіі — паступаць у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна на фізіка-матэматычны факультэт. Аднак студэнткай яна не стала, таму што не дабрала балаў. Вярнулася ў родны дом, дапамагала маме. Словам, год прайшоў у фізічнай працы: то даглядала хатнюю гаспадарку, то “бегала” ў калгас. Праўда, не забывала і пра падручнікі, рыхтавалася да паступлення. Вырашыла стаць бухгалтарам, і мара збылася: у 1980-ым годзе згодна з размеркаваннем навучальнай установы прыехала на Жабінкаўшчыну, месцам яе працы павінен быў стаць колішні калгас імя Куйбышава.
— Мне так не хацелася ехаць у Маціевічы, — расказвала Любоў Навумаўна Зубачова (у дзявоцтве Некрашэвіч). — І не трапіць у вёску дапамагла выпадковая сустрэча з галоўным бухгалтарам упраўлення сельскай гаспадаркі Аленай Аляксееўнай Арабейка, якая падказала, што ў іх ёсць месца рэвізора, праўда, часовае. Я вельмі ўзрадавалася і пагадзілася пайсці на гэтую пасаду. Мне нават даверылі выконваць абавязкі галоўнага бухгалтара, калі Алена Аляксееўна рыхтавалася паўгода да абароны дыпломнай працы (заканчвала завочна Горацкую сельгасакадэмію). Я была вельмі задаволеная яшчэ й тым, што магла кожныя выхадныя ездзіць у роднае Стахава, каб дапамагаць маме ў гаспадарчых справах. На жаль, неўзабаве з дэкрэтнага адпачынку вярнуўся асноўны спецыяліст, і мяне зноў “агітуюць” на працу туды, куды размеркавалася, дый яшчэ на пасаду галоўнага бухгалтара. Мне, вядома, не хочацца ехаць у калгас, я адчула зручнасці і задаволенасць ад гарадскога жыцця.
Можа й давялося б працягваць працу ў калгасе, але зноў на яе шляху сустрэўся ўважлівы і чулы чалавек Яўген Кузьміч Кніга, колішні старшыня райвыканкама. Ён і дапамог маладому спецыялісту Любові Навумаўне “прапісацца” больш як на тры дзясяткі гадоў у сацыяльнай службе Жабінкаўшчыны.
— Калектыў раённага аддзела сацыяльнай абароны прыняў мяне зычліва, — успамінала пры сустрэчы Любоў Зубачова. — Я неаднойчы думала над тым, што мне прапанавалі такую адказную пасаду — старшы інспектар аддзела, а маглі зрабіць перастаноўку кадраў і знайсці ніжэйшую. Гэтага не адбылося, значыць давяралі і верылі ў мяне.
Усе гады яна сумленна выконвае працу, што даверылі ёй у 1981-ым, дапамагае людзям шаноўнага ўзросту своечасова атрымліваць пенсіі, розныя дапамогі. З душэўнай цеплынёй, паразуменнем, дабрынёй адносіцца да кожнага.
— Перада мною прайшлі сотні чалавечых лёсаў, цікавых, своеасаблівых, — працягвала ўспамінаць мая суразмоўніца. — На першы погляд лічбы, лічбы. Аднак яны расказваюць аб тым, што ў свой час ён ці яна ўзнімалі цаліну, будавалі Камсамольск-на-Амуры, аднаўлялі Спітак і іншыя гарады ў Арменіі пасля землятрусу, ваявалі на афганскай зямлі ці папярэджвалі тэракты.
Любоў Навумаўна Зубачова, начальнік аддзела сацыяльнай абароны ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама, прызнаецца, што ладзіць і ўважлівая не толькі з тымі, хто звяртаецца да яе па дапамогу, але й з калегамі. Сяброўскія і прафесійныя адносіны яе даўнія гады звязвалі з былымі работніцамі В.Лаўранюк, Н.Пінчук, шчыра ўдзячная кіраўнікам калектыву за паразуменне ў працы, цяжкасцяў і праблемаў, што падкідваў лёс. Пры падтрымцы добрых людзей многае ўдалося перажыць, дый праца забірала шмат часу, патрабавала карпатлівых высілкаў. Сыны Андрэй і Вова былі вучнямі пачатковых класаў як не стала таты. Цяпер яны ўжо самі працуюць: старэйшы галоўным бухгалтарам у адной з прыватных фірмаў у Жабінцы, малодшы — у цэху гранулявання жому ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, маюць вышэйшую адукацыю. Дасць Бог парадуюць Любоў Навумаўну ўнукамі, балазе, у Андрэя свая сям’я.
Сацыяльнай службе 95 гадоў. Пацікавілася ў спецыяліста пра сённяшні спектр пытанняў, якія вырашае яна і чатыры супрацоўніцы, што працуюць у аддзеле сацыяльнай абароны ўпраўлення.
— У нашай краіне вырашаецца шмат сацыяльных праектаў, — зазначыла яна. — Акрамя назначэння і выплаты пенсій мы займаемся яшчэ адраснай і матэрыяльнай дапамогай, налічваем і выплачваем яе пры нараджэнні немаўляці, на догляд за хворым дзіцем-інвалідам з дзяцінства да 18 гадоў, а таксама за інвалідам першай групы і асобамі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, іншыя. Раней многіх выплат не было. Я памятаю той час, калі працуючым пенсіянерам пенсія выплачвалася па месцы працы. Да 2005 года дзейнічаў Брэсцкі абласны выплатны цэнтр, дзе рыхтаваліся ведамасці на ўсіх пенсіянераў і перадаваліся нам. Цяпер гэта перайшло ў нашы абавязкі, у электронным варыянце спісы адсылаюцца на пошту, у банк, а фарміруюцца выплаты на 5, 11 і 21 дату кожнага месяца. А колькі цяпер ідзе розных пагашэнняў! Даводзіцца ўтрымліваць пэўныя сумы на кампенсацыю банкаўскіх пазык кліентамі.
Любоў Навумаўна Зубачова паведаміла таксама пра тое, чым займаецца асабіста. Найперш праверкай пенсійных спраў. Стараецца сама і падначаленыя, каб заробленае ў больш маладыя гады, дайшло ў выглядзе пенсіі чалавеку поўнасцю. У аддзеле робяць пераразлікі пенсій тым, калі своечасова не дайшоў дакумент за пэўны перыяд пра стаж і заробак, а таксама маладым інвалідам усіх груп, якія атрымліваюць яе, але не дасягнулі пенсійнага ўзросту. Пасля двух гадоў працы прадугледжаны пераразлік. Самі гэта адсочваюць.
Партрэт работніка сацыяльнай службы будзе не завершаным, калі не ўзгадаю, што Вольга Іванаўна Некрашэвіч жыве ў сям’і Любові ўжо 23 гады. І дачка і ўнукі чула і сардэчна да яе адносяцца. Апошнія сем гадоў з-за траўмы ў суставе яна не можа хадзіць. Адчуваць сябе не адзінокай дапамагаюць Вользе Іванаўне душэўная цеплыня, спагада і чуласць яе родных. Словам, і на працы, і дома чакаюць дапытлівага розуму, добрага погляду і клапатлівых рук Любові Навумаўны Зубачовай.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top