Зноў пра чуму свіней стагоддзя

Зноў пра чуму свіней стагоддзя

mainКалі сем гадоў назад выпадкі захворвання свіней на афрыканскую чуму выявіліся ў Расіі, многія жыхары Беларусі падумалі аб тым, што нас гэтая бяда абміне. Не абмінула. Гэта была справа часу. Сёлета перад нашай краінай у цэлым і перад ветэрынарнай службай у прыватнасці ўзнікла складаная праблема ў сувязі з рэгістрацыяй афрыканскай чумы свіней у шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Аб тым, што гэта за хвароба і ці закранула яна Жабінкаўшчыну, — гутарка з галоўным ветэрынарным урачом раёна, начальнікам Жабінкаўскай раённай ветэрынарнай станцыі Васілём Фёдаравічам Кавальчуком.
— Для вяскоўцаў, якія спакон веку гадуюць свіней і жывуць з гэтага, тэма афрыканскай чумы вельмі актуальная. Раскажыце падрабязней пра гэтую напасць.
— Афрыканская чума свіней адносіцца да групы асабліва небяспечных хвароб. Гэта інфекцыйная хвароба толькі свойскіх і дзікіх свіней, якая выклікаецца вірусам, што незалежна ад спосабу распаўсюджвання паражае 100% жывёл усіх узростаў і характарызуецца высокай лятальнасцю. Вірус устойлівы да фізічных і хімічных фактараў. Адзіны спосаб пазбавіцца ад узбуджальніка — знішчэнне свіней-пераносчыкаў. Між іншым, ён захоўваецца ў трупах жывёл да 10 тыдняў, у мясе ад хворых — 155 дзён, у вяндліне — да 5 месяцаў, у гноі — да 3 месяцаў.
— Якія меры прымаюцца, каб зберагчы свінагадоўчую галіну?
— У рэспубліцы існуе план мерапрыемстваў у папярэджанні заносу і распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней. Гэта праблема не толькі ветэрынарная, адказнымі за выкананне дадзенага плана на Жабінкаўшчыне з’яўляюцца, напрыклад, райвыканкам, сельсаветы, РАУС, райспажыўтаварыства, МНС, лясгас, камбікормавы завод. Людзям неабходна выконваць тое, што ад іх патрабуюць дадзеныя арганізацыі: напрыклад, дапускаць спецыялістаў ветслужбы для агляду хлявоў, для абследавання жыўнасці. У вёсках павінен пастаянна ажыццяўляцца кантроль ветурачом. Калі на афрыканскую чуму захварэе хаця б адна свіння ў гаспадарцы, трэба знішчаць і ўсіх астатніх. І ні ў якім выпадку нельга займацца самалячэннем, бо ёсць рызыка пераблытаць хваробы з падобнымі сімптомамі. Трэба звяртацца да ветурача або ў ветстанцыю.
— На сённяшні дзень толькі вёска Мышчыцы Жабінкаўскага раёна знаходзіцца ў буфернай зоне вакол свінагадоўчай фермы “Пецькі” Кобрынскага. Аднак будуецца свінакомплекс і ў нашым раёне.
— Так, у сакавіку 2014 года плануецца ўвядзенне свінакомплексу, які належыць ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, у вёсцы Сычова. Да сакавіка ва ўсіх вёсках, якія ўваходзяць у 5-кіламетровую зону (Сычова, Пералум’е, Бараны, Баранцы, Азяты, Тамашкі, Ліскі, Багданы і тыя ж Мышчыцы), насельніцтва павінна ажыццявіць забой ці продаж свіней. Так, асноўная частка гаспадароў з Мышчыцаў выканала прадпісанне на недапушчэнне ўтрымання свіней. Грамадзяне ж, якія да сакавіка не ліквідуюць пагалоўе свіней, будуць несці адміністрацыйную адказнасць і карацца штрафам да 2 мільёнаў рублёў. Праверкі на выяўленне свіней у буфернай зоне плануем праводзіць пастаянна.
— Выявіць выпадкі захворвання на афрыканскую чуму сярод свойскіх свіней прасцей. А як быць з дзікімі?
— Вы закранулі самае балючае пытанне. Нядаўна ў Старасельскім лесе было выяўлена некалькі выпадкаў паморку дзікоў, але не ад афрыканскай чумы. Дзікоў немагчыма агледзець, а прыйсці яны могуць куды заўгодна і заразіць свойскую жывёлу. Таму паляўнічым даведзена знішчыць дзікіх свіней да мінімуму. Так, у Жабінкаўскім раёне было 80 дзікоў, больш за 50 ужо адстрэлена. Забітую тушу паляўнічыя павінны праверыць у лабараторыі ветэкспертызы на гарадскім рынку.
— Васіль Фёдаравіч, якія кампенсацыі будуць выплачаны гаспадарам, што апынуцца ў зоне ліквідацыі ачагоў афрыканскай чумы свіней?
— Калі адбудзецца такая сітуацыя, свінню ці парася вымушаны будуць забраць адпаведныя службы, а іх уладальнікам пакрыюць затраты ў памеры 18 337 рублёў за 1 кг жывой вагі свінні і не менш за 600 000 рублёў за парася вагой да 30 кг.
— Што рабіць гаспадарам, калі іх свіння раптам ні з таго, ні з сяго здохла?
— Ні ў якім  выпадку не закопваць тушу. Трэба звярнуцца да ветурача, ён паставіць дыягназ і скажа, што рабіць далей. Як вядома, беражонага Бог беражэ. Выконвайце рэкамендацыі, прыведзеныя ніжэй, і няхай хваробы абмінуць і вас, і вашу жыўнасць.

