У Дзядулі Мароза гарачая пара

У Дзядулі Мароза гарачая пара

IMG_6732Штогод да нас прыходзіць казка. Чакаюць яе дзеці, і найбольш тыя, каму не стае хатняй цеплыні або засмучаюць жыццё розныя хваробы. Для іх традыцыйна ладзіцца дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.
30 снежня года, з якім мы толькі-толькі развіталіся, адбылося свята для 90 маленькіх жабінкаўцаў. Яго спонсарамі сталі абласны выканаўчы камітэт, Жабінкаўскі райвыканкам і раённая арганізацыя ГА “Беларускі фонд міру”. А непасрэднымі арганізатарамі прыгожага і радаснага мерапрыемства былі работнікі гарадскога Дома культуры. Менавіта яны ў вобразах казачных герояў на чале з Дзедам Марозам і Снягуркай запрасілі маленькіх гледачоў у чароўнае падарожжа. Віншаванні дзецям і іх бацькам прагучалі з вуснаў намесніка старшыні райвыканкама Алы Ануфрыюк.
26 снежня 15 дзяцей з Жабінкаўшчыны — пераможцаў раённых алімпіяд, розных конкурсаў, спаборніцтваў, фестываляў, актыўных удзельнікаў школьнага жыцця — былі запрошаны ў горад над Бугам. Там іх чакала гожае навагодняе свята. Дабрачынная ялінка зазіхацела сваімі рознакаляровымі агнямі дзякуючы непасрэднай падтрымцы старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара. Кіраўнік вобласці прыйшоў на свята, каб павіншаваць самых таленавітых дзяцей Берасцейшчыны.
Зала музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы ў Брэсце таксама напоўнілася маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Яны атрымалі віншаванні і падарункі ад грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. На свята з усёй вобласці прыехалі дзеці са шматдзетных сем’яў і вучні, што праявілі сябе ў 2013 годзе ў навучанні, спорце, грамадскім жыцці. Сярод іх — дзесяць шчасліўчыкаў з Жабінкі, навучэнцаў 3, 4, 5 класаў трэцяй гарадской школы. На ранішніку іх чакалі розныя дзівосы, вясёлы канцэрт і, канечне, саладосці ды мяккія цацкі.
Аднак найбольш уражанняў ад сустрэчы гэтага Новага года, скажам без перабольшванняў, атрымалі чэмпіёнка першынства Брэсцкай вобласці ў плаванні, навучэнка СШ №1 г.Жабінка Юлія Актысюк, вучаніцы трэцяй гарадской школы Кацярына Федаш (яна вызначылася ў якасці дыпламанткі абласной алімпіяды ў працоўным навучанні) і Ірына Мяцелева, якая выдатна праявіла сябе ў рэспубліканскім конкурсе “Добры дзень, свет”. 27 снежня 2013 года дзяўчаты ў складзе дэлегацыі Брэсцкай вобласці сталі ўдзельніцамі шыкоўнага навагодняга свята, што праходзіла ў сталіцы нашай краіны з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Поспехаў і шчасця ўсім, хто спрычыніўся да дабрачыннасці!
Антон БЕРАСТОК. Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top