Прэса на Жабінкаўшчыне: нараджэнне і станаўленне

Прэса на Жабінкаўшчыне: нараджэнне і станаўленне

Безымянный

Адкуль узяліся вытокі перыядычнага друку на Жабінкаўшчыне?
Можа з таго летняга дня 1863 года, калі ў вёсцы Сакі на вочы паліцыі патрапіў свежы нумар газеты “Мужыцкая праўда”, якую выдаваў Кастусь Каліноўскі? Няцяжка здагадацца, з якой мэтай была дастаўлена сюды першая беларуская газета, калі кожны яе нумар выкрываў сутнасць царызму і заклікаў да барацьбы за зямлю і волю. “Мужыцкая праўда” паўплывала на свядомасць многіх — не толькі шляхты, але й простага люду. Сярод тых, хто пайшоў за паўстанцамі, быў гаспадар маёнтка Сенькавічы Рамуальд Людвікавіч Траўгут. Ён арганізаваў Кобрынскі партызанскі атрад, а пазней стаў вярхоўным кіраўніком усяго паўстання 1863-1864 гадоў.
А мо пачатак прэсы на Жабінкаўшчыне з тых берасцейскіх перадычных выданняў, што выходзілі да Першай сусветнай вайны і чыталіся ў Жабінцы і наваколлях? Сярод гэтых газет былі “Брест-Литовский листок”, “Западный Буг”, “Наша заря”, “Наш край”. У той самы час падзеі, што адбываліся на тутэйшых землях, не-не ды зацікаўлівалі карэспандэнтаў першай агульнабеларускай газеты “Наша ніва”, якую рэдагавалі выдатныя беларусы-асветнікі Аляксандр Уласаў ды Янка Купала.
Аднак спатрэбілася яшчэ 30 гадоў, пакуль у раёне выйшла ў свет уласная газета. Дзень яе нараджэння — 29 кастрычніка 1944 года. Так, гэты дзень і будзем святкаваць амаль праз год — як вытокі, як пачатак.
Першае імя ў раёнкі — “Ленинский путь”.
Першы яе рэдактар — Канстанцін Фаміч Казакоў.
Першы наклад газеты, заснаванай Жабінкаўскім райкамам кампартыі бальшавікоў Беларусі і выканаўчым камітэтам райсавета дэпутатаў працоўных, налічваў усяго некалькі сотняў экзэмпляраў.
Да канца 1944 года на рускай мове ў свет выйшлі першыя 10 нумароў “Ленинского пути”. Спачатку раёнка распаўсюджвалася бясплатна, аднак ужо з трэцяга нумара каштавала 15 капеек. Па сваіх памерах яна цалкам адпавядала газетам ваеннага часу, што распаўсюджваліся на фронце і ў партызанскіх атрадах. Строгай перыядычнасці ў раёнкі тады не было, набор ажыццяўляўся шрыфтам, перададзеным колішнімі партызанамі. Заметкі і допісы не мелі жанравай разнастайнасці, расказвалі, як жабінкаўцы забяспечвалі Чырвоную Армію збожжам, мясам, збіралі грошы на танкавую калону “Школьнік Беларусі”, адпраўлялі падарункі франтавікам, аднаўлялі край, пабураны вайной, стваралі калгасы і мацавалі савецкую ўладу.
У тыя гады “Ленинский путь” перажыў першыя пераўтварэнні: з ліпеня 1945-га раёнка стала ўдвая большая па памерах. У №12 ад 3 ліпеня быў змешчаны першы ў гісторыі газеты фотаздымак: побач з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні Іосіфу Сталіну звання Генералісімус Савецкага Саюза месціўся ягоны парадны партрэт. З таго часу здымкі раз-пораз пачалі ўпрыгожваць газетныя палосы, хоць першае мясцовае фота надрукавана толькі ў №47: партрэт старшыні калгаса Ц.Т.Куцішкі з Глыбокага, які выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.
Восенню 1947 года раёнка займела наклад у 1000 экзэмпляраў. Тройчы за тры гады рэдакцыя мяняла свае адрасы, пакуль са жніўня 1949-га не прапісалася надоўга на вуліцы Леніна ў доме №3.
Па-ранейшаму востра стаяла пытанне якасці і паслядоўнасці выдання. Толькі ўлетку 1949 года ўсталявалася перыядычнасць: спачатку двойчы, а затым і тройчы на тыдзень раённая газета пачала прыходзіць да чытача.
Мяняліся кіраўнікі газеты. У жніўні 1948 года сышоў з пасады першы рэдактар К.Ф.Казакоў. Ягонае месца ўсяго на паўтары гады заняў А.С.Падшывалаў, а затым на працягу 50-х гадоў мінулага стагоддзя раёнку рэдагавалі Ф.В.Бяляеў, П.М.Шаўчэнка, Н.П.Сярова, М.С.Кавальчук і В.Каленчыц.
Змянілася таксама назва газеты. Замест былога “Ленинского пути” з лістапада 1956 года, раёнка стала “Коммунистическим путём”. Праўда, змена “пути” амаль не адбілася на змесце выдання, якое па-ранейшаму заставалася найперш прапагандыстам і агітатарам, а ўжо пасля інфарматарам пра падзеі ў краі.
Як і раней, надзвычай цяжкаю была друкарская праца: і ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ўсе матэрыялы набіраліся ўручную, з рукапіснага тэксту (у рэдакцыі не хапала нават пішучай машынкі).
З сённяшнім днём гэта і параўноўваць цяжка. Хоць і цяпер не хапае дзеля паляпшэння выдання найноўшай аргтэхнікі.
Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top