Аналізавалі вынікі работы, ставілі новыя задачы

Аналізавалі вынікі работы, ставілі новыя задачы

IMG_515024 снежня на 26 сесіі Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў і пасяджэнні райвыканкама былі падведзены вынікі 2013 года, абмеркаваны прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2014-ы і зацверджаны мясцовы бюджэт на новы год. На іх прысутнічаў і выступіў старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, дэпутат Жабінкаўскай выбарчай акругі №30 С.Д.Ашмянцаў.
Дакладчык — старшыня райвыканкама Ф.Ф.Калан-чук, адзначыў складаныя ўмовы, у якіх даводзілася дзейнічаць суб’ектам гаспадарання. На 2013 год раёну былі даведзены заданні па выкананні паказчыкаў, якія аказваюць найбольшы ўплыў на фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукта. Чакаецца, што станоўчыя лічбы будуць па шасці з 13.
У аб’ёме прамысловай вытворчасці нашага рэгіёна доля цукровага завода складае 66,4%. Таму і выкананне раёнам прагнозных паказчыкаў у вытворчасці прамысловай прадукцыі, экспарце і шэрагу іншых напрамую залежыць ад работы гэтага прадпрыемства. У натуральным выражэнні цукру выраблена да ўзроўню 2012 года менш (91,9%), зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі звязана са скарачэннем перапрацоўкі цукру-сырцу. І выпуск цукру з замежнай сыравіны будзе змяншацца. Гэта абумоўлена нерэнтабельнасцю работы на ёй. На тоне перапрацаванага цукру-сырцу прадпрыемства нясе вялікія страты — 872,8 тыс. руб. Таму галоўнае цяпер для цукравараў — павялічыць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі з буракоў да 140 тыс. тон у год, нарошчваць яе экспарт.
На другім буйным прадпрыемстве раёна — камбікормавым заводзе, таксама склалася няпростая сітуацыя. Дэбіторская запазычанасць —
амаль 20 мільярдаў рублёў, крэдыторская — 24,6 мільярда. Для стабільнай работы неабходна максімальна забяспечыць сябе ўласнай сыравінай для вытворчасці камбікармоў і працягваць маркетынгавыя даследаванні замежных рынкаў з мэтай пошуку партнёраў для нарошчвання экспарту.
Як падкрэсліў старшыня райвыканкама, у цэлым эфектыўнасць працы прамысловых прадпрыемстваў у 2014 годзе будзе ацэньвацца па такіх паказчыках, як рэнтабельнасць продажу, рост выручкі ў разліку на аднаго работніка, павелічэнне энергаэфектыўнасці, прыцягненне інвестыцый, зніжэнне імпартнай складаемай у аб’ёмах выпускаемай прадукцыі.
Недастаткова ў 2013 годзе ў эканоміку раёна прыцягвалася інвестыцый. За 11 месяцаў — 485 мільярдаў рублёў, рост аб’ёмаў у параўнанні з адпаведным перыядам 2012 года у супастаўных цэнах склаў 83,8% (заданне 111,9%). На сёлетні намечаны аб’ём інвестыцый 740 мільярдаў руб. (рост у супастаўных цэнах — 108%). У сувязі з гэтым неабходна распрацаваць мерапрыемствы ў прыцягненні ў гаспадарчы абарот нявыкарыстанай маёмасці і ўдакладніць пералік зямельных участкаў пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі раёна.
Свой уклад у развіццё эканомікі Жабінкаўшчыны ўносіць малы бізнес. Сёння гэта 96 уласных унітарных прадпрыемстваў, 66 таварыстваў з абмежаванай ці дадатковай адказнасцю, 21 фермерская гаспадарка, 16 прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі, 483 індывідуальныя прадпрымальнікі. У 2013 годзе зарэгістравана і прыйшло на ўлік з іншых рэгіёнаў 95 ІП і 55 юрыдычных асобаў, створана каля 300 новых рабочых месцаў пры заданні 210. У сферы малога прадпрымальніцтва раёна занята звыш 2000 чалавек.
