“Палескай летуценніцы” прысвячалася…

“Палескай летуценніцы” прысвячалася…

IMG_5942

Ёсць паэткі, творчасць якіх кранае сэрцы, узвышае пачуцці, ачышчае душы. У рускай літаратуры — гэта Ганна Ахматава і Марына Цвятаева, ва ўкраінскай — Леся Украінка і Ліна Кастэнка. У беларускай адна з такіх, паэтэса з боскай іскрай, — Яўгенія Янішчыц, 65-годдзю якой было прысвечана свята кнігі “Пад крылом праменнае Радзімы”.
Адбылося яно 28 лістапада ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Яго вядучыя – Валянціна Славуціч і Галіна Дулевіч пазнаёмілі гасцей з жыццёвым і творчым шляхам паэткі, яе ўзлётамі, перамогамі, расчараваннямі. Гучалі вершы Яўгеніі Янішчыц, якія пранікнёна чыталі навучэнцы гарадскога ліцэя Аліна Новік, Аксана Місіюк, Андрэй Супрун, дэманстраваліся відэакліпы песень на яе словы. Пад час мерапрыемства на ўстаноўленым экране з’яўляўся раз-пораз незвычайна прыгожы фотаздымак паэткі: задуменны позірк, лёгкая ўсмешка на твары, галава крышачку нахілена ўперад, густыя валасы ледзь кранаюцца плячэй. Здавалася, яна тут, з намі, каб падзяліцца самым патаемным…
IMG_5945Як расказалі гасцям свята вядучыя, паэтычны талент Яўгеніі выявіўся даволі рана, яшчэ ў сёмым класе, калі дзяўчына, не знайшоўшы ў вясковай бібліятэцы вершаў-прысвячэнняў Якубу Коласу, падрыхтавала да ўрока літаратуры самастойна напісаны твор. А ў снежні 1962 года ў раённай газеце “Полесская правда”  з’явіліся першыя друкаваныя творы Яўгеніі, крыху пазней вершы дзяўчыны сталі друкавацца і ў іншых выданнях. Яўгенія становіцца гонарам школы і сваёй малой радзімы — Піншчыны. Пасля заканчэння Парэцкай адзінаццацігодкі яна паступае на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ, цяпер яе вершы з’яўляюцца амаль у кожным нумары газеты “Беларускі ўніверсітэт”. Калі Яўгенія Янішчыц вучылася на пятым курсе, убачыў свет яе першы паэтычны зборнік, які меў назву “Снежныя грамніцы”. Яшчэ студэнткай яе прымаюць у Саюз пісьменнікаў Беларусі. Адна за другой выходзяць кнігі паэзіі. За зборнік вершаў “Дзень вечаровы” ёй была прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, а за кнігу “Пара любові і жалю” — Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы.
Яўгенія Янішчыц вельмі любіла сваю малую радзіму, прысвяціла ёй шмат цёплых паэтычных радкоў, у якіх запрашае ўслухацца ў чароўную музыку зямлі, прайсціся напаўзабытымі сцежкамі маленства і юнацтва. З неверагоднай цеплынёй піша яна пра маці, дзе кожны радок вершаў прасякнуты любасцю і замілаваннем, непадробным чалавечым хваляваннем. Яна і сама зведала шчасце мацярынства, яго высокі сэнс, святое прызначэнне. Гэта ўзбагаціла яе пачуцці, а праз іх і паэзію.
Яўгенія Янішчыц — перш за ўсё лірык, таму ў паэзіі пануючае месца займаюць “усеабдымная ў сваіх правах любоў і інтымны востраў кахання”. Яе цыкл вершаў пра каханне пачынаецца з “Ты пакліч мяне. Пазаві”, які шырока вядомы як песня.
У 16-гадовым узросце дзяўчынка з палескай вёскі Жэня Янішчыц напісала ў сшытку, які прызначаўся для самага запаветнага – вершаў, такія радкі:
Мне ўсяго шаснаццаць светлых вёснаў,
Будзе дваццаць, будзе сорак пяць…
Тады яна не ведала, што сорак пяць гадоў ёй не будзе ніколі. 20 лістапада 1988 года ёй споўнілася сорак, а яшчэ праз пяць дзён яна пайшла з жыцця, але засталася ў літаратуры, у памяці.
Трапяткое слова паэткі разляцелася па ўсім свеце, перакладзена на англійскую, балгарскую, іспанскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую мовы. Многія вершы сталі песнямі.
Беражліва захоўваюць памяць пра Яўгенію Янішчыц яе землякі. 21 лістапада 1998 года ў вёсцы Парэчча, што на Піншчыне, дзякуючы намаганням настаўнікаў мясцовай школы, быў адчынены музей паэткі. Кніга водгукаў запаўняецца запісамі наведвальнікаў не толькі з Беларусі, але з Расіі, Украіны, Польшчы, Італіі, Германіі.
У нашай літаратуры Яўгенію Янішчыц называюць “палескай ластаўкай”, “Палесся мілае дзіця”, “палескай летуценніцай”. Дзіўнай птушкай заляцела яна ў сад беларускай паэзіі, каб жыць там вечна.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымках:
пад час правядзення свята кнігі ў раённай бібліятэцы.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top