Untitled-1

На Жабінкаўшчыну з рабочай паездкай

18 снежня ў нашым раёне з рабочай паездкай пабываў намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Валянцінавіч Руды. Ён наведаў першую і другую гарадскія адзінаццацігодкі, ДУА “Яслі-сад №1 г.Жабінка”. Пад час знаходжання ў калектывах ён пазнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай, створанымі ўмовамі для бяспечнай жыццядзейнасці выхаванцаў і педагогаў, аснашчанасцю ўстаноў адукацыі і дашкольнага выхавання сродкамі навучання. А яшчэ С.В.Руды правёў сустрэчу з калектывам ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Жабінка” і адказаў на пытанні настаўнікаў.
Напрыканцы паездкі госць Жабінкаўшчыны сустрэўся са старшынёй райвыканкама Ф.Ф.Каланчуком.

Пра вынікі раённых алімпіяд

Завяршыўся другі этап рэспубліканскай алімпіяды ў вучэбных прадметах, у якім прынялі ўдзел 215 вучняў школ раёна. З іх 46 атрымалі дыпломы розных ступеняў. Сярод навучальных устаноў Жабінкаўшчыны найбольшая колькасць узнагарод — 15 дыпломаў — у вучняў сярэдняй школы №3 г.Жабінка, 14 — прынеслі сваёй установе вучні гарадскога ліцэя, 12 — вучні першай гарадской адзінаццацігодкі.
Пры правядзенні раённай прадметнай алімпіяды высокі ўзровень адукацыйнай падрыхтоўкі паказалі вучні па рускай мове і літаратуры. Найлепшы паказчык у выкананні заданняў у гэтым прадмеце ў ліцэістак: выпускніцы Настассі Сідорка — 88,8% і дзесяцікласніцы Аляксандры Мартынчук — 74%, а таксама ў дзевяцікласніцы сярэдняй школы №1 г.Жабінка Варвары Прановіч — 71,8%.
Высокія паказчыкі ў выкананні алімпіядных заданняў па англійскай мове — 73% у выпускніцы ліцэя Дар’і Масяйчук, беларускай мове і літаратуры — 70% у дзесяцікласніцы першай гарадской адзінаццацігодкі Марыі Панасюк.
24 вучні школ раёна прымуць удзел у абласным этапе прадметных алімпіяд, які пройдзе з 13 па 17 студзеня 2014 года ў розных гарадах вобласці.

“Заасфера-2013”

Пад такой назвай у Санкт-Пецярбурзе прайшла 22-ая міжнародная выстава тавараў і паслуг для свойскіх жывёл, у якой прынялі ўдзел спецыялісты камбікормавага завода.
Каля 250 фірм-удзельніц, якія займаюцца вытворчасцю тавараў для свойскіх гадаванцаў, з’ехаліся ў Паўночную сталіцу Расійскай Федэрацыі, каб паказаць і расказаць пра сваю прадукцыю і паслугі. Сярод іх — вытворцы Расіі, Украіны, Кітая, Індыі, Бразіліі, Сінгапура, Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, Бельгіі, Турцыі, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Нідэрландаў, Аўстраліі.
Пад час выставы жабінкаўцы наладжвалі сувязі з патэнцыяльнымі аптовымі пакупнікамі розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Усе, хто зацікавіўся прадукцыяй нашага камбікормавага завода, змаглі атрымаць патрэбную інфармацыю пра сухія кармы, іх склад, нормы кармлення, а таксама ўмовы пастаўкі, плацяжы. Наведвальнікі мелі магчымасць атрымаць кансультацыю вядучага ветэрынарнага ўрача аддзела маркетынгу Віктара Іванавіча Алексеюка па пытаннях кармлення хатніх гадаванцаў. Многія расійскія пакупнікі аддалі перавагу прадукцыі Жабінкаўскага камбікормавага.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top