“Кніжная торбачка”

“Кніжная торбачка”

 

DSC06915
Пад такой назвай у цукровазаводскай гарадской бібліятэцы прайшла літаратурная імпрэза, удзельнікамі якой былі вучні 6 “Б” класа СШ №2. Яны пазнаёміліся з творамі беларускіх пісьменнікаў, з кнігамі пра Беларусь, якія дапамаглі ім здзейсніць падарожжа па гарадах, мястэчках і вёсках краіны, а таксама – у часе.
Кніга вядомага беларускага пісьменніка, заслужанага работніка культуры Беларусі Івана Муравейкі “Куды ні пойдзеш — цуды знойдзеш” складаецца з трох раздзелаў. Вершаваныя і празаічныя творы з іх дапамаглі стварыць добры настрой хлопчыкам і дзяўчынкам. Даведаліся юныя чытачы і пра кнігу празаіка і паэтэсы Таццяны Мушынскай “Вожыкі ў футбол гуляюць”. Творы прасякнуты радасцю, гумарам і трапнымі назіраннямі. Іх дапаўняюць маляўнічыя ілюстрацыі вядомай мастачкі Галіны Хінкі-Янушкевіч і ствараюць яркі, прывабны вобраз навакольнага свету.
Наступная кніга, з якой пазнаёміліся на імпрэзе дзеці, — “Эрпіды на планеце Зямля”. Павел Місько распавядае ў сваёй фантастычнай і вясёлай аповесці пра знаёмства робатаў з зямлянамі. З іншай яго аповесці “Навасёлы” дзеці даведаліся, як трэба пазнаваць жыццё і людзей і ўмець адказваць за свае ўчынкі. Кніга пра тое, як нялёгка быць малым, адстойваць сваё “я”.
Шасцікласнікам вядучыя расказалі яшчэ пра аднаго цікавага дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага і яго кнігу “Каралева белых прынцэс”. Перад вучнямі раскрыўся чароўны свет дзяцінства. Увазе ўдзельнікаў імпрэзы былі прапанаваны яшчэ аповесці-казкі Аляксандра Бадака і Сяргея Мінскевіча. Так, напрыклад, у аповесці апошняга “Усмешка Жалобнай Каралевы”  героі трапляюць у драматычныя, камічныя і часам вельмі небяспечныя сітуацыі. Яны разгадваюць шмат таямніц і вытрымліваюць неверагодныя выпрабаванні.
Юныя чытачы з цікавасцю разглядалі кнігі, прапанаваныя бібліятэкарам. Мерапрыемства было арганізавана у рамках месячніка папулярызацыі нацыянальнай мастацкай літаратуры. Куточак беларускай літаратуры зацікавіў не толькі дзяцей, але й некаторых дарослых.
Таццяна РАМАНАВА, бібліятэкар.
На здымках: пад час літаратурнай імпрэзы “Кніжная торбачка”.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

DSC07001У цукровазаводскай бібліятэцы ўвазе чытачоў  прапанавана новая выстава, прысвечаная паўвекавому юбілею цукровага завода. На кніжных паліцах размясціліся кнігі, брашуры, публікацыі, якія расказваюць пра гісторыю прадпрыемства, яго набыткі і магчымасці. У фота-вернісажы «Так усё пачыналася» можна ўбачыць фотаздымкі нават пяцідзесяцігадовай даўнасці, а таксама партрэты людзей, якія многа сіл і энергіі аддалі роднаму заводу. Запрашаем вас пазнаёміцца з выставай.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top