50 гадоў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”

  І вецер-спадарожнік караблю ў дапамогу!

IMG_6082Міжволі з вуснаў генеральнага дырэктара ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктара Міронава прагучала параўнанне роднага прадпрыемства з магутным караблём, што вось ужо паўвека ўпэўнена ходзіць у гавань дзякуючы спадарожным вятрам. Удаласць гэтых, амаль паэтычных вобразаў, пацвярджаюць гісторыя і сённяшні дзень завода, які з першых дзён заснавання зрабіўся візітоўкай не толькі Жабінкі, але ўсёй Брэстчыны і нават Беларусі.

Той, хто час аперажае, звычайна выглядае ў вачах іншых дзіваком. Менавіта такім лічылі сучаснікі гаспадара маёнтка Вежкі Шпакоўскага, які амаль 190 гадоў таму пабудаваў першую цукраварню на нашай зямлі. Гэты гістарычны факт сведчыць: традыцыі вырабу цукру на Жабінкаўшчыне маюць даўнія вытокі, але справа гэта ніколі не была простай. Тэхналагічны цыкл вытворчасці цукру таксама быў распрацаваны ў Беларусі ўпершыню на Берасцейшчыне ў ХІХ стагоддзі таленавітым навукоўцам і вынаходнікам Аляксандрам Скірмунтам, што стварыў заводы пад Янавам і Пінскам.
Аднак трэба было яшчэ шмат часу, каб мары палескіх першапачынальнікаў увасобіліся ў жыццё ў выглядзе такога магутнага прадпрыемства, як Жабінкаўскі цукровы завод.
Рашэнне пра яго будаўніцтва, прынятае на ўзроўні Савета Міністраў СССР, адразу набыло маштабы ўсесаюзнай будоўлі і рэалізавалася за тры гады.
Днём нараджэння прадпрыемства лічыцца 26 снежня 1963 года, калі адбыўся пуск заводскага абсталявання, што дало старт вытворчасці першага цукру.
— Ад сваіх пачаткаў прадпрыемства мела стратэгію паступовага развіцця, — гаворыць сённяшні яго кіраўнік. — Завод запрацаваў напярэдадні новага 1964 года, і ўжо ў першыя дні калектыў здолеў дасягнуць амаль 3000 тон перапрацоўкі цукровых буракоў у суткі. У наступным годзе пачалася перапрацоўка і кубінскага цукру-сырцу, што дазволіла прыкметна павялічыць аб’ёмы вытворчасці і палепшыць эканамічныя паказчыкі.
Цяжка перабольшыць значэнне цукровага завода ў жыцці жабінкаўскага краю. Яго ўзнікненне, а затым паспяховая рэалізацыя цукраварамі пастаўленых перад імі задач, дапамаглі ў 1966 годзе адрадзіць на карце Беларускай ССР Жабінкаўскі раён, а далучэнне пасёлка цукравараў да райцэнтра паспрыяла, каб напрыканцы 1970-га Жабінка набыла статус горада. І сёння значэнне прадпрыемства як градаўтваральнага толькі ўзмацняецца год ад году. За паўвека існавання за сродкі завода пабудавана больш за 800 кватэр, сярэдняя агульнаадукацыйная і музычная школы, дзіцячы сад і Дом культуры, цэлая сетка магазінаў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Бадзёрасць” і г.д.
Да першара свайго дзесяцігоддзя цукравары падышлі з добрымі паказчыкамі: прыбытак складаў чатыры мільёны рублёў, прадпрыемства за вялікія вытворчыя поспехі ўганаравана Пераходным Чырвоным Сцягам ЦК КПБ, занесена на Усесаюзную Дошку гонару на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. (Да слова, падобныя ўганараванні адбываліся і надалей: у 1977, 1986-1988 гадах).
Вядома, складніком гэтых агульназаводскіх поспехаў была штодзённая праца людзей. Пра іх кіраўнік гаворыць з асаблівай удзячнасцю, выказвае пры гэтым просьбу да журналістаў:
— Гаварыце больш аб працаўніках — яны галоўныя ў кожнай нашай справе, у кожным пачынанні. Найперш хочацца назваць прозвішчы ардэнаносцаў. Кавалерам ордэна Леніна ў свой час стаў аператар дыфузіі Пётр Іванавіч Чэчалеў, пераможца Усесаюзнага спаборніцтва ў сваёй галіне. Двойчы заслужаныя ўзнагароды атрымалі брыгадзір слесараў Уладзімір Якімавіч Вайцюк (у ягонай скарбонцы ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі) і заслужаны працаўнік прамысловасці Беларусі Генадзь Іванавіч Вялько, кавалер ордэнаў “Знак Пашаны” і Дружбы народаў, які тры дзясяткі гадоў узначальваў прадпрыемства.
Ордэн “Знак Пашаны” — высокая дзяржаўная адзнака для працаўніка, што ў свой час зазіхацела на грудзях намесніка дырэктара Івана Лявонцьевіча Шастака і старшага цеплатэхніка Іосіфа Уладзіміравіча Мікуліча, сатуратаршчыцы Марыі Вікенцьеўны Ігнатавай і апаратчыка Марыі Іванаўны Чыжэвіч. Дасягненні каваля Паўла Іванавіча Камарова, начальніка лабараторыі кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі Яўгена Іванавіча Мурашкі, галоўнага тэхнолага Надзеі Барысаўны Шастак адзначаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. Слесары Мікалай Дзмітрыевіч Фалеўка і Юрый Саядавіч Саакаў атрымалі ордэны Працоўнай Славы ІІІ ступені.
