Выдасць квіток у любы куток

Выдасць квіток у любы куток

IMG_6024Вельмі люблю падарожнічаць на цягніках. Падабаецца слухаць грукат колаў, весці размову з суседзямі па вагоне. А прадвызначае наш пасажырскі лёс — у якім вагоне ехаць і на якім месцы — у большасці выпадкаў білетны касір. Галіна Мікалаеўна Лучко, білетны касір чыгуначнай станцыі “Жабінка”, 31 год выдае пасажырам квіткі на праезд і жадае ім шчаслівай дарогі.

Дынастыя чыгуначнікаў

Галіна Мікалаеўна родам з Піншчыны. Пасля заканчэння школы паступіла ў Магілёўскае культурна-асветніцкае вучылішча імя Н.К.Крупскай. Па адукацыі бібліятэкар і культработнік. На Жабінкаўшчыну прыехала паводле размеркавання. Але ў культуры працавала ўсяго паўгода — дырэктарам Мышчыцкага Дома культуры.
— У 1977-ым я выйшла замуж за чыгуначніка. У той час акурат адчынілася Жабінкаўская прамывачна-прапарачная станцыя, куды і перайшла, працавала аператарам да дэкрэтнага адпачынку. У 1982 годзе прыйшла на чыгуначную станцыю білетным касірам, — расказвае Галіна Мікалаеўна. — Муж скончыў чыгуначны тэхнікум, ён старшы электрамеханік Брэсцкай дыстанцыі сігналізацыі сувязі. Сын таксама чыгуначнік, працуе электрамеханікам там, дзе й бацька. Дачка скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту ў Гомелі. Пад час вучобы пазнаёмілася з будучым мужам, маладыя ажаніліся, і на 4-ым курсе ў іх нарадзіўся сын Мікіта. Хлопчык разам з бацькамі “абараняў” дыпломныя работы, так што можна смела сцвярджаць, што ён таксама чыгуначнік. Малодшае наша пакаленне апошнія 11 гадоў жыве ў Оршы, працуе ў Аршанскай дыстанцыі сігналізацыі сувязі.
На гэтым, дарэчы, дынастыя чыгуначнікаў Лучко не заканчваецца. Іх нявестка таксама чыгуначнік: працуе ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці інжынерам тэхаддзела. Яе мама і тата таксама работнікі чыгункі.

Сям’я нібы карал

Галіна Мікалаеўна з мужам 36 гадоў у шлюбе, у мінулым годзе адсвяткавалі палатнянае ці, як яго яшчэ называюць, каралавае вяселле. Палатно, як прынята лічыць, сімвалізуе трываласць, а карал – здольнасць хутка разрастацца і ўтвараць вялікія рыфы. За 35 год сям’я, як карал паліпамі, абрастае дзецьмі, унукамі.
У Галіны Мікалаеўны двое дзяцей і чацвёра ўнукаў. Даччыныя дзеткі  Мікіта і Надзея рэдка наведваюцца да бабулі, балазе жывуць далёка. Сям’я малодшага Лучко жыве ў цукразаводскім мікрараёне Жабінкі. Унук Дзяніска амаль кожныя выхадныя ў бабулі з дзядулем і з вялікай неахвотай вяртаецца дадому.
— Кажуць, унукаў любяць больш, чым дзяцей. Можа, яно і так. На дзяцей у маладых бацькоў не заўсёды хапае часу: вучоба, праца, будаўніцтва дома, як у нашым выпадку. На ўнуках кампенсуеш тую нерастрачаную любоў і шкадуеш, і песціш іх
удвайне, — разважае Галіна Мікалаеўна.

У чаканні новага жыцця

Памятаеце, як казаў паштальён Печкін: “Я, можа, толькі жыць пачынаю: на пенсію выходжу”. Праўда, білетны касір пакуль працуе, хоць і на пенсіі. Калі спыніць працоўную дзейнасць, марыць пачаць новае жыццё: няньчыцца з унукамі, разводзіць і даглядаць хатнія кветкі, вязаць, шыць, вышываць. “Чалавек заслужыў адпачынак — ён павінен адпачываць”, — кажа жанчына. Галіна Мікалаеўна не хавае, што крыху стамілася ад складанасцяў жыцця, ад людскога шуму.
— Самі будавалі з мужам дом у Жабінцы. Цяжка было, дапамогі ніякай, гаспадарку трымалі вялікую: дзвюх кароў, авечак, свіней, курэй. Зараз таксама разводзім свіней і курэй. Муж падзяляе маё захапленне пакаёвымі кветкамі, — дзеліцца Галіна Мікалаеўна.

Душа баліць па ўсім

У той дзень Галіна Лучко была дома. Вестка пра пажар у вагоне-рэстаране цягніка Брэст-Масква (2 снежня г.г.) яе ўсхвалявала і напалохала.
— Перажывала, каб людзі не пацярпелі, каб усё абы-шлося. Гэта ж і ўрон чыгунцы, і затрымка ў руху. Знаёмыя амаль тры гадзіны стаялі на станцыі Брэст-Усходні. Людзі спазніліся ў месцы прызначэння, здавалі біле-ты, — успамінае яна.
У Галіны Мікалаеўны душа баліць па ўсім.
— Іду на працу і хвалююся: хоць бы змена добра прайшла — без здарэнняў і канфліктаў. Здам змену, вяртаюся дадому і зноў перажываю: можа, трэба было іншы цягнік прапанаваць пасажыру — больш зручны ці больш танны. Заўсёды стараюся ўлічыць пры выдачы білета ўсе пажаданні падарожніка. За суткі мы з напарніцай абілечваем больш за тысячу чалавек. Найбольш пасажыраў раніцай у гадзіну пік. Людзі спяшаюцца, нервуюцца, і іх нервовасць перадаецца касіру. Усё прапускаю праз сябе. Многіх пазнаю па голасе, калі яны тэлефануюць на вакзал. Ведаю ў твар усіх, хто ездзіць на працу ў Брэст, — дадала на заканчэнне гаворкі білетны касір.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top