Непаўторны спадчынны напеў

Непаўторны спадчынны напеў

IMG_6187
Песні — адмысловыя лекі, патрэбныя ў гадзіны радасці і хвіліны болю. Рынчукам вядома гэта дакладна, таму музыка ў сям’і займае пачэснае месца. Як у Здзітаве, у бацькоўскай хаце, пачынаюцца сямейныя “вячоркі”, суседзі заўважаюць: “Мабыць, зноў у іх нейкае свята?!”
ЁСЦЬ ТАКОЕ МЕСЦА на карце Кобрынскага раёна, адкуль лічаныя кіламетры да камянецкіх, пружанскіх і жабінкаўскіх земляў. Пасярэдзіне гэтага трохкутніка — вёска Заверша, малая радзіма Пятра Міхайлавіча Данілюка, бацькі Тамары Рынчук.
Сюды Рынчукі любяць прыязджаць на адпачынак. Бо добра ля вытокаў. У блізкім лесе гожа і ў залатую пару, і ў снежную; сэрца радуецца, як веснавымі сокамі зямля наталяецца або стаіць спякота невыносная… Пройдзешся лесам да Заверша — нібыта ў жывой крыніцы памыешся.
А да матулінай радзімы едзе Тамара Пятроўна зрэдку. Хоць таксама не далёкі край: Маларыцкі раён, вёска Хмелішча. І адтуль яе вытокі, пра якія не забудзеш.
Але ж вытокі тыя не крынічныя, а вогненныя.
Балюча чытаць на помніку пра лёс Хмелішча. Кастрычніцкім ранкам 1942 года карнікі (той самы батальён, што раней знішчыў Драмлёва) спалілі вёску, усе 39 хат. Сярод 128 забітых — імёны Пятра ды Пелагеі, Тамарыных дзядулі і бабулі…
БЫЎ ЧАС, КАЛІ БАЦЬКІ стваралі сваю “педагагічную паэму”: Пётр Міхайлавіч стаў дырэктарам школы ў Антанове, а затым у Свішчах. Ганна Пятроўна вучыла самых маленькіх школьнікаў у Антанове ды Завершы.
Цяпер жывуць яны шмат гадоў у Здзітаве, сагрэтыя пяшчотай ды павагай блізкіх, родных. А тыя дарогу да бацькоўскай хаты не забываюць — і цяпер памятаюць, як 35 гадоў таму тут упершыню Тамара сустрэла Мікалая. У сямейным альбоме дасюль захоўваецца “сведка” таго спаткання.
Тады ў суседзяў гудзела бяседа. Коля ўвасобліваў на фотастужку моманты чужога шчасця, а Ганна Пятроўна раптам пажартавала:
— Эй, зяцёк, і маю дачку сфатаграфуй!
У тое імгненне разам з успышкай — з першага погляду — успыхнула паміж дзяўчынай і хлопцам нешта прыгожае, яркае, што й праз многія гады заўважна, нават у чорна-белым выкананні.
Як юнак у войску служыў, дзяўчына верна чакала. Абодва дні лічылі да новага спаткання. Як салдат вярнуўся ды паклікаў нявесту пад вянец, напоўніўся сямейны альбом новымі фотаздымкамі — з момантамі ўласнага шчасця.
БЫЛО ГЭТА 23 кастрычніка 1982 года…
Тут мы павінны паставіць шматкроп’е і зрабіць паўзу.
Бо наўрад ці ў той вясёлы дзень маладыя звярнулі ўвагу на збег датаў: 23 кастрычніка споўнілася роўна сорак гадоў, як згарэла Хмелішча…
Затое памятна іншае: пра новае жыццё, а не пра трагічную пагібель.
Толькі сват узяўся дзяліць вясельны каравай, як у залу забег Міша Данілюк. Старэйшы брат маладой не мог стрымаць свайго шчаслівага крыку:
— У мяне толькі што сын нарадзіўся!
Вось як бывае ў жыцці людскім: вяселле, нараджэнне, смутак прыходзяць адначасна, нібыта ў той дакучлівай рэкламе — тры ў адным!
ДАЛЕЙ — ЖЫЦЦЁВЫМ ПАРАДКАМ: з’явілася ўласнае жытло, любімая праца, нарадзіліся сын і дачка, затым, як час прыспеў, і ўнук з унучкаю. Так, не аднойчы была прычына спяваць самадзейным сямейным калектывам.
— Песня ў нас спадчынная, — гаворыць Тамара Пятроўна. — Колін бацька Уладзімір Барысавіч іграў на гармоніку, сам Мікалай некалі атрымаў на дзень нараджэння ад брата баян і асвоіў гэты інструмент, дзеці пайшлі яшчэ далей: Лёня навучыўся музіцыраваць на клавішных, а Іра — вядомая наша спявачка.
Калі ёсць аптымістычны настрой — вершы самі на душу, як на ноты, кладуцца. Тады абавязкова нараджаюцца песні. Мо самыя радасныя гучалі сёлета 9 ліпеня, калі святкаваўся юбілей Тамары Пятроўны.
За паўстагоддзя, дзякуй Богу, набыткаў у яе жыцці было значна больш, чым стратаў. Ужо 22 гады як Тамара Рынчук — старшая медсястра ў жабінкаўскай паліклініцы. Аб’ём працы і адказнасць у яе немалыя, але любыя складанасці спаўна кампенсуе любоў да занятку, які выбрала аднойчы і назаўжды.
…У сям’і таксама ёсць гармоніі прыкмета: гучыць ужо шмат год ва ўнісон іх непаўторны спадчынны напеў.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Мікалай і Тамара Рынчукі разам з дачкой Ірынай і ўнукам Сашам.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top