Рэканструкцыя, абнаў-ленне, мадэрнізацыя — словы-сінонімы, што неаднойчы гучаць з вуснаў генеральнага дырэктара. Навошта гэта патрэбна? Адказ ляжыць, здаецца, на паверхні: каб мець узровень, адпаведны імкліваму часу. Гэта першапачынальнікам нярэдка шчасціла абганяць свой век. ХХІ стагоддзе — час іншых маштабаў, хуткасцяў, аб’ёмаў, вытворчасць узброена найноўшымі тэхналогіямі і абсталяваннем.
Гэта разумелі на прадпрыемстве даўно, таму значная рэканструкцыя адбылася ўжо ў 1989-1996 гадах. Хто памятае рэаліі таго часу, без лішніх слоў разумее, як няпроста было тагачаснаму кіраўніку Г.І.Вялько, яго камандзе, усім працаўнікам. Аднак мадэрнізацыя наспела. У выніку магутнасць прадпрыемства павысілася ў паўтара раза, што дазволіла давесці сутачную перапрацоўку цукровых буракоў да 4500 тон. 30 снежня 1995 года Жабінкаўскі цукровы завод быў пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства.
— Імклівы поступ нашага веку выклікаў новую, ужо другую па ліку буйнамаштабную рэканструкцыю, якая пачалася ў 2003 годзе, —
успамінае сённяшні кіраўнік. — На прадпрыемстве было ўсталявана абсталяванне нямецкай, фінскай, галандскай, іспанскай, украінскай, чэшскай, італьянскай, дацкай вытворчасцяў. Пасля гэтай мадэрнізацыі магутнасць прадпрыемства давялі да 6000 тон цукровых буракоў у суткі. Калі шчыра, дык у той час і мне дасягненне такіх паказчыкаў здавалася фантастычным. У планах было давесці сутачную перапрацоўку буракоў да сямі з паловаю тысяч тон, аднак ужо сёння гэта стала рэальнасцю. Сучаснасць настолькі хуткасная, што прымушае верыць: пасля чарговай рэканструкцыі, якая праводзіцца зараз, перапрацоўка 10 тысяч тон цукровых буракоў у суткі — не за гарамі. Уявіце, зараз кожныя суткі завод вырабляе каля 1000 тон цукру-пяску.
Чарговая рэканструкцыя, разлічаная на пяцігодку, праводзіцца на падставе Дзяржаўнай праграмы развіцця цукровай прамысловасці, зацверджанай вясной 2011 года Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Непасрэдныя партнёры — нямецкая фірма “ІПРО”, мадэрнізацыя ажыццяўляецца пад кантролем службы капітальнага будаўніцтва, якую ўзначальвае намеснік генеральнага дырэктара завода Аляксандр Антонавіч Літвінчук.
— Аснова калектыву — высокакваліфікаваныя інжынерныя кадры, — лічыць Віктар Рыгоравіч Міронаў. — Пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера Васіля Мікалаевіча Бабрука надзейную працу завода забяспечваюць службы галоўнага механіка і галоўнага электрыка, а таксама службы метралогіі, ТЭЦ, вентыляцыі і ізаляцыі. За захаваннем тэхналагічных рэжымаў назірае служба галоўнага тэхнолага, якую ўзначальвае Аксана Мікалаеўна Сідо. Адказная задача ў работнікаў сыравіннай службы, якая працуе пад кіраўніцтвам намесніка гендырэктара — галоўнага агранома Андрэя Яўгенавіча Яраша. У яе складзе — дзевяць буракапрыёмных пунктаў на Брэстчыне і чатыры пагрузачныя пляцоўкі ў Гродзенскай вобласці. Найважнейшая роля адводзіцца камерцыйнай службе, якой кіруе намеснік гендырэктара Ігар Іванавіч Балтрамяюк.
Геаграфія сённяшняга эканамічнага партнёрства ў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” надзвычай разнастайная: прадукцыя прадпрыемства, што найперш пастаўляецца ў краіны Садружнасці Незалежных Дзяржаў, знаходзіць свой збыт і ў Латвіі, Германіі, Польшчы, Грэцыі. Пра жабінкаўскі цукар ведаюць грамадзяне Грузіі і Украіны, Манголіі, Ізраіля і Афганістана, нават далёка за акіянам — у Злучаных Штатах Амерыкі.
Кіраўнік з удзячнасцю гаворыць пра свой вялікі калектыў: на сёння гэта каля 900 працаўнікоў.  У вытворчасці салодкага брэнду нашай Жабінкі і ўсёй Брэстчыны задзейнічаны высокакласныя спецыялісты ў сваёй галіне, здольныя працаваць ва ўмовах сучасных рынкавых адносінаў. А гэта значыць — авалодваць і ўкараняць самыя высокія тэхналогіі, рухацца крок за крокам да высокай мэты: стварэння самага сучаснага прадпрыемства еўрапейскага кшталту.
Так, кожны год — чарговы крок наперад. Бо той магутны карабель, чый вобраз нарадзіўся ў пачатку нашай размовы, насуперак усялякім перашкодам, ідзе сваім фарватарам, ад юбілея — у новы юбілей!
Анатоль РОСТАЎ.

