Каб дзеці чакалі і клікалі

Каб дзеці чакалі і клікалі

IMG_6233Чацвёрты дзясятак гадоў бавяць свой вольны час хлопчыкі і дзяўчынкі ў яслях-садзе №3, што ў мікрараёне Жабінкі. Гэта самы сапраўдны райскі куточак, дзе ўсім весела і цікава, а здаровым і бяспечным умовам знаходжання дзяцей і супрацоўнікаў, удасканаленню і абагачэнню прадметна-развіццёвай прасторы надаецца асаблівая ўвага.

Сёння тут выхоўваецца 298 дзетак. Абсталяваны музычна-фізкультурная зала, 12 утульных груп. Для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія часта і працягла хварэюць на прастудныя захворванні, створаны дзве санаторныя групы з чатырохразовым харчаваннем. З захаваннем усіх медыцынскіх паказчыкаў тут практыкуюцца заняткі на масажорах для загартоўвання, прафілактыкі плоскаступнёвасці, умацавання пазваночніка.

— Рукамі выхавальнікаў, дзяцей і іх бацькоў, — расказала загадчыца ясляў-сада Таццяна Пятроўна Мельнічук, — аформлены інтэр’еры, выставы. Бацькі з нетрадыцыйных матэрыялаў ствараюць сапраўдныя шэдэўры. Яны таксама дапамагаюць у папаўненні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Сядзіба дзіцячай установы вялікая, улетку патанае ў зеляніне і кветках. Ёсць спартыўны комплекс, пляцоўка вывучэння правілаў дарожнага руху. У выхавальніцы Алы Барысаўны Нічыпарук багаты вопыт у навучанні дашкольнікаў асновам бяспечных паводзін у розных відах дзейнасці. Калектыў сада заняў першае месца ў аглядзе-конкурсе “Бяспечнае дзяцінства” сярод дашкольных устаноў раёна і быў узнагароджаны граматай райаддзела надзвычайных сітуацый. За плённае супрацоўніцтва з абласной службай выратавання на адрас ясляў-сада №3 г.Жабінка паступіў Ліст падзякі ад Брэсцкага ўпраўлення МНС і Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.

Эфектыўна працуюць сучасны медыцынскі блок, два кабінеты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, у якіх з дзеткамі зай-маюцца настаўнікі-дэфектолагі Юлія Іванаўна Мікулік, Галіна Яўгенаўна Гацук, педагог-псіхолаг Вольга Васільеўна Лакіза. Абсталяваны фізіяпрацэдурны кабінет (масаж, інгаляцыя, УВЧ). В.В.Лакіза два гады працуе над укараненнем інавацыйнага праекта “Метад пясочнай гульнетэрапіі ў рабоце з дзецьмі з парушэннямі маўлення”. Удзельнікі праекта — выхавальнікі Жанна Феліксаўна Гукасян, Ірына Анатольеўна Міцковіч, настаўнік-дэфектолаг Юлія Іванаўна Мікулік. Яны займаюцца згодна з праграмай спецыяльнага карэкцыйнага прызначэння, развіваюць у дзяцей звязную гаворку, здольнасць адрозніваць на слых гукі і правільна іх вымаўляць, праводзяць масаж і артыкуляцыйную гімнастыку.

— Часам бацькі недаацэньваюць важнасць ранняга выяўлення маўленчых дэфектаў. Мяркуюць, што з узростам недахопы знікнуць самі сабой, — прызнавалася намеснік загадчыцы ясляў-сада Таццяна Леанідаўна Арабейка. — Аднак тут цудаў не бывае, даводзіцца патлумачыць важнасць своечасовых заняткаў з лагапедам, выканання дадатковых дамашніх заданняў. Кожны хоча, каб яго дзіця добра вучылася ў школе. Але, калі тое не ўмее распазнаваць гукі,  узнікнуць цяжкасці: яно пачне блытаць літары пры пісьме, яму будзе складана навучыцца чытаць. Скажам, пасябраваць з гукам і літарай “Р” дапамогуць настаўнікі-дэфектолагі. Дзіўна, чаму людзей гэтай прафесіі яшчэ не называюць чараўнікамі.

