Сказка во дворе своими руками

Сказка во дворе своими руками

Пейзаж на Месяцовай
У даўнія часы, калі чалавек яшчэ і сваю зямлю не ведаў дасканала, ён ужо ўглядаўся на месяц, шкадуючы, што не можа пабачыць казачны незямны пейзаж. Потым прыдумаў ракету, даляцеў, дакрануўся і …
Нядаўна мы пабывалі на вуліцы Месяцовая ў Жабінцы, пабачылі тамтэйшы пейзаж і зусім не расчараваліся. Хоць гаспадар запэўніваў сціпла:
— У нас усё звычайна, — але было бачна, што Юрый Брэнька задаволены тым, што зроблена ўласнымі рукамі. На ягоны падворак мы завіталі пасля званка маці Юрыя — Ядвігі Адамаўны, якая ў захапленні ад таго, як жывуць сын з нявесткаю.
Усё пачалося, калі пятнаццаць гадоў таму Юрый і Ала пабраліся шлюбам. Маладыя адразу вырашылі, што жыць будуць у новым утульным доме, не на паверсе, а на сваёй зямлі. Набылі ўчастак і пачалі патроху ажыццяўляць мару. Дапамагаў будавацца бацька Юрыя — Міхаіл Іванавіч, што звыш сарака гадоў адпрацаваў у ПМК-19. А потым (пасля вяртання з войска) далучыўся і малодшы брат Эдуард. Паміж роднымі заўжды паразуменне: абодва зараз працуюць у ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, у адным цэху, нават дамы іх побач, агульныя святы, аднолькавыя мары. Эдуард прыглядзеўся да хараства, што з’явілася на суседнім падворку, і таксама пайшоў братавай дарогай: майструе, разбівае кветнікі, робіць гожы ставок.
Юрый і Ала ўспамінаюць пачатак 2002 года. Навагодняе свята сустракалі яшчэ ў бацькоўскім доме, дзе жылі з дня вяселля, куды неўзабаве прывезлі першанца Сярожку, а на Вадохрышча вырашылі: прыйшла пара ў новы дом перабірацца. У той святочны вечар упершыню засвяціў на Месяцовай у хаце №2 сямейны агеньчык.
— Адкуль “рэцэпты” прыгажосці? —пацікавіліся ў гаспадыні, бо зразумелі, што без клапатлівых жаночых рук тут не абышлося.
— Найперш, людзі добрыя раілі, — пачала свой пералік Ала Міхайлаўна. — Цяпер шмат хто займаецца добраўпарадкаваннем свайго жытла. Далей даваў падказкі інтэрнэт. Каб не заблукаць у бязмежным моры сусветнай “павуціны”, дапамог Сярожа.
Пра сына Ала Брэнька гаворыць з гордасцю і задавальненнем, быццам пра лепшую кветку, што выгадавала.
— Магу ім хваліцца, бо сам ніколі не скажа пра свае поспехі: надта сціплы. Скончыў восьмы клас у трэцяй гарадской школе, тры разы займаў першае месца на алімпіядах па матэматыцы, мае поспехі ў фізіцы і геаграфіі, любіць інфарматыку.
Так, сённяшняя моладзь арыентуецца ў найноўшых вынаходніцтвах. Сяргей Брэнька, якому хутка пятнаццаць, нярэдка “заглядвае” ў інтэрнэт, падказваючы маме адрасы прыгажосці.
Яна ўмее развіць усялякую ідэю, насяліць падворак казачнымі персанажамі: буслікам, што, раскінуўшы па-сяброўску крылы, сустракае гасцей, гномам, якому збудаваны трохвежавы “палац”… І ў ліпеньскую спякоту, калі навокал млосна, на падворку на Месяцовай — прахалода, ціха бяжыць вада з глечыка па камянях у штучны ставок, з якога струменіцца невялікі фантан. А навокал — царства квецені: герані, лілеі, вечназялёныя рададэндроны… Многія з гэтых красак гаспадыня разводзіла з парасткаў, якія прыжыліся, пайшлі ў рост, распаўсюдзіліся. Бо старое бы свет выслоўе: прыгажосць нараджае прыгажосць…
Часам маці Алы — Надзея Паўлаўна Галавейка, прыязджаючы з Агароднікаў, з усмешкаю гаворыць, быццам весела пад’юджвае:
— Няўжо, дачушка, гэтых белых птушак, што плаваюць у басейне, сама зрабіла? Прызнайся, мабыць, купіла.
А для маленькай Паліны, якая гадуецца ў доме на Месяцовай, гэтыя лебедзі — самыя сапраўдныя. Яна ўдзячная бацькам за казку, падоранную з дня нараджэння.
Напрыканцы апошні “рэцэпт” ад Юрыя і Алы:
— Калі на месяцы нельга стварыць жыцця, дык на зямлі яно разнастайнае і прыгожае. Прыкладзіце рукі, розум, уключыце фантазію, каб добраўпарадкаваць пейзаж на Месяцовай і іншых вуліцах роднага горада.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымках: на падворку Юрыя Міхайлавіча і Алы Міхайлаўны Брэнькаў.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. оооо а эт мой крёсный
    у них ваще во дворе класно

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top