 

«Белае золата» вырабляецца прафесіяналамі

 Паўвеку салодкія крышталікі, вырабленыя жабінкаўскімі цукраварамі, гаспадыні не толькі Беларусі, але й іншых краін выкарыстоўваюць пры гатаванні розных ласункаў, дадаюць у чай ці каву, яны незаменныя пры нарыхтоўках варэнняў, джэмаў з фруктаў і садавіны. Тыя, хто першымі асвойваў тэхналогію выпуску “белага золата”, пайшоў на заслужаны адпачынак. Адбылася змена пакаленняў цукравараў: сыны, дочкі, нават і ўнукі перахапілі эстафету ветэранаў вытворчасці, хутка асвойваюць сучасную тэхніку і ўмела вараць салодкі прадукт. А ці адбыліся змены ў тэхналогіі вытворчасці цукру-пяску, як дбаюць на прадпрыемстве аб якасці, аб максімальным выхадзе яго з сыравіны? Аб гэтым і многім іншым гутарка з галоўным тэхнолагам ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” А.М.Сідо.
— Аксана Мікалаеўна, сезон цукраварэння юбілейнага года мае пэўныя асаблівасці, ці звычайны?
— Для нас, цукравараў, звычайны. Праўда, перад пачаткам яго крышачку хваляваліся ці ўдасца нарыхтаваць столькі сыравіны, каб забяспечыць рытмічную работу абсталявання. Надвор’е асабліва не спрыяла буракаводам, марудна раслі карэнні і назапашваўся ў іх цукар. Нягледзячы на “капрызы” яго, буракі ў большасці нашых пастаўшчыкоў выраслі, і мы нарыхтавалі 1 мільён 46 тысяч тон сыравіны. У кагатах яшчэ чакаюць сваёй падачы ў вытворчасць каля 200 тысяч тон буракоў. Астатнія перапрацаваныя, з якіх зварана каля 115 тысяч тон цукру-пяску. Найбольш эфектыўна працавала прадпрыемства ў верасні-кастрычніку, калі сярэднесутачная вытворчая магутнасць складала 8300-8400 тон. Працяглае захоўванне буракоў у кагатах адмоўна ўплывае на якасць, у тым ліку губляецца і цукар. Напрыклад, у снежні ў сярэднім за суткі перапрацоўваем прыкладна 7760 тон і вырабляем 940-950 тон салодкай прадукцыі. Дарэчы, планавая вытворчая магутнасць завода ў сёлетнім сезоне павінна складаць — 7500 тон буракоў у суткі. Так і будзе, а можа й больш, для сыравіны, што ў кагатах, трэба марознае надвор’е, каб не псавалася і не губляла свае ўласцівасці.
— Цукраварэнне — працэс складаны, усе звенні яго ўзаемазвязаныя. Вы ўжо 23 гады, як прымаеце ўдзел у вытворча-тэхналагічным працэсе. Нешта змянілася ў варцы белага цукру?
— Тэхналогія атрымання цукру-пяску не змянілася за гэтыя гады. Як і была раней трохпрадуктовая схема варкі, так і засталася. Праўда, кардынальна змянілася абсталяванне. Усё яно замежнай вытворчасці, працуе бездакорна, дазваляе максімальна “забіраць” цукар з бураковай стружкі, з меласы, пры ачыстцы бураковага соку некалькімі этапамі крышталізацыі, а таксама іншымі тэхналагічнымі прыёмамі, што выкарыстоўваюцца пры цукраварэнні. Памяняліся прынцыпы і падыходы ў нашай працы. Калі я прыйшла на прадпрыемства, то ў суткі перапрацоў-валася столькі салодкай сыравіны (4 тысячы тон), колькі цяпер за змену. Мы стараемся як мага хутчэй “расквітацца” з буракамі, каб менш страціць цукру (абтымальны перыяд цукраварэння павінен доўжыцца сто сутак). У нас у вытворчасці “прапісаўся” яшчэ й такі прынцып: вырабляць белы цукар-пясок з найменшымі затратамі паліўна-энергетычных рэсурсаў. Такое магчыма на сённяшнім найноўшым абсталяванні.