ШТО ТРЭБА ВЕДАЦЬ ПРА АФРЫКАНСКУЮ ЧУМУ СВІНЕЙ (АЧС)

● Характарызуецца хуткім распаўсюджваннем, высокай ступенню смяротнасці гэтых жывёл.
● Гіне да 100 % свіней, якія захварэлі.
● Хвароба не ўяўляе небяспекі для здароўя людзей.
● Лекавыя сродкі для прафілактыкі і лячэння АЧС адсутнічаюць.
● Крыніца хвароб — хворыя свінні, якія выдзяляюць вірус з мачой, калам, выдзяленнямі з носа і іншымі.
● Перадача захворвання адбываецца праз заражаныя вірусам кармы, падсцілку, гной, трупы і прадукты забою жывёл.
● Ад заражэння да з’яўлення клінічных прыкмет захворвання праходзіць 2-7 дзён. У жывёл павышаецца тэмпература цела да 42°С, з’яўляюцца адышка, кашаль, знікае апетыт, узмацняецца смага, адзначаюцца прыступы ванітаванняў і паралічу задніх канечнасцяў, на скуры ўнутранай паверхні сцёгнаў, на жываце, шыі, за вушамі, на пятачку і хвасце з’яўляюцца прыкметныя чырвона-фіялетавыя плямы. Смерць настае на 1-5-ы дзень.
Каб не дапусціць узнікнення і распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней, неабходна выконваць наступныя меры:
*    праводзіць штодзённы агляд з мэтай своечасовага выяўлення магчымага захворвання;
*    не скормліваць харчовыя адходы і адходы, атрыманыя пасля забою свіней, утылізаваць іх ва ўстаноўленых месцах;
*    не набываць кармы і кармавыя дабаўкі невядомага паходжання ў нявызначаных для гэтага гандлёвых месцах (абавязкова мець дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне і бяспеку кармоў, наяўнасць дазволу на гандаль і г.д.);
*    не набываць жывых свіней, мяса і мясапрадукты ў нявызначаных для гэтага гандлёвых кропках, без ветэрынарных дакументаў;
*    дапускаць ветэрынарных урачоў на тэрыторыю прыватных падворкаў для агляду свіней і правядзення мерапрыемстваў;
*    неадкладна паведамляць аб усіх выпадках захворвання спецыялістам ветэрынарнай службы ці ў сельвыканкам;
*    не дапускаць наведвання падворкаў невядомымі асобамі;
*    весці барацьбу з грызунамі;
*    не завозіць свіней без узгаднення з дзяржаўнай ветэрынарнай службай раёна з іншых рэгіёнаў.
ПАМЯТАЙЦЕ: выкананне вамі гэтых рэкамендацый накіравана на папярэджанне заносу АЧС на тэрыторыю вашых падворкаў і прадухіленне эканамічных страт.
Гутарыла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top