Зноў размаўляем з загадчыцай ясляў-сада. Таццяна Пятроўна адзначае, што вялікі ўклад ва ўмацаванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы дашкольнай установы ўносіць раённы выканаўчы камітэт. Ніколі не застаюцца ў баку ад надзённых праблем начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Мікалаеўна Янусік, загадчыца сектара Алена Мікалаеўна Верамей. Дзякуючы іх падтрымцы адрамантаваны харчблок, два ганкі да цэнтральнага ўваходу, заменены вокны, уваходныя дзверы. Сіламі работнікаў установы паклеены і пафарбаваны групавыя пакоі і спальні, санвузлы, працягваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Немалую ўвагу педагогі ўдзяляюць групе кароткачасовага знаходжання на пляцоўцы для догляду дзяцей у вячэрні час (з 18.00 да 19.00). Такім чынам, дашкольная ўстанова паводле заяў бацькоў аказвае дадатковыя платныя паслугі.

IMG_6240Рознабаковую і паспяховую працу забяспечваюць сапраўдныя прафесіяналы. Яны ўдзельнічаюць у раённых і абласных конкурсах педагогаў, у педагагічных чытаннях, навукова-практычных канферэнцыях. Малады спецыяліст Інга Мікалаеўна Дзербушова прымала ўдзел у раённых педчытаннях “Эфектыўны ўрок у сучаснай адукацыйнай прасторы”. У абласным конкурсе “Елка-фэст” удзельнічалі музычныя кіраўнікі Іна Мікалаеўна Казей, Таццяна Іванаўна Куніцкая, выхавальнікі Валянціна Анатольеўна Гаўрыленка, Галіна Мікалаеўна Солад. У першым этапе раённага конкурсу “Настаўнік года” добра праявіла сябе І.М.Казей. У раённым конкурсе выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымала падзяку выхавальніца Вольга Віктараўна Лучынская, а яе выхаванцы адзначаны за ўдзел у выставе да Дня інвалідаў. Цікава і змястоўна калектыў наладзіў “Беларускі кірмаш” — з нацыянальнымі гульнямі, песнямі, танцамі: выхавальнікі старэйшых груп, дзеці, бацькі, музычныя кіраўнікі падрыхтавалі выставу работ з бульбы.

Вельмі цэняць маладыя педагогі падтрымку старэйшых калег. Яны дапамагаюць ім арганізоўваць святы, прапаноўваюць ідэі для заняткаў. Маладыя заўсёды адчуваюць таварыскае плячо Галіны Яўгенаўны Гацук, Лідзіі Васільеўны Хоміч, Раісы Антонаўны Лукашук, якія, дарэчы, сёлета адзначылі свае круглыя юбілеі. Для іх старшыня прафкама Алена Іванаўна Кадлубовіч арганізавала сапраўднае свята.

Педкалектыў карыстаецца аўтарытэтам у бацькоў. Многіх не толькі паважаюць, але і любяць. Сваіх дзетак яны хочуць аддаць у групы выхавальніц Тамары Іванаўны Гарошка, Іны Мікалаеўны Кавалеўскай, Таццяны Аляксандраўны Ланец, Аксаны Анатольеўны Швайка… Дый усе тут укладваюць душу ў сваю справу.

— Гэта не проста прафесія, гэта нешта большае, — лічыць Т.І.Гарошка. — Калі бачыш вынік сваёй працы,  душа радуецца. Неяк у час адпачынку праходзіла каля ясляў-сада. Мае выхаванцы гулялі на пляцоўцы. Убачылі мяне, прыліплі да плоту, весела закрычалі: “Тамара Іванаўна! Добры дзень, да нас ідзіце!”. Ці гэта не цудоўна?

Лідзія ІВАНІХІНА, наш няштатны карэспандэнт.

На здымках: музычны кіраўнік І.М.Казей на занятках; выхавальніца сярэдняй  групы А.Б.Нічыпарук.

Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top