Збой на адным з этапаў вытворчага цыклу прыводзіць да непапраўных вынікаў на астатніх. Я заўважыла, што ў нас няма абыякавых работнікаў, усе сумленна і прафесійна выконваюць свае абавязкі. Напрыклад, рэзчык сыравіны стараецца, каб стружка была роўнай, цвёрдай і без мязгі, пласцінкавага ці ромбавага сячэння, пэўнай таўшчыні. Тыя, хто працуе на дыфузійных апаратах, імкнуцца, каб стружка аддала ўвесь цукар у ваду, якая, дарэчы, спецыяльна гатуецца з пэўнай канцэнтрацыяй іонавадароду для лепшага працэсу. Сок прапускаецца праз фільтры, праходзіць розныя стадыі тэхналагічнага працэсу: ачышчаецца, загусцявае, варыцца ўтфель і атрымліваецца крышталічны прадукт, які сушыцца, ахалоджваецца і накіроўваецца на захоўванне. На кожнай стадыі працэсу перад тымі, хто варыць “белае золата”, пастаўлена задача — “выціснуць” як мага больш цукру пры найменшых затратах паліўна-энергетычных рэсурсаў. Дзякуючы ўмелым і прафесійным дзеянням такіх работнікаў, як Юрый Казінец, Валерый Дзмітрук, Яўген Качанаў, Аляксандр Астапюк, Жанна Васілеўская, Галіна Назарава, Ірына Фалеўка, Вольга Лукашук, Руслан Зімін, Аляксандр Аўсяйчук, Алег Антончык, Валерый Гаўрылковіч, Андрэй Куркоў, Дзмітрый Шпілько, Вольга Ларына, Васіль Шкутнік, Таццяна Засімук, Наталля Крук, Аляксей Фёдараў выпускаецца прадукт экалагічна чысты і высокай якасці. У ім утрымліваецца 99,8% сахарозы, астатнія 0,2% — гэта глюкоза і фруктоза, якія таксама карысныя для арганізма чалавека. Інакш не скажаш: цукар вараць прафесіяналы.
За захаваннем усіх тэхналагічных параметраў пры варцы цукру сочаць аператары шчыта галоўнага кіравання завода. Любы збой у працэсе тут фіксуецца. На дапамогу прыходзяць тэхнолаг ці начальнік змены. Адказная і цяжкая праца — трымаць вытворчы працэс на кантролі, але ў Наталлі Сабалеўскай, Алёны Курковай, Ірыны Федаш і Святланы Рэзнік гэта выдатна атрымліваецца.
— Аксана Мікалаеўна, на прадпрыемстве выпускаецца цукар некалькіх відаў. Колькі слоў пра гэта.
— Так, раней у асноўным выраблялі толькі звычайны цукар-пясок. Каб дастойна канкурыраваць на рынку збыту прадукцыі пашырылі яе віды. Звараны салодкі прадукт сталі ўзбагачаць ёдам, селенам,  фоліевай кіслатой і вітамінам Е. Выпускаем яшчэ буйнакрышталічны цукар, які фасуецца ў пакеты вагою адзін кілаграм. Праўда, каб атрымаць яго, тэхналагічны працэс больш працяглы, таму варым нямнога і ў канцы бураковага ці сырцовага сезонаў, калі час не прыспешвае. Па смакавых уласцівасцях ён аднолькавы са звычайным, толькі адрозніваецца памерам крышталікаў, коштам, прыгожа глядзіцца на стале.
Асобна хацела б сказаць пра жэліруючы наш прадукт. Вялікім попытам ён карыстаецца ў гаспадыняў пры нарыхтоўках запасаў з фруктаў і садавіны, экспартуецца, у прыватнасці, у Расію. Але выйшла незадача. Паводле некаторых санітарных нормаў Мытнага саюза нам забараняюць яго выпускаць. Вельмі шкада, пекцін і лімонная кісла-
та — натуральныя прадукты, патрэбныя арганізму. Дый сам прадукт гаспадыні даўно ўхвалілі. Закупленае абсталяванне для яго выпуску, нельга, каб прастойвала. Думаю, праблема вырашыцца на карысць жэліруючага цукру. Каб лепш задавальняць попыт спажыўцоў прадукцыі, фасуем цукар-пясок у 50-кілаграмовыя мяхі, у аднакілаграмовыя пакеты і пяціграмовыя сцікі (пад заказ). Для лепшай транспарціроўкі можам таксама зафасоўваць у біг-бэгі вагою да 1 тоны і па 25 кілаграмаў. Ужо атрымалі дакументацыю на расфасоўку цукру-пяску ў 2-кілаграмовыя пакеты з паперы. Маркетынгавая служба распрацоўвае ўпакоўку, каб можна было лёгка пазнаць свой любімы салодкі прадукт.
У планах тэхнолагаў завода павелічэнне аб’ёмаў перапрацоўкі буракоў і, вядома, выхаду асноўнай прадукцыі.
— Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам і ўсім цукраварам.
Інтэрв’ю ўзяла Людміла КОСЦІНА.

