Бытавікі падаравалі елку

IMG_6213Аб тым, што горад рыхтуецца да цудоўнага і казачнага свята, Новага года, сведчыць елка, якая колькі дзён таму “вырасла” на цэнтральнай плошчы Жабінкі. Адкуль “прыехала” сюды зялёная прыгажуня? Дакладна пра гэта паведаміла начальнік участка добраўпарадкавання і саначысткі КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” М.С.Віткоўская. Яна, у прыватнасці, расказала, што яе гараджанам падарылі сёлета бытавікі раёна. Ля адміністрацыйнага будынка райбыткамбіната дзясяткі гадоў таму былі пасаджаны тры маленькія ялінкі, якія цудоўна прыжыліся і сталі ўпрыгажэннем тэрыторыі. Цяпер іх вершаліны ўжо “выглядваюць” з-за даху будынка канторы і нават шкодзяць яму. А яшчэ адміністрацыя канторы мае дазвол на высечку елак. Таму бытавікі вырашылі падараваць зялёную прыгажуню гараджанам. Такім чынам яна з’явілася на плошчы.
Зразалі і стараліся не пашкодзіць галінкі елкі рабочыя А.Іваноў, С.Русікевіч і А.Саўчук пад умелым кіраўніцтвам майстра Наталлі Іванаўны Наруш. Было гэта 9 снежня. Гэтыя ж рабочыя яе ўсталявалі на плошчы, а днём пазней —
упрыгожылі. Ужо цяпер пад елкай ладзяць вясёлыя забавы маленькія гараджане. Але сапраўднае вяселле-гулянне адбудзецца ў навагоднюю ноч.
Дарэчы, сёлета будзе абноўлена вулічная навагодняя ілюмінацыя, на якую патрачана 57 мільёнаў рублёў. Шмат дакупілі святлодыёднага дожджыку, які ўпрыгожыць не толькі вуліцу Кірава, але й Свабоды, у новае ўбранне “апрануцца” масты на цэнтральнай гарадской вуліцы.

Прысвечана правам чалавека

Паводле слоў завуча ў выхаваўчай працы Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Т.А.Таўрэль, тут праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы напрыканцы года. Толькі закончыўся месячнік прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх, як з 8 па 13 снежня праводзіўся тыдзень, прымеркаваны да Дня правоў чалавека, што адзначаецца штогод 10 снежня. У яго рамках адбылася гадзіна інфармацыі сярод вучняў сярэдніх класаў, праведзеная педагогам-арганізатарам Т.С.Кульмуратавай, ладзіліся віктарына па правах чалавека для 5-7 класаў, сустрэча з супрацоўнікам інспекцыі ў справах непаўналетніх В.Р.Дзеркачом, а для вучняў пачатковых класаў — размова па тэме “Правы чалавека патрэбна ведаць кожнаму” і конкурс малюнкаў “Я маю права”.

“Дзеці вайны”

Пад такой назвай нядаўна ў Брэсце пабачыла свет кніга ўспамінаў былых выхаванцаў Маларыцкага дзіцячага дома і школы-інтэрната. Выдадзеная накладам у 200 асобнікаў, яна ўжо стала бібліяграфічнай рэдкасцю. На старонках выдання — яскравыя сведчанні тых, хто перажыў ваеннае ліхалецце, згубілі родных, але не веру ў будучыню. Сярод былых “дзяцей вайны” — сённяшні першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Юхімук, жыхарка вёскі Здзітава нашага раёна Ганна Данілюк (пад уплывам любімых педагогаў яна абрала ў сваім жыцці настаўніцкую прафесію), выхаванка Жабінкаўскага і Маларыцкага школ-інтэрнатаў Валянціна Дзямчук, многія іншыя. На старонках выдання не аднойчы згадваецца і наш горад. Напрыклад, Лідзія Карунас, успамінаючы пра значную краязнаўчую працу юных пошукаўцаў з Маларыты, расказвае пра іх шчыльнае ўзаемадзеянне з гісторыка-краязнаўчым гуртком СШ №1 г.Жабінка, які ўзначальваў тады настаўнік Аляксандр Гогалеў.

Адзначылі сталасць творчасці

У чытальнай зале раённай бібліятэкі адбылася творчая сустрэча-дыялог “Жыццё сваё гатовыя адмераць…” з В.Я.Фядотавым, які працуе ў ГДК і мае разнастайныя таленты. Вячаслаў Яўгенавіч — самабытны мастак, што працуе ў тэхніцы аэраграфіі (яго работы, роспісы на сценах упрыгожваюць залы Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах, а таксама ў дзіцячай школе мастацтваў). Яго пяру належаць шматлікія вершы, ён іграе на гітары і скрыпцы, мае таксама артыстычны талент: выступае ў час тэатралізацый, што праводзяцца ў райбібліятэцы (асабліва запамінальны вобраз, створаны В.Я.Фядотавым, на песні Уладзіміра Высоцкага). На сустрэчы, якая цягнулася больш за дзве гадзіны, прысутнічалі сябры аматарскага аб’яднання “Суразмоўнік”, што ўзначальвае загадчык аддзела абслугоўвання, інфармацыі і міжбібліятэчнага абанемента Л.А.Астроўская. У час нязмушанай размовы Вячаслаў Яўгенавіч распавёў пра сябе, свае шматлікія захапленні, творчыя планы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top