IMG_6674Дарагія жыхары Жабінкаўскага раёна!
Адыходзіць у гісторыю яшчэ адзін год. Мы з удзячнасцю праводзім яго і з надзеяй сустракаем надыходзячы, 2014-ы, спадзяемся, што ён будзе лепшым і больш шчодрым.
2013-ы быў дастаткова складаным у дзейнасці ўсяго сацыяльна-эканамічнага комплексу Жабінкаўскага раёна. Тым не менш, удалося захаваць станоўчую дынаміку ў рабоце суб’ектаў гаспадарання. Вытворчасць прамысловай прадукцыі ў дзеючых цэнах па выніках 11 месяцаў склала 1 трлн. 588 млрд. руб. Паводле прагнозу выканання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Жабінкаўскага раёна на 2011-2015 гады рост вытворчасці прамысловай прадукцыі ў дзеючых цэнах за тры гады павінен скласці 207,6%, фактычна чакаецца 343,8%. Нашымі вядучымі прамысловымі прадпрыемствамі ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і “Жабінкаўскі камбікормавы завод” выраблена адпаведна 173,2 тыс. тон цукру і звыш 140 тыс. тон камбікормавай прадукцыі.
Радуе і тое, што паляпшалася якасць жыцця насельніцтва раёна. Будавалася жыллё, працягвалася газіфікацыя населеных пунктаў, умацоўвалася матэрыяльная база сацыяльнай сферы. Лічу паказальным і вельмі важным, што, вырашаючы важныя задачы ў сферы эканомікі і сельскай гаспадаркі, мы не забываем аб сацыяльным развіцці.
У 2013-ым годзе ў Жабінкаўскім раёне ўведзена ў эксплуатацыю 15000 кв. м агульнай плошчы жылля. Адзначылі наваселлі гараджане, якія атрымалі кватэры ў ЖБСК №21 і ЖБСК №24. Былі здадзены ў эксплуатацыю і 14 жылых дамоў у сельгасарганізацыях, агульнай плошчай 1237 кв. м. Індывідуальнага жылля на канец года плануецца 7910 кв. м. У наступным годзе будзе будавацца ў Жабінцы 40-кватэрны дом ЖБСК і 10 жылых дамоў — у сельгасарганізацыях. Прадугледжваецца таксама газіфікацыя аграгарадкоў Сцяпанкі і Крыўляны, падвядзенне газу да вёскі Сакалова.
Няпроста складваецца адыходзячы год для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, але работнікі галіны дасягнулі  неблагіх вынікаў. Працягвалася рэканструкцыя малочнатаварных фермаў, у стадыі завяршэння будаўніцтва свінагадоўчага комплексу на 24 тыс. галоў. Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах склала 353,3 млрд. руб. Валавы збор зерневых перавысіў 42 тыс. тон, буракоў — 54,2 тыс. Няблага працавалі і жывёлаводы раёна. Валавая вытворчасць малака за 11 месяцаў 2013г. — 48,7 тыс. тон, надой на карову — 5265 кг. Дзякуй за працу радавым працаўнікам сельскай гаспадаркі, кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў.
Палепшыўся дабрабыт нашых людзей. Сярэднемесячная заработная плата за студзень-кастрычнік у раёне — 4 млн. 810 тыс. руб. Яна вырасла ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам на 39,4%.
Нямала сіл і сродкаў затрачана на добраўпарадкаванне горада і сельскіх населеных пунктаў, на прывядзенне ў належны выгляд помнікаў гісторыі культуры Жабінкаўшчыны. За ўсё гэта выказваю ўдзячнасць працоўным калектывам, працаўнікам вёскі, інтэлігенцыі і моладзі.
Дарагія сябры! Надыходзячы год азнаменаваны вялікім святам — 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Хачу выказаць словы глыбокай падзякі ветэранам вайны і працы, усім, хто на фронце і ў тылу, у партызанскіх атрадах і ў падполлі набліжаў Вялікую Перамогу.
Звяртаюся да ветэранаў, бацькоў і настаўнікаў. Мы павінны даць падрастаючаму пакаленню дастойную пуцёўку ў жыццё, выхаваць у кожным маладым чалавеку патрыёта і грамадзяніна, які ганарыўся б сваёй сям’ёй, школай, краінай, гатоў быў да абароны Айчыны.
Моладзі Жабінкаўшчыны жадаю невычэрпнай энергіі, смелых планаў, надзейных сяброў. Вы — наша надзея і будучае.
Самыя цёплыя віншаванні і пажаданні вам, дарагія, мілыя, добрыя жанчыны! Менавіта вы робіце ўтульным і цёплым дом, саграваеце нас сваёй любоўю і ўвагай. Няхай наступны год прынясе вам радасць і шчасце.
Хачу, каб людзі жылі ў міры і дастатку. Каб у кожным доме панавалі любоў і ўзаемаразуменне, а ў сем’ях нараджаліся дзеці. Каб пажылыя людзі адчувалі паўсядзённы клопат і ўвагу.
Няхай 2014-ы стане годам добрых перамен, апраўдае нашы надзеі, прынясе мір, здароўе і дабрабыт у кожную беларускую сям’ю. З Новым годам, дарагія жабінкаўцы!
З павагай, старшыня раённага выканаўчага камітэта Ф.Ф.Каланчук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top