Святло яго музыкі

Святло яго музыкі

ДаникДзясяты раз сёлета Беларусь прымала ўдзел у дзіцячым песенным конкурсе “Еўрабачанне”, які прайшоў 30 лістапада ў Кіеве. Прадстаўнік нашай краіны — Ілья Волкаў выступіў разам з танцавальнай групай Maxi Briz , выканаў кампазіцыю “Спявай са мной” і заняў трэцяе месца. Наша краіна двойчы перамагала ў гэтым прэстыжным міжнародным конкурсе – ў 2005 і 2007 гадах, калі лепшымі прызнаваліся Ксенія Сітнік і Аляксей Жыгалковіч. У 2010 годзе на дзіцячым “Еўрабачанні” Беларусь прадстаўляў 13-гадовы жыхар Жабінкі — Данііл Казлоў, які выступіў з песняй “Музыкі святло” і быў пятым. З таго часу прайшло тры гады, юны выканаўца вырас, памужнеў, ён выпускнік першай гарадской адзінаццацігодкі. Што цікавага адбылося ў яго жыцці пасля ўдзелу ў “Еўрабачанні”, якія планы ў юнака, аб чым марыць? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў Данііл Казлоў.
— Пасля “Еўрабачання” цябе запрашалі паўдзельнічаць у іншых міжнародных песенных конкурсах?
— Адразу пасля “Еўрабачання” мяне, як госця, запрасілі выступіць на міжнародным конкурсе “Поющие звёзды”, які праходзіў у красавіку 2011 года ў Эстоніі. Я пагадзіўся прыехаць, але пры ўмове, што выступлю, як канкурсант. Арганізатары доўга думалі, што мне адказаць — я не падыходзіў па ўзросце. У конкурсе можна было прымаць удзел з васемнаццаці гадоў, а мне тады было толькі чатырнаццаць. Але ўсё ж атрымаў дазвол. Як канкурсант выканаў дзве песні: “Музыкі святло” і “Птушка ў клетцы”, журы прысудзіла мне трэцяе месца.
— Ці пашырылася твая канцэртная дзейнасць пасля такіх прэстыжных конкурсаў?
— Цікавым і запамінальным стаў канцэртны тур па гарадах Італіі, які быў арганізаваны беларуска-італьянскай дабрачыннай арганізацыяй PUOER (“Дрэва жыцця”). Яна аказвае дапамогу краінам, пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Два тыдні жыў у сям’і музыканта Алясандра Чэнтафанці, мы выступалі ў Рыме, Неапалі, Венецыі. Акрамя жыхароў  і гасцей гэтых гарадоў на канцэрце прысутнічалі  і важныя гос-
ці — прадстаўнікі ўрада. Перад слухачамі выконваў песні і на італьянскай мове — “Джамайка”, “О Соле Міо”, гімн Рыма, якія вывучыць дапамог Алясандра. Гэтая паездка таксама адбылася ў 2011 годзе.
Праз год прымаў удзел у канцэртнай праграме на адкрыцці “Славянскага кірмашу” ў Віцебску, выступаў на днях гарадоў Мінск, Гродна, Брэст. Неаднаразова быў вядучым на дабрачынных канцэртах у сталіцы, у Берасці і Кобрыне, грошы ад якіх ішлі дзецям-інвалідам, наведваў з выступленнямі дзіцячыя дамы. У маім сольным канцэрце можа быць ад дзесяці да пятнаццаці песень, сам слухачам расказваю, як і чаму тая ці іншая кампазіцыя з’явілася ў маім рэпертуары.
— У нейкія незвычайныя праекты цябе запрашалі?
— Беларускі мастак Андрэй Смаляк запрасіў аднойчы ўсіх удзельнікаў дзіцячага “Еўрабачання” нашай краіны ў свой праект ”Карціны, што ажылі”. Кожны з нас змог пабыць у ролі герояў карцін, я быў хлопчыкам-пастушком. Над нашымі вобразамі працавала цэлая каманда прафесіяналаў: дызайнеры, мастакі па касцюмах, грымёры, дэкаратары. Пасля своеасаблівага пераўтварэння нас фатаграфавалі, з нашай дапамогай карціны мастака ажылі ў фотавобразах.
— Ведаю, што ты часта бываеш у сталіцы, запісваеш там новыя песні. Хто дапамагае табе, падтрымлівае тваю творчасць, клапоціцца аб рэпертуары?
