Усё толькі пачынаецца…

Усё толькі пачынаецца…

IMG_5083Часта бывае так, што пэўныя людзі, якіх сустракаеш на сваім жыццёвым  шляху, уплываюць потым на далейшы лёс, выбар прафесіі, густы. Яны становяцца сябрамі, ты адчуваеш іх клопат, падтрымку, з імі цікава, а самае галоўнае — хочаш быць такімі, як яны. Гэта і пра Вольгу Плавух. Дзяўчына невыпадкова стала педагогам.
З асаблівай цеплынёй успамінае сёння Вольга сваю першую настаўніцу — Кацярыну Мікалаеўну Сіда:
— Да нас у клас яна заходзіла толькі ў добрым настроі і заўсёды з усмешкай. Урокі праводзіла дынамічна — сумаваць не было калі, кожны знаходзіўся ў полі яе зроку і атрымліваў пэўныя заданні. Было цікава: што ж такога новага даведаемся мы сёння?! Яна ўмела здзіўляць. Не памятаю, каб урокі былі аднолькавымі — заўсёды з нейкімі прыдумкамі, сюрпрызамі. Часта ў клас да нас прыходзілі казачныя героі, якія “правяралі” хатнія заданні, з імі мы вывучалі новыя тэмы. Мой любімы — Нязнайка, які ў канцы пачатковай школы, як і мы, шмат  ведаў і ўмеў. Ужо тады вырашыла для сябе — буду вучыць дзяцей, буду педагогам.
У сярэдняй ступені Вольга заўважыла, што большую цікавасць праяўляе да ўрокаў гуманітарнай накіраванасці. Захапіла вывучэнне моў: рускай, беларускай, англійскай. Яшчэ ў пачатковай школе замежную мову цікава выкладала Алена Канстанцінаўна Кавальчук, менавіта яна заўважыла здольнасці дзяўчынкі, развівала іх. Далей вывучэнне мовы ішло разам з Вольгай Іванаўнай Ранда, якая давала сваёй вучаніцы больш складаныя заданні, тлумачыла незразумелае. Цікавасць да прадмета толькі ўзрастала.  У восьмым класе Вольга Плавух канчаткова вызначылася, што будзе настаўніцай замежнай мовы, таму ў старэйшых класах разам з Ірынай Уладзіміраўнай Макарук вывучала прадмет больш глыбока, займалася дадаткова.
Пасля заканчэння сярэдняй школы №1 паспяхова вытры-мала ўступныя іспыты і стала студэнткай Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучоба на факультэце славянскіх і германскіх моў была цікавай, насычанай. Дзяўчына не толькі добра вучылася, але і актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці: ўзначальвала пярвічку ГА “БРСМ” сваёй групы, была валанцёрам Чырвонага Крыжа, старшынёй інфармацыйна – прапагандысцкай камісіі факультэта, удзельнікам “Школы лідара XXI стагоддзя”. Паспявала ўсюды, часу хапала на ўсё. Калі на апошнім курсе размова пайшла пра размеркаванне, папрасілася ў свой раён. Прыемнай нечаканасцю стала накіраванне аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на працу ў родную першую школу. З хваляваннем малады педагог пераступіла парог установы, вучаніцай якой зусім нядаўна была сама. Школа прыемна здзівіла: пасля рамонту светлая, чыстая, утульная, у класах новая мэбля, сучаснае абсталяванне. Цяпер урокі можна праводзіць з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў, інтэрактыўнай дошкі.
— Цёпла, па-бацькоўску, прынялі мяне ў калектыве, —
гаворыць Вольга. — Падтрымліваюць, дапамагаюць. Дырэктар Міхаіл Пятровіч Савянкоў абавязкова спытаецца, як прайшоў дзень, які настрой, завучы — Марыя Іванаўна Гаркалюк і Іна Аляксандраўна Мірко аказваюць метадычную дапамогу, цярпліва адказваюць на ўсе мае шматлікія пытанні. Побач заўсёды старэйшыя кале-
гі — Ірына Уладзіміраўна Макарук і Вольга Уладзіміраўна Лукашук,  да якіх я магу звярнуцца па любую дапамогу.
Шмат часу ў маладой настаўніцы ідзе на падрыхтоўку планаў, праверку сшыткаў, а як жа інакш: кожны этап урока трэба дасканала прадумаць, кожную памылку выправіць. А яшчэ хоча Вольга Міхайлаўна, каб цікава было яе выхаванцам, як ёй калісьці, таму распрацоўвае для 9-класнікаў няпростыя лексіка-граматычныя тэсты, а для чацвёртакласнікаў — вясёлыя фізкультхвілінкі.
Малады педагог стараецца ісці ў ногу з часам, таму па магчымасці выкарыстоўвае на сваіх уроках інтэрнэт-рэсурсы, каб зацікавіць сваім прадметам, каб вучні больш ведалі, умелі. Уяўляеце, прама на ўроку дзеці разам з настаўніцай могуць апынуцца ў любой кропцы свету ў рэжыме рэальнага часу: на вуліцах Лондана, у парыжскім метро або паназіраць за Ніягарскім вадападам, знайсці партрэты вядомых палітыкаў, біяграфіі культурных дзеячаў ці тэкст патрэбнай песні.
Урокі, у якія настаўнік укладвае сваю душу, застаюцца ў памяці вучняў.  І няхай у Вольгі Плавух усё толькі пачынаецца, упэўнена, пройдзе час і аднойчы, на парозе самастойнага жыцця, хтосьці з яе выхаванцаў таксама захоча стаць педагогам, каб прадоўжыць яе справу.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: настаўніца англійскай мовы першай гарадской адзінаццацігодкі Вольга Плавух.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top