Всегда дарила детям знания и любовь

Всегда дарила детям знания и любовь

Дарыла веды і любоў дзецям
І ў наш няпросты час даводзіцца сустракацца з людзьмі, хто ярка асвятляе жыццё і пакідае свой прыгожы след на зямлі. Настаўнікі Ленінскай сярэдняй школы, у тым ліку і я, працавалі з такім чалавекам — Верай Іосіфаўнай Макарук (у дзявоцтве Магірка). Яна — нараджэнка Камянеччыны. Хоць бацькі былі сялянамі, але дзяўчынка выхоўвалася на казках братоў Грым, вершах Ганны Ахматавай, кнігах Міхаіла Зошчанкі.
У доме было дзесяць чалавек: дзядуля, бабуля, бацька, маці і шасцёра дзяцей. Бацькі імкнуліся, каб малыя атрымалі добрую адукацыю. Вера спачатку вучылася ў Навіцкавіцкай пачатковай школе, якая месцілася ў пакоі адной вясковай хаты. Да 1939 года навучанне вялося на польскай мове, а калі адбылося уз’яднанне, то школа перамясцілася ў дом памешчыка. Настаўнікам стаў селянін Рыгор Гаўрылавіч Цэвялюк. Потым была Вялікая Айчынная вайна. Малодшыя дзеці заставаліся ў бацькоўскім доме, а брат Уладзімір быў вывезены ў Нямеччыну, пасля вызвалення ў 1944 годзе трапіў на фронт. Пасля вайны Вера працягвала вучыцца ў Камянецкай сярэдняй школе. Неяк атрымала ліст ад сяброўкі, навучэнкі Брэсцкага педвучылішча. Дзяўчына стала марыць пра такую вучобу. На гэты час яна закончыла 7 класаў і паехала ў абласны цэнтр. Хоць ужо заняткі пачаліся, але Веры дазволілі здаць экзамен і яе залічылі ў педвучылішча. Пасля заканчэння вучобы маладога педагога накіравалі ў Рагазнянскую сямігодку, што на Жабінкаўшчыне. Пачалося жыццё, напоўненае новымі клопатамі.
Працавала настаўніцай пачатковых класаў, але ў школе не хапала педагогаў і Вера Іосіфаўна выкладала яшчэ беларускую мову і літаратуру, геаграфію. “Цяпер мае першыя вучні ўжо на пенсіі, — успамінае ветэран-педагог. — Вясковыя дзеці былі вельмі паслухмяныя, ніколі не ўзнікала пытанняў з дысцыплінай. Праўда, не хапала падручнікаў, дапаможнікаў, бібліятэка была вельмі бедная. Умовы для працы настаўнікаў нялёгкія, але сваю справу кожны з нас выконваў сумленна. Дзеці паважалі педагогаў, пасля заняткаў працавалі з тымі, хто не засвойваў матэрыял на ўроках”.
З будаўніцтвам торфабрыкетнага завода “Гатча-Осаўскі”, ехалі на будоўлю сем’і, а значыць дабаўлялася і дзяцей. Тады райвыканкам прымае рашэнне будаваць школу ў пасёлку Ленінскі. “Словам, я адпрацавала ў адной школе да самай пенсіі, — успамінае Вера Іосіфаўна. — Толькі школка спачатку насіла імя Рагазнянскай, а потым стала Ленінскай, дзе я працавала з 1949 года да 1986. За маю працоўную дзейнасць памянялася восем дырэктараў, але калектыў заўсёды вылучаўся працавітасцю, пошукам і творчасцю. Жылі вельмі дружна, многа чыталі, ездзілі ў Брэсцкі драматычны тэатр. Добрыя кнігі пераходзілі з рук у рукі, асабліва серыя “Жыццё знакамітых людзей”, якая знаёміла нас з пісьменнікамі, кампазітарамі, мастакамі, вучонымі, падарожнікамі”.
