Служба, патрэбная людзям

Служба, патрэбная людзям

IMG_6039У першую суботу снежня адзначаюць сваё прафесійнае свята страхавыя работнікі. У аддзеле аказання страхавых паслуг у Жабінкаўскім раёне прадстаўніцтва Бел-дзяржстраху ў Камянецкім раёне іх 14, з якіх 9 — страхавыя агенты. Л.П.Ястрабкова абслугоўвае сельскае насельніцтва. З ёй я сустрэлася напярэдадні свята.
— Любоў Паўлаўна, дзе вучаць на страхавых агентаў?
— На гадавых курсах можна засвоіць усе азы нашай прафесіі. Я па адукацыі бухгалтар. Скончыла Гомельскі чыгуначны тэхнікум, працавала ў Чачэрску. Але пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС нашу сям’ю “перасялілі” ў Жабінку. Работы па спецыяльнасці не было, і я вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі страхавога агента. Як бачыце, ужо 17 з паловай гадоў “аген-
тую” — агітую людзей застрахавацца.
— Якія населеныя пунк-ты абслугоўваеце?
— Працую на тэрыторыі Ленінскага і Ракітніцкага сельсаветаў, абслугоўваю насельніцтва санаторыяў “Буг” і “Надзея”, лагер “Арляня”. Пачынала калісьці з Якаўчыцкага сельскага Савета, працавала ў Крыўлянскім. Можна сказаць, Жабінкаўшчыну вывучыла нядрэнна.
— Зыходзячы з вашага стажу, думаю, у абранай дарозе вы не расчараваліся?
— Работа страхавых агентаў цікавая і па-свойму складаная: трэба знайсці падыход да кожнага чалавека, патлумачыць, пераканаць. Неабходна і падабраць момант, напрыклад, дзень зарплаты (смяецца). На сваім участку ведаю людзей, хто чым цікавіцца, хто чым жыве, якая гэта сям’я: шчаслівая, паспяховая ці, наадварот, нядбалая. Аналізую, які від страхавых паслуг прапанаваць.
— Што страхуюць часцей за ўсё?
— Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца такія віды паслуг, як страхаванне пабудоў і кватэр, дамашняй маёмасці. У вёсках страхуюць кароў, радзей коней або свіней. Людзі страхуюць сябе і сваіх дзяцей ад няшчасных выпадкаў і захворванняў.
— А вы самі паказваеце прыклад?
— Няма такога работніка ў нашай сферы, які не засцерагае сябе. Я магу ўпасці, паслізнуцца, на мяне могуць напасці сабакі і г.д. Маю кватэру могуць абрабаваць, затапіць. Не дай Бог, канечне. Для таго і існуе Белдзяржстрах, каб выступаць гарантам спакою, упэўненасці ў заўтрашнім дні, абаронцам ад няшчасцяў. Нядаўна ў Мышчыцах згарэў дом, які быў застрахаваны гаспадарамі, і ім выплацілі страхавую кампенсацыю.
— У вас ёсць “любімыя” кліенты?
— Не ведаю, ці можна іх так назваць, але ёсць людзі, да якіх хочацца заходзіць яшчэ і яшчэ. Так, напрыклад, апошнія 8 гадоў у мяне страхуецца Аляксей Іванавіч Крывашэйн з Буснёў. Ён цікавы суразмоўнік, піша ўспаміны пра Чарнобыль. Прыемна бываць у Надзеі Фёдараўны Смірновай з Шалухаў: яна страхуе сябе, мужа, дзяцей, пабудовы, хатнюю маёмасць.
— Колькі дагавораў вы заключылі сёлета?
— Каля шасцісот. І заключэнню кожнага з іх папярэднічае растлумачальная работа. Бывае, дагавор складаецца і падпісваецца за 20 хвілін, а ў некаторых выпадках трэба пагаварыць не раз і не два з чалавекам, перш чым пераканаеш аформіць яго.
Інтэрв’ю ўзяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: страхавы агент Л.П.Ястрабкова афармляе чарговы
дагавор страхаваня.
Фота Ірыны ЖУК.

 

IMG_6057 Як паведаміла начальнік аддзела аказання страхавых паслуг у Жабінкаўскім раёне прадстаўніцтва Белдзяржстраху ў Камянецкім раёне Таццяна Руцюк, за 10 месяцаў бягучага года аддзелам сабрана 2,8 мільярда рублёў страхавых узносаў па ўсіх відах страхавання, у тым ліку па добраахвотных — 1,4 мільярда рублёў. Заключана 12,6 тысячы дагавораў па ўсіх відах страхавання, з іх 7,1 тысячы па добраахвотным.
Прадстаўніцтвам у цэлым выплачана па дагаворах 7,3 мільярда рублёў, у тым ліку па няшчасных выпадках на вытворчасці і прафесійных захворваннях 5 мільярдаў, насельніцтву па маёмасных відах страхавання — 2,8 мільярда рублёў, сельгаспрадпрыемствам — 0,6 мільярда рублёў.

На здымку: спецыялісты аддзела аказання страхавых паслуг у Жабінкаўскім раёне Н.Кажамяка, Т.Руцюк (начальнік аддзела), В.Лазоўская, Н.Дамарад. Фота Ірыны ЖУК.

 

Ці ведаеце вы?

Белдзяржстрах — гэта самая буйная дзяржаўная кампанія, якая ёсць ва ўсіх раённых цэнтрах, у якой самы вялікі ўстаўны фонд і якая аказвае паслугі па 76 відах страхавання.
У Рэспубліцы Беларусь кожны трэці працаздольны грамадзянін карыстаецца паслугамі страхавых кампаній.
Страхавыя ўзносы практычна па ўсіх відах страхавання пры заключэнні дагавораў тэрмінам на 1 год могуць выплачвацца ў растэрміноўку.
Па страхаванні ад няшчасных выпадкаў і захворванняў пры заключэнні дагавораў у адносінах членаў сям’і на кожнага даецца зніжка ў 20%, а пры заключэнні першапачатковых дагавораў у верасні, снежні і сакавіку 10% на кожны дагавор.
Выплата пры наступленні страхавога выпадку па няшчасных выпадках і захворваннях напрамую залежыць ад абранай вамі страхавой сумы пры заключэнні дагавора. Чым большая сума, тым большая выплата.
Пры наяўнасці дагавора добраахвотнага страхавання «Аўтакаска» аплачваюцца любыя пашкоджанні, атрыманыя вашым аўтамабілем, нават тады, калі вы з’яўляецеся вінаватым у ДТЗ.
Па страхаванні жывёл пры іх змушанай здачы на забой, вам пакрыюць 50% страхавога кошту жывёлы незалежна ад грашовых сродкаў, атрыманых за мяса.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top