— Пасля “Еўрабачання” мне прапанаваў супрацоўніцтва малады гукарэжысёр Канстанцін Гаранін, які мае сваю ўласную студыю гуказапісу “LIKO” ў Мінску. Майстэрству запісу Косця вучыўся ў Канадзе. Паслугамі яго студыі карыстаюцца вядомыя беларускія спевакі Аляксандр Саладуха, Іван Буслай, іншыя. Сёлета я запісаў тут альбом хрысціянскіх песень “У пачатку”, куды ўвайшлі дзесяць кампазіцый. У планах — выпусціць новы альбом у 2014 годзе. Песні, якія ў яго ўвойдуць, будуць рэзка адрознівацца ад ранейшай маёй творчасці. Гэта будзе новы стыль — поп-рок, які мне падабаецца. Песні для мяне ў розных кампазітараў набывае сам уладальнік студыі за свае сродкі, дапамагае запісвацца абсалютна бясплатна, ва ўсім падтрымлівае. Акрамя супрацоўніцтва, з Косцем сябрую, мы падобныя, у нас шмат агульных захапленняў. Пашчасціла, што сустрэў такога чалавека на сваім жыццёвым і творчым шляху.
— Данііл, а са сваім былым педагогам Нэлі Сяргееўнай Дукавай ты падтрымліваеш адносіны, сустракаешся, калі па справах знаходзішся ў Мінску?
— Нэлі Сяргееўна жыве і працуе ў сталіцы, мы перазваньваемся, віншуем адзін аднаго са святамі, калі бываю ў Мінску — часам бачымся, вакалам з ёю я не займаюся.
— На твой погляд, што ў песні з’яўляецца найбольш значным: словы ці музыка?
— Словы і музыка ў песні ўзаемазвязаныя. Асабіста для мяне музыка выконвае ўсё ж важнейшую ролю, яна мне больш блізкая, менавіта праз яе перадаю свае пачуцці, настрой. Наогул, не ўяўляю свайго жыцця без музыкі, яна — святло, глыток паветра, без яе было б сумна і невыносна. Яна побач, калі радуюся і калі сумую. Я скончыў музычную школу ў класе скрыпкі, іграю на там-таме, гітары.
— Ты прымаў удзел у розных канцэртных праграмах, з кім з вядомых сучасных выканаўцаў сустракаўся, гутарыў?
— Давялося, як кажуць, бачыць ужывую Валерыя Лявонцьева, Дзіму Білана і назіраць за кулісамі за тым, як яны рыхтуюцца да выхаду на сцэну. Да мяне падыходзілі, падбадзёрвалі перад выступленнем Юлія Савічава, Патап і Насця Каменскіх. Засталіся ў памяці сустрэчы і размовы з Аляксандрам Рыбаком, Пятром Ялфімавым, былым вакалістам групы “Новы Іерусалім” Аляксандрам Патлісам.
— Чыя творчасць табе найбольш блізкая?
— Падабаецца група “The Fraiz”, якая працуе ў стылі інды-рок, слухаю маладога беларускага рэпера Макса Каржа, свае песні ён выконвае ў стылі хіп-хоп.
— У цябе ёсць свой афіцыйны сайт у інтэрнэце? Як твае прыхільнікі звязваюцца з табой?
— У мяне ёсць свой афіцыйны сайт:  www.daniilkozlov.com. Гутару “УКантакце”, паведамленні атрымліваю як з блізкага замежжа, так і далёкага, а суразмоўнікі жывуць у Расіі, Грузіі, ва Украіне, у Польшчы, Італіі, Нідэрландах, іншых краінах.
— У гэтым годзе ты заканчваеш школу, дзе марыш вучыцца далей?
— Хачу стаць студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, вучыцца на факультэце музычнага мастацтва, дзе буду займацца эстрадным вакалам. Планую ў будучым асвоіць майстэрства стыліста і цырульніка, цікавіць гукавая рэжысура. Лішнімі  набытыя веды і ўменні ніколі не бываюць, яны спатрэбяцца ў далейшым.
— Чым любіш займацца ў вольны час?
— Люблю маляваць чорным алоўкам, слухаць музыку, катацца на скейтбордзе.
— Якая пара года табе найбольш падабаецца?
— Вясна, бо ўсё навокал абуджаецца ад зімовага сну, вяртаюцца з цёплых краін птушкі, якія радуюць сваімі спевамі, зацвітаюць кветкі. А яшчэ 7 красавіка ў мяне дзень нараджэння. Вось чаму я люблю вясну.
— Тваё любімае выказванне?
— Верай зрушыш горы — гэта фраза з Бібліі.
— Над чым працуеш зараз? Дзе плануеш сваё бліжэйшае выступленне?
— Рыхтуюся да вялікага канцэрта, які пройдзе на Раство ў царкве евангельскіх хрысціян–баптыстаў у Жабінцы.
— Поспехаў табе ў песеннай творчасці! Чакаем тваіх выступленняў на гарадскіх святах і мерапрыемствах. Да сустрэчы на канцэртных пляцоўках! Дзякуй за размову.
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.
Фота з сямейнага архіва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top