 

Мадэрнізацыя — працэс пастаянны

Перад жабінкаўскімі цукраварамі яшчэ з 90-х гадоў мінулага стагоддзя пастаўлена задача: павялічыць рост вытворчых магутнасцяў, скараціць тэрміны перапрацоўкі буракоў, эканоміць паліўна-энергетычныя рэсурсы, а таксама максімальна скараціць страты цукру ў вытворчасці і пры захоўванні.
Многае ўжо зроблена: у прыватнасці, за суткі можна перапрацаваць 8300-8500 тон салодкіх карэнняў. На змену маральна састарэламу абсталяванню “прыйшло” новае высокатэхналагічнае. Аднак кіраўніцтва і інжынерная служба прадпрыемства, якую ўзначальвае галоўны інжынер Васіль Мікалаевіч Бабрук, разумеюць, што мадэрнізацыя — працэс пастаянны, які дазволіць годна выглядаць на рынку жабінкаўскім вытворцам салодкай прадукцыі.
На заводзе, дарэчы, значна мадэрнізавана тэхналагічная лінія перапрацоўкі сыравіны. “Прыжылося” і эфектыўна працуе нямецкае, фінскае, іспанскае, галандскае і іншае замежнае абсталяванне. Яно, як зазначыў пад час гутаркі В.М.Бабрук, дарагое, але акупляе сябе: не так часта выходзіць са строю. Адбылася і мінімізацыя рабочых кадраў. “Калі гадоў дванаццаць назад у вытворчасці было задзейнічана дзесяць цэнтрыфуг, то цяпер чатыры, — сказаў ён. — Раней на іх працавалі ў змене чатыры чалавекі, то цяпер адзін. Аналагічная сітуацыя і на фільтрацыі. Затое цукру вырабляем за суткі каля 1200 тон пры паступленні якаснай сыравіны, супраць 500 тон раней”.
Калі бываеш на заво-дзе, то, вядома, заўважаеш тыя новаўвядзенні. Гэта сапраўды высокатэхналагічнае аўтаматызаванае прадпрыемства. Шмат устаноўлена новага абсталявання за апошнія пяць гадоў. Найперш пабудаваны склад бястарнага захоўвання цукру на 50 тысяч тон, што скараціла затраты на арэнду складскіх памяшканняў і дазваляе займацца фасоўкай прадукцыі круглы год.
Што новае з абсталявання ўстаноўлена на прадпрыемстве ў апошнія гады? Набылі помпу транспарцёрна-мыечнай вады, для падачы яе ў бураковае аддзяленне, што дазваляе значна эканоміць электраэнергію. Сёлета да пачатку сезона ўстанавілі бураковую помпу “Варман”. Такім чынам вывелі паветраныя кампрэсары ў рэзерв. І зноў — пэўная эканомія электраэнергіі.
Новыя фільтры сіропу ў прадуктовым цэху і сульфітацыя сіропу ў сокаачыстцы зменшылі колькасць прымесяў у цукры, а значыць, палепшылі яго якасць. На заводзе ў тэхналагічным працэсе пастаўлены французскія фільтры “Шэканэ” для фільтравання суспензіі першай сатурацыі, праўда, пакуль не працуюць. Дзякуючы ім палепшыцца якасць белага цукру і зменшацца яго страты ў вытворчасці.
Серная кіслата, якая выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі сілкавальнай вады для дыфузійных апаратаў, дастаўляецца ў цыстэрнах па чыгунцы пасля ўвядзення ў эксплуатацыю станцыі разгрузкі яе. Гэта танней для завода. Для змяншэння прастояў вагонаў у марознае надвор’е закончана будаўніцтва этажэркі для вібраразгрузчыка. Для гэтага раней выкарыстоўваўся кран, у гэтым выпадку ён не спатрэбіцца.
— Мадэрнізацыя на прадпрыемстве дазволіла ўстойліва канкурыраваць з іншымі цукраварамі Беларусі, — падсумоўвае сказанае галоўны інжынер Васіль Мікалаевіч Бабрук. — З увядзеннем сёлета ў эксплуатацыю новай фабрыкі фасаванага цукру, мы можам поўнасцю забяспечваць попыт спажыўцоў. З устаноўкай яшчэ адной лініі для расфасоўкі цукру-пяску ў аднакілаграмовыя пакеты з канвеераў сыходзіць іх 210-220 тон у суткі. У наступным годзе зноў тут пройдзе мадэрнізацыя, накіраваная на скарачэнне персаналуРаботнікі будуць працаўладкаваны  на іншых ўчастках завода.
У перспектыве жабінкаўскія цукравікі павінны “выйсці” на вытворчыя магутнасці 10000 тон перапрацоўкі цукровых буракоў у суткі. Цяпер ужо закупляецца абсталяванне, каб выканаць пастаўленую задачу. Пачало паступаць яно з Украіны, якое прызначана для вапнякова-абпальнай печы і будзе зманціравана ў 2014 годзе па магчымасці сваімі спецыялістамі.
— Мантаж абсталявання, — дадае Васіль Мікалае-віч, — мы заўсёды стараемся праводзіць уласнымі сіламі. Гэта, вядома, танней, тым больш, што ў прафесіяналізме нашым інжынерным службам не адмовіш. Яны сумленна стараюцца выконваць любую справу. Моладзь з запалам пераймае вопыт ветэранаў вытворчасці, мае спецыяльную прафесійную адукацыю.
Даўно працуюць на заводзе дзяжурны інжынер змены ЦЭЦ Валерый Рыгоравіч Грузін, цеплатэхнік Аляксандр Аляксеевіч Завулічны, слесар КВПіА Мікалай Васільевіч Шумік, інжынер-механік цэнтральнага буракапрыёмнага пункта Мікалай Андрэевіч Кузьміч, змазчык абсталявання Барыс Мікалаевіч Волк і іншыя. Іх вытрымцы, адданасці рабоце можа пазайздросціць любы. Праўда, такіх у нашай службе большасць. Працавітасць кожнага, сучаснае абсталяванне, эфектыўнае правядзенне рамонту ў міжсезонне, і намечанае будзе выканана, а жабінкаўскі цукар будзе лічыцца лепшым.
Людміла КОСЦІНА.

 

