У “зорнай” майстэрні Івана Міско

У “зорнай” майстэрні Івана Міско

IMG_0733

Іван Якімавіч Міско

Нарадзіўся 22 лютага 1932 года ў Чамярах на Слонімшчыне.
Народны мастак Беларусі, Заслужаны дзеяч мастацтваў краіны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, дыпламант Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына. Стваральнік шматлікіх вобразаў вялікіх і простых людзей, што жылі і жывуць на зямлі, і тых, хто “штурмуе” касмічныя прасторы.

Нас і нашу працу Вы прапусцілі
праз трапяткое сэрца мастака,
а напрацаванымі рукамі стварылі
вобразы і справы сучаснікаў.

Пётр КЛІМУК.

Кенька

Ён настойліва гаварыў пры кожнай сустрэчы ў сталіцы:
— Вы проста абавязаны пазнаёміцца з Іванам Якімавічам!
Аднак у Мінску заўсёды часу не стае паміж цягнікамі — шматлікія справы, таму кожны раз — у адказ:
— У наступны прыезд, прабачце.
Але ж не быў бы ён Кенькам — чалавекам захапляльным, у жыцці цікаўным і актыўным,  калі б не прыцягнуў “у майстэрню да Міскá”.
7 лютага 2013 года. У Мінску не першы дзень, бы вулей, гудзіць Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Сярод усялякага многага ды рознага — прэзентацыя маёй кнігі “Мячы Грунвальда”. Навуковец, перакладчык, інтэлігент Міхась Паўлавіч Кенька хораша выказаўся пра кніжку і ўсё ж “спакусіў” прайсціся (“тут недалечака”) да “зорнай” майстэрні.
Сапраўды, побач — у самым сэрцы сталіцы, за “спінай” Палаца Рэспублікі. Пераступаю парог і адразу “сустракаюся” позіркам з земляком — Пятром Клімуком.
Ад нечаканасці нават павітаўся:
— Дзень добры, Пётр Ільіч.

Тут Герояў бывае шмат

Я “добрадзенькнуў”, а ён прамаўчаў, бо быў… гліняны. Перада мной — копія (адзін у адзін) бюста двойчы Героя Савецкага Саюза, першага беларускага пакарыцеля космасу. Такі ўсталяваны на бульвары Касманаўтаў у Брэсце.
А ў наступным шырачэзным пакоі, дзе шчыруе Міско, сядзіць перад майстрам жывы Герой. Адразу не пазнаю яго (бо бачыў раней толькі на “парадных” партрэтах), а калі зразумеў, што гэта геніяльны — генеральны канструктар “МАЗа”, Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі, рука міжволі пацягнулася да фотаапарата.
У адказ на мой прафесійны парыў — халодны жаночы голас з выразнай металічнай ноткай:
— Вы журналіст? (Далібог, прагучала, як “папарацы”). Не трэба здымаць. Нам (з моцным націскам на гэтым слове) гэта не патрэбна.
І ўжо цішэй, мягчэй:
— Хіба вы не бачыце?
Нарэшце я пабачыў. Тое, што медыкі называюць “фацыес гіпакратыка”, — твар закату, ці прасцей — смерці.
Іван Якімавіч хутка акінуў мяне прышчураным вокам, кіўнуў Кеньку:
— Праходзьце, пачакайце трошкі, у нас ужо хутка — усё. — І зноў “прыляпіўся” да справы.
Праз паўгадзіны мы засталіся адны ў пакоі. Майстра ўздыхнуў:
— Якім ён быў волатам! Баюся, гэта праца ўжо на магілу… (Скажам адразу — Міско не памыліўся: жыць Герою заставалася некалькі тыдняў…).
— Дык няўжо вы ляпілі з натуры?
— Што вы! З ранейшых фотаздымкаў, а зараз толькі рукамі “варажыў”, каб хворага хоць трохі падтрымаць, мо мая ўвага на нейкі час працягне ягонае жыццё…
Іван Міско трохі расказаў пра сябе. Ужо ў маленстве ён маляваў вугалем ў вуглу печы. Вучыўся майстэрству (можна нават сказаць, насычаўся іх творчасцю) у такіх асобаў, як Аляксей Глебаў, Андрэй Бембель, Заір Азгур.
IMG_9202Прайшліся разам па майстэрні, быццам па музеі. Сотні скульптур і бюстаў. Той, хто пабывае тут, абавязкова зверне ўвагу на дзверы, распісаныя аўтографамі знакамітасцяў. Сярод выяў нямала знаёмых твараў.
Найперш — гэта “зоркі” Беларусі: артысты Стэфанія Станюта і Мікалай Яроменка, спартсмены Аляксандр Мядзведзь і Алена Бялова, акадэмікі Барыс Кіт і Андрэй Пракапчук, пісьменнікі Янка Маўр і Генадзь Бураўкін, кампазітары Яўген Цікоцкі і Віктар Роўда… Усіх пералічыць — рука стоміцца пісаць!
Аднак уяўна вылучаецца сапраўды “зорная” тэма: шматлікія скульптурныя партрэты і медалі ў гонар Герояў Космасу — ад Юрыя Гагарына да сённяшніх дзён. Пачэснае месца ў калекцыі займаюць асобы трох касманаўтаў-землякоў: Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага.