У Рагазнянскай школе Вера Іосіфаўна пазнаёмілася з будучым мужам Ануфрыем Макаруком, які працаваў рахункаводам. За плячыма маладога чалавека былі ваенныя дарогі: ваяваў на першым Беларускім фронце, вызваляў Польшчу, быў паранены. У 1945 годзе пасля ранення трапіўна Прыбалтыйскі фронт, атрымаў медаль “За баявыя заслугі”. Пасля вайны службу працягваў на адным з астравоў Баранцавага мора.
Калі маладыя людзі пажаніліся, то жылі на прыватнай кватэры. Ні электрычнасці, ні магазіна не было ў вёсцы. Рыхтавацца да ўрокаў даводзілася вечарам пры газовачцы, у школе таксама выкарыстоўваліся такія лямпы.
Паступова паляпшалася жыццё, наладжваўся і вучэбна-выхаваўчы працэс у школе, з энтузіязмам Вера Іосіфаўна выконвала сваю педагагічную працу. Заўсёды імкнулася да таго, каб урокі былі змястоўнымі, цікавымі, каб дзеці атрымлівалі грунтоўныя веды. Многія з былых вучняў і цяпер з павагай гавораць пра сваю настаўніцу, яе ўрокі.
У 1956 годзе ў сям’і Макарукоў нарадзілася Валянціна. Калі падрасла, многа чытала, любіла прыроду, кветкі. Потым закончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна і стала настаўніцай біялогіі. Да цяперашняга часу працуе ў Ленінскай сярэдняй школе. Яе малодшая дачка Паліна вучыцца ў БДУ, яна будучы філолаг, працягвае дынастыю педагогаў Макарукоў. У Паліны, як і ў Веры Іосіфаўны, любімымі прадметамі былі руская мова і літаратура. Яна, як і бабуля, захаплялася жыццём знакамітых людзей — серыя “ЖЗЛ” яе настольная кніга.
Старэйшая дачка Валянціны Дар’я захапілася біялогіяй, але выбрала не педагагічную прафесію, а стала медыкам. Закончыла медыцынскі каледж, жыве і працуе ў Кобрыне.
Сын Вадзім у сям’і Макарукоў прыйшоў у гэты свет у 1960 годзе. Ён таксама з маленства захапляўся кнігамі. Калі бацькі выключалі ў пакоі свет, таму што было ўжо позна, хлопец чытаў сваіх любімых “Трох мушкецёраў” з ліхтарыкам пад коўдрай. А яшчэ ён любіць і разумее музыку. Гэтая захопленасць ад таты, які іграў на балалайцы, гітары, мандаліне і акардэоне. Але яго найбольш цікавіла ў дзяцінстве жыццё жывёл. Пасля службы ў арміі закончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію.
“Мне 82-гі год, жыццё праходзіць, — разважае Вера Іосіфаўна. — Я стараюся быць карыснай дзецям. Калі б даводзілася выбіраць прафесію зноў, я абавязкова стала б настаўніцай. Памятаю, як нас часта называлі “інжынерамі чалавечых душаў”. “Педагог ад Бога”, так назваў мяне на педсавеце пасля практыкі наш кіраўнік Міхаіл Цярэнцьевіч Марчанка. Старалася ўсё жыццё апраўдваць сказанае”.
На маё пытанне: якім павінен быць сучасны настаўнік? Вера Іосіфаўна адказала: “Ён павінен быць у курсе ўсіх дасягненняў нацыянальнай і замежнай педагагічнай навукі, бачыць у кожным вучні яго здольнасці, умець іх развіваць”.
44 гады агульны стаж педагога. А калі дадаць стаж яе дачкі Валянціны, а ў будучым і ўнучкі Паліны, уявіць колькім юным душам дадзены веды педагагічнай дынастыяй, цяжка. За выдатныя поспехі ў справе выхавання і навучання дзяцей і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці неаднаразова Вера Іосіфаўна ўзнагароджвалася граматамі раённага і абласнога аддзелаў адукацыі, мае медалі “За працоўную доблесць”, “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”. Нягледзячы на ўзрост, яна не страціла аптымізму.
Я з задавальненнем слухала аповед Веры Іосіфаўны Макарук, чалавека шчырай душы і добрага сэрца, як яна мужна пераадольвала жыццёвыя цяжкасці, несла душэўнае цяпло школьнікам.
Л.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top