На ўмовах
сацыяльнага партнёрства

Пяты год прафсаюзны камітэт цукровага завода ўзначальвае І.К.Якубук. За гэты час у калектыўны дагавор тройчы ўносіліся папраўкі і дапаўненні, якія тычыліся паляпшэння ўмоў і аховы працы, пашырэння сацыяльных ільгот.
— У заводскім прафсаюзным камітэце адзінаццаць чалавек — гэта мае памочнікі, — расказвае Ірына Канстанцінаўна. —
Сваю работу імкнемся будаваць так, каб усе працаўнікі былі ахоплены ўвагай, каб своечасова вырашаліся іх праблемы. Клапоцімся пра маладых, нашу будучую змену. Так, калі малады чалавек — работнік прадпрыемства, пасля службы ў арміі вяртаецца на завод, яму выплачваецца матэрыяльная дапамога ў памеры дваццаці базавых велічыняў. Грашовая выплата аказваецца пры ўступленні ў шлюб, пры нараджэнні дзіцяці.
З мінулага года штомесячную даплату ў памеры пяці базавых велічыняў(зараз гэта 650 тыс. рублёў) атрымліваюць жанчыны, якія знаходзяцца ў адпачынку па догляду за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў. Такіх на прадпрыемстве зараз трынаццаць.
Дапамагае дырэкцыя і прафкам у вырашэнні жыллёвага пытання. Пры будаўніцтве і набыцці жылля па льготным крэдыту прадпрыемства можа пагасіць ад 50 да 90% гадавой сумы. Пры вызначэнні яе ўлічваецца колькасць непаўналетніх дзяцей у сям’і і членаў сям’і, працуючых на прадпрыемстве, іх стаж. У мінулым годзе на аплату банкаўскіх крэдытаў завадчан пералічылі каля 50 млн. рублёў.
Не застаюцца без увагі шматдзетныя, няпоўныя сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеткі-інваліды. Да прыкладу, у сям’і работніка Іванаўскага буракапрыёмнага пункта  Уладзіміра Пятровіча Жушмы нядаўна нарадзілася сёмае дзіця. Ад прафкама ён атрымаў у падарунак пральную машыну. Грузчыку Андрэю Аляксеевічу Лугаўцову аказана дапамога ў набыцці пуцёўкі на аздараўленне дзіцяці-інваліда ў санаторый Крыма.
Заўсёды памятаем пра ветэранаў вытворчасці: былыя работнікі атрымліваюць штомесячную матэрыяльную даплату.   Клапоцімся і пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні Дня Перамогі разам з намеснікам генеральнага дырэктара прадпрыемства ў ідэалагічнай рабоце Аляксандрам Васільевічам Еўтуховічам наведваем іх, віншуем са святам, уручаем прадуктовыя наборы. Да Дня Перамогі і да дня свайго нараджэння ветэраны вайны атрымліваюць грашовую выплату ў памеры чатырох базавых велічынь.
Грашовыя выплаты завадчанам робяцца да Дня абаронцаў Айчыны, Дня жанчын, Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прафесійнага свята.
Асаблівая ўвага на прадпрыемстве надаецца здароўю працаўнікоў. Так, для лячэння і адпачынку ў санаторыях для цукравікоў у бягучым годзе было набыта 54 пуцёўкі. Кампенсуем работнікам ад 50 да 75% кошту, пры гэтым улічваецца памер заробку, умовы працы, стаж, склад сям’і. Для шматдзетных пуцёўкі бясплатныя. Дзеці завадчан могуць адпачыць у летніх  лагерах. Згодна з калектыўным дагаворам бацькі аплачваюць 10%  кошту. Так, сёлета ў летніках Аршанскага, Кобрынскага, Іванаўскага і нашага раёнаў адпачылі 52 хлопчыка і дзяўчынкі.