Сэрца, падзеленае паміж Зорным і Мінскам

Івана Якімавіча зацікавіла, што ў войску я праходзіў службу на Байкануры.
— Калі гэта было?
— У канцы васьмідзясятых, тады яшчэ запускалі першы і апошні савецкі “чаўнок” “Буран-Энергія”, ды паляцеў экіпаж з першым французскім касманаўтам на борце.
— А-а-а, з Жан-Лу Крэцьенам, — з задавальненнем прамовіў Міско. — Я з ім сустракаўся не аднойчы, ствараючы бюст.
Пра касмічныя палёты ён, здаецца, ведае ўсё ці амаль усё. З гэтай тэмай Іван Якімавіч не развітваецца ўжо сорак гадоў з лішкам. Ён гаворыць:
— Ніколі не думаў, нават не марыў пабываць у Зорным гарадку. Гэта здавалася мне нерэальным. Але я пачаў збіраць фота касманаўтаў і ўсё, што звязана з імі. Першую сваю работу, партрэт Юрыя Гагарына, зрабіў у дзень яго пахавання, пад гукі жалобнай музыкі. Потым пазнаёміўся з ягонай маці Ганнай Цімафееўнай, ляпіў яе і многіх касманаўтаў, і маё сэрца назаўсёды раздваілася паміж Зорным і Мінскам.
Сяброўства даўно злучыла Міско і Клімука. З той восені 1975 года, калі першы беларускі касманаўт пазіраваў для “брэсцкага” бюста. Тады ён напісаў на фотаздымку, падараваным сябру: “Ваня! Прыемным было знаёмства з табой. Яшчэ больш прыемнае назіранне за тваім творчым парывам, імкненне да нечага новага. Час, праведзены ў тваёй майстэрні, — гэта не толькі час для пазіравання, а і дзеля насычэння сваіх унутраных патрабаванняў. Надзвычай прыемна, што ў тваіх руках гліна ператвараецца ў характар, якому я вельмі зайздрошчу”.
Клімук не толькі пакінуў свой аўтограф на знакамітых дзвярах у майстэрні, але й неаднойчы запрашаў скульптара ў Зорны. Так нарадзіліся бюсты не толькі савецкіх і расійскіх касманаўтаў, але й падарожнікаў каляземнай арбіты з Англіі, Аўстрыі і Германіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Індыі і Кубы, Афганістана, Сірыі і Японіі, Балгарыі, Румыніі і Польшчы…
— Вы маеце на ўвазе Гермашэўскага?
— Так, ляпіў пана Міраслава пасля таго, як ён злятаў у космас разам з Пятром Клімуком.
А я прыгадаў іншую гісторыю, знітаваную з тым палётам. Некалі праз польскі Чырвоны Крыж мой бацька разам з братам Паўлам адшукалі ў горадзе Радам пахаванне бацькі Мацвея Усцінавіча, што загінуў у студзені сорак пятага пад Варшавай. Прывезлі, каб усталяваць, надмагільгую пліту. На вялізных радамскіх кладах савецкіх воінаў тады стаяў толькі адзін помнік — у памяць пра іншага берасцейца, бацьку касманаўта Ілью Клімука, створаны палякамі, удзячнымі за савецка-польскае касмічнае сяброўства…

Гарыць святло!

У лютым хутка вечарэла. Майстар запаліў святло. На развітанне я пацікавіўся:
— Усё ж, каго вам больш падабаецца ляпіць?
— Вядома, жанчын, — засмяяўся скульптар.
Сапраўды, з асаблівай любасцю ён ствараў скульптурную групу “Маці герояў” (з выявамі Марфы Клімук, Ганны Гагарынай, Настассі Купрыянавай і Вольгі Кавалёнак), не аднойчы майстру пазіравала англійская касманаўтка Хэлен Шарман, а францужанцы Кладзі Андрэ-Дээ беларускі мастак “уплёў” у валасы зоркі… Найбольш мяне ўразіў партрэт беларускай фехтавальшчыцы Алены Бяловай. Валасы алімпійскай чэмпіёнкі былі створаны з прыроднага матэрыялу — драўніннай чагі.
Вось такі ён, вынаходлівы і відушчы Іван Якімавіч!
У “зорнай” майстэрні Івана Міско на бачным месцы стаяў амаль дароблены скульптурны партрэт Алега Навіцкага, трэцяга касманаўта — нараджэнца Беларусі. У той час Алег Віктаравіч быў яшчэ на арбіце (у якасці камандзіра міжнароднага расійска-амерыканскага экіпажу). Адтуль — з вышыні зямной “сто-лі” — слаў прывітанні майстру.
— Кожны раз здзіўляюся, наколькі развілася тэхніка, — гаварыў Іван Якімавіч. — Перад стартам Алег паабяцаў патэлефанаваць адтуль (і тыцнуў у столь майстэрні). Я думаў, жартуе… А тут сяджу, працую — званок: не, думаю, не буду адрывацца… А тэлефон не сціхае, настойлівы… Бяру трубку і чую: “Пралятаю над Беларуссю, бачу, як у вашым акенцы гарыць святло!” І чутно, нібыта з суседняга пакою!
Што ж, вядома, здалёк яно заўжды лепш бачна…
Няхай жа доўга яшчэ свеціцца, няхай ніколі не гасне акенца, у якім гарыць святло творчасці.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: у гасцях  у І.А.Міско касманаўт Алег Навіцкі; копія бюста
першага беларускага касманаўта Пятра Клімука “сустракае” наведвальнікаў “зорнай” майстэрні.
Фота аўтара і Міхася КЕНЬКІ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top