Untitled-1

Прыехалі вучыцца

На базе раённага вучэбна-метадычнага кабінета і сярэдняй школы №1 г.Жабінка прайшоў абласны семінар спецыялістаў і метадыстаў, якія курыруюць рускую і беларускую мовы і літаратуры, па тэме “Прафілактыка моўных памылак у вуснай і пісьмовай мове вучняў”. Пад час яго правядзення ўдзельнікі пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай першай гарадской адзінаццацігодкі, пабывалі на ўроках рускай мовы і беларускай літаратуры ў шостых класах, якія правялі для гасцей настаўнікі школы Святлана Уладзіміраўна Арэхава і Людміла Сямёнаўна Міхалойць. На іх педагогі прадэманстравалі прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
У рабоце семінара таксама прынялі ўдзел метадыс-ты Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі А.М.Пітэнка і М.У.Марчык, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кандыдат псіхалагічных навук К.М.Сіда, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета З.П.Бурбіцкая, намеснік дырэктара ў навучальнай рабоце СШ №2 г.Жабінка М.І.Пакала, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры І.Ф.Гурская.
Завяршыўся семінар наведваннем Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў вёсцы Малыя Сяхновічы.

Чуллівыя сустрэчы

На Жабінкаўшчыне пражывае каля 1000 інвалідаў. Многія з іх з’яўляюцца сябрамі аналагічных грамадскіх аб’яднанняў, дзе ў Дзень інвалідаў ладзіліся мерапрыемствы.
На сустрэчу з інвалідамі зроку прыйшлі дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Р.М.Мышкавец, начальнік аддзела быту ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама С.Д.Трафімчук, якія адказалі на пытанні прысутных. Прыемным момантам сустрэчы было ўшаноўванне 90-гадовых юбіляраў, інвалідаў ІІ групы Г.Д.Пятручык і Г.Л.Лісюк, для якіх прагучалі песенныя віншаванні і ўручаны падарункі.
Старшыня праўлення раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Р.С.Ліскова праінфармавала аб тым, чым займаліся сябры-інваліды сёлета. У прыватнасці, яна адзначыла, што сталі традыцыйнымі сустрэчы ў святы, пазначаныя чырвоным у календары, выступленні медыцынскіх спецыялістаў у пытаннях прафілактыкі розных захворванняў і папулярызацыі здаровага ладу жыцця (частыя госці ўрачы А.Семянюк і І.Астроўская); а таксама паказ творчых магчымасцяў саміх інвалідаў. Так, А.Пракошына ўдзельнічала ў абласным фестывалі “Спявай, душа” і перамагла ў намінацыі “Дуэты”, а рэзчык па дрэве А.Кухарчук атрымаў матэрыяльнае заахвочванне за ўдзел у абласной выставе мастацка-прыкладных вырабаў. Пад “занавес” сустрэчы ўсім інвалідам былі ўручаны прадуктовыя наборы.

***

У цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сустракаліся інваліды двух пакаленняў: тыя, хто адраджаў Жабінкаўшчыну пасля ваеннага ліхалецця, хто памятае як “раслі” карпусы цукровага і камбікормавага заводаў, і тыя, каму за дваццаць гадоў, але з-за праблемаў у фізічным развіцці не могуць нароўні з іншымі працаваць на будоўлях, фермах, варыць цукар, аднак свае працоўныя навыкі рэалізуюць у аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў.
Сустрэча праходзіла ў нязмушанай абстаноўцы, за салодкім сталом. Шчырае, чуллівае слова сказала дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Р.М.Мышкавец. Словы гасцей — старшыні раённай арганізацыі ветэранаў В.М.Шышчыца і начальніка аддзела быту ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны С.Д.Трафімчук перамяжоўваліся з песнямі і вершамі. Прыемныя хвіліны засталіся ва ўсіх ад выступленняў Алены Гагулавай, Андрэя Козела, Ларысы Біч. Вялі мерапрыемства Анжэла Шыкунец і Юрый Місіюк. Арганізатарам канцэртнай праграмы была кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці Ірына Шостар.

Пажар у цягніку

Надвячоркам у службу надзвычайных сітуацый ад дзяжурнай чыгуначнай станцыі Жабінка паступіла паведамленне, што ў раёне вёскі Сцяброва гарыць вагон хуткага цягніка “Брэст-Масква”. Выратавальнікі, якія прыбылі на месца пажару, убачылі, што агонь захапіў вагон-буфет, людзей у ім не было.
Як разгортваліся падзеі? У 17.40 цягнік выехаў з Брэста, літаральна праз 15 хвілін спыніўся састаў. Машыністы электравоза расчапілі вагоны. Як толькі было знята напружанне з кантактнай лініі, пажарныя пачалі тушэнне. Ліквідавалі пажар за 13-15 хвілін, расчэпленыя вагоны з дапамогаю цеплавоза адбуксавалі на станцыю Жабінка. Неўзабаве хуткі цягнік “Брэст-Масква” прадоўжыў рух. Належыць ён Расійскай чыгунцы.
Мяркуемая прычына пажару — кароткае замыканне ў электрашчытку вагона-буфета. Пацярпелых няма, знішчаны агнём буфет і пашкоджана ўнутранае аздабленне вагона.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top