Умацаванню здароўя завадчан спрыяе наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Бадзёрасць”. Кожны работнік  мае магчымасць паплаваць у басейне, пагуляць у настольны тэніс, футбол, валейбол, баскетбол, пазаймацца ў трэнажорнай зале. Для гэтага на месяц выдаецца бясплатны васьміразовы абанемент, у якім указваецца, што канкрэтна ён будзе наведваць. Гэтым правам могуць скарыстацца і яго дзеці, толькі ў такім выпадку колькасць наведванняў памяншаецца ўдвая.
У мінулым годзе запрасілі на завод спецыялістаў Брэсцкага абласнога  эндакрыналагічнага дыспансера, прапанавалі ўсім жадаючым праверыць шчытападобную залозу. Абследаванне аплачваў завод.
Пасля рамонту ў інтэрнаце прадпрыемства створаны цудоўныя ўмовы для медыцынскага агляду тэрапеўтам і педыятрам. Цяпер тут прасторны хол і ўтульныя кабінеты. Зручным стаў асобны ўваход на прыём да дактароў.
Сябруюць завадчане са спортам: прымаюць актыўны ўдзел у круглагадовай спартакіядзе. Спаборніцтвы ладзяцца паміж падраздзяленнямі. Так, у кастрычніку прайшлі спаборніцтвы ў дартсе, у лістападзе — у більярдзе. Лепшыя каманды вызначаюцца ў футболе, валейболе, настольным тэнісе. Прызавыя месцы ў асабовым і камандным заліку заахвочваюцца грашовымі прызамі. У штаце ёсць інструктар па фізічнай культуры, спорту і турызму — Юрый Іванавіч Панасюк.
Нашы работнікі не толькі добра працуюць, але і цікава адпачываюць. Стала добрай традыцыяй прымаць калег-цукравараў у сябе і ездзіць да іх у госці. Я маю на ўвазе правядзенне  сумесных культурных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Родапачынальнік такіх штогадовых сустрэч — Слуцкі  цукрарафінадны камбінат, які прапанаваў правесці конкурс “Міс цукровай гары”. Праз год, ужо ў Гарадзеі, выбіралі містэра. У 2011 годзе цукравары краіны наведалі і наш горад, каб паўдзельнічаць у сумесным турзлёце. Затым эстафету сустрэч прымаў Скідзель. Сёлета “Форум спецыялістаў” праводзіў Слуцк, на якім кожнаму прадпрыемству патрэбна было ў творчай форме, незвычайна, ярка прадставіць калектыў. Тут жабінкаўскія цукравары на ўсе сто праявілі свае здольнасці і таленты.
Творчыя мерапрыемствы дапамагаюць падрыхтаваць і правесці работнікі клуба цукровага завода —
загадчыца Вольга Іванаўна Ірзун і мастацкі кіраўнік Вольга Мікалаеўна Гардзейчык, за што ім вялікі дзякуй.
Для цукравікоў стараемся арганізоўваць розныя паездкі і экскурсіі. У гэтым годзе завадчане пабывалі ў Чэхіі. Дарогу аплаціў прафкам. Раней былі ў Санкт-Пецярбургу, Закарпацці, падарожнічаем і па Беларусі. Для ветэранаў  вытворчасці ладзіліся паездкі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза, у Мір, Несвіж.  Падабаецца нашым цукраварам адпачынак выхаднога дня, для яго выбіраем розныя месцы: базы Брэсцкага панчошнага камбіната і на Белым возеры. 28 снежня плануем паездку ў Нацыянальны тэатр оперы і балета на гала-канцэрт.
Прыемна адзначыць, што дырэкцыя завода і прафкам заўсёды знаходзяць узаемаразуменне, вырашаюць пытанні на ўмовах сацыяльнага партнёрства. Вялікі дзякуй генеральнаму дырэктару прадпрыемства Віктару Рыгоравічу Міронаву за разуменне, а калектыву завадчан — за падтрымку.
Ад імя прафсаюзнага камітэта сардэчна віншую работнікаў і ветэранаў вытворчасці з 50-годдзем з дня пуску прадпрыемства. Моцнага ўсім здароўя, радасці, шчасця, працоўных поспехаў!
Запісала Алёна НІКАНЧУК.