За 9 месяцаў у кансалідаваны бюджэт ад індывідуальных прадпрымальнікаў паступіла амаль 4000 млн. руб. падатковых плацяжоў, ад юрыдычных асобаў малога бізнесу амаль 8900 млн. руб. Удзельная вага гэтых паступленняў 36,4%. У 2014 годзе намечана стварыць у раёне 10 новых мікра- і малых арганізацый, а таксама 150 рабочых месцаў у сферы малога прадпрымальніцтва.
Дэталёва была прааналізавана ў дакладзе работа сельскагаспадарчай галіны. Пры заданні на 2013 год 106,5% тэмп росту валавой прадукцыі за 11 месяцаў склаў 92,5%, у тым ліку жывёлагадоўчай — 99%, раслінаводчай — 86,3%. З даведзеных заданняў будуць выкананы толькі па вытворчасці цукровых буракоў, гародніны і рэалізацыі жывёлы. Ніводная сельгасарганізацыя не забяспечыла росту аб’ёмаў валавой прадукцыі. Толькі ў ААТ “Жабінкаўскі” не зніжаны гэты паказчык да ўзроўню папярэдняга года (101,6%). Адна з асноўных прычын гэтага мінусу — недабор збожжа (а гэта 4,5% у агульным аб’ёме прадукцыі).
З 9 гаспадарак рост аб’ёмаў вытворчасці жывёлагадоўлі забяспечылі СВК “Вазнясенскі” (на 10,4%), “Рагазнянскі” (5,3%), ААТ “Жабінкаўскі” (3,2%), СВК “Арэпічы” (1,4%). У раёне праведзена значная работа ў стварэнні сучасных тэхналогій утрымання дойнага статка, а ў перспектыве — патрэбна паклапаціцца пра належныя ўмовы для вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы. Былі названыя старшынёй райвыканкама і праблемы, якія негатыўна ўплываюць на эканоміку сельгаспрадпрыемстваў. Гэта, у першую чаргу, высокае непрадукцыйнае выбыццё жывёлы, у тым ліку, кароў, з асноўнага статка, незахаванне тэхналагічных параметраў, патрэбна таксама павышаць якасць рэалізуемага малака, яго таварнасць.
У 2014 годзе неабходна забяспечыць вытворчасць малака на ўзроўні 54,6 тыс. т, рэалізацыю жывёлы 4,6 тыс. т, валавы збор збожжа 64,6 тыс. т, рапсу — 6 тыс. т, цукровых буракоў — 53 тыс. т, бульбы — 6,5 тыс. т. І ў выніку выйсці на тэмпы росту валавой прадукцыі 103,5%.
У выступленні Ф.Ф.Каланчук акрэсліў і сацыяльныя пытанні. Шмат было зроблена ў паляпшэнні якасці жыцця жабінкаўцаў. Добраўпарадкоўваўся горад і сельскія населеныя пункты, умацавалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя. Стабільна функцыянавала сістэма сацыяльнай абароны.
Асноўныя сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія хвалявалі насельніцтва раёна, — водазабеспячэнне, будаўніцтва і рамонт дарог, газіфікацыя, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, атрыманне жылля, выдзяленне крэдытаў і субсідый на будаўніцтва індывідуальнага жылля.
— Спадзяюся, што ў новым, 2014 годзе, пры вашай актыўнай падтрымцы, мы зможам паспяхова рашыць пастаўленыя задачы, што дазволіць забяспечыць выкананне ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, і ў выніку павысіць узровень жыццезабеспячэння жабінкаўцаў, — падкрэсліў Ф.Ф.Каланчук.
У ходзе сесіі дэпутаты зацвердзілі бюджэт раёна на 2014 год. Як і ў папярэднія гады, ён захавае сацыяльную накіраванасць, галоўныя артыкулы расходаў па-ранейшаму — выплата зарплат, дапамог, пенсій, выкананне сацыяльных стандартаў. “Асноўныя аб’екты” — аховы здароўя і адукацыі, увага мясцовай улады будзе скіравана на добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Былі зацверджаны планы работы раённага Савета дэпутатаў на першы квартал і раённага выканаўчага камітэта на 2014 год.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top