Фота Ірыны ЖУК.

 

IMG_6157Намеснік генеральнага дырэктара ў ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях А.В.Еўтуховіч,
ветэран працы, слесар КВПіА М.В.Шумік, галоўны інжынер В.М.Бабрук, начальнік змены асноўнай вытворчасці А.М.Стрыжак.

 

IMG_6108

Аператар гатовай прадукцыі Міраслава Яфімаўна Гронская.

 

IMG_6071Прафсаюзны актыў: лабарант В.А.Гаргун, старшыня прафкама І.К.Якубук, начальнік цэха ЭРСМА В.І.Яскавец, прафгрупоргі Іванаўскага буракапрыёмнага пункта Г.П.Навумавец і Жабінкаўскага цэнтральнага — І.І.Мартынюк.

 

 

IMG_6935Склады бястарнага захоўвання цукру.

 

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERAЦэнтральны буракапрыёмны пункт сёння.

 

IMG_6124Аператар лініі харчовай прадукцыі фабрыкі фасаванага цукру Андрэй Вячаслававіч Прыймачук.

 

IMG_ярмолик николай викторовичУкладчык-упакоўшчык цукру на новай лініі Мікалай Віктаравіч Ярмолік.

IMG_6137Апаратчык дыфузійных установак Юрый Яўгенавіч Казінец.

 

 

IMG_6089На фасоўцы цукру ў пяціграмовыя пакецікі аператар Аляксандр Семянюк і ўкладчык-упакоўшчык Ірына Глазкова. За змену яны паспяваюць у самую маленькую тару спакаваць каля 200 кілаграмаў цукру.

IMG_6130Калектыў вытворчай лабараторыі (злева-направа) лабаранты хімічнага аналізу Тамара Карабчук, Яўгенія Мелікава, Вольга Ляшчына, начальнік лабараторыі Святлана Паграноўская, лабаранты Ала Паляшук і Наталля Іванюковіч, інжынер-тэхнолаг Наталля Варабей.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*