Шчаслівая сям’я, калі ў ёй шмат “я”

Шчаслівая сям’я, калі ў ёй шмат “я”

IMG_4925
Гаворка пра сям’ю Алены Віктараўны і Віктара Рыгоравіча Янушаў, якія сёлета адзначылі 20-гадовы юбілей сумеснага жыцця. Алена працуе выхавальніцай у Жабінкаўскай спе-цыялізаванай школе-інтэрнаце, а Віктар — пастар.
Руская дзяўчына і ўкраінскі хлопец сустрэліся ў Казахстане, дзе жылі іх бацькі. Віктар прыйшоў тады з арміі і завітаў у школу гуляць у валейбол. Там і пазнаёміўся з 15-гадовай Аленай. Неўзабаве яе бацькі падаліся на Каўказ, а малады чалавек паехаў за ёю, уладкаваўся на працу нафтагазавіком, жыў у інтэрнаце. Як толькі Алена скончыла школу, яны пажаніліся. Жыць маладыя вырашылі ў Беларусі і прыехалі ў вёску Сакі да адзінокага Віктаравага бацькі. Гаспадар маладой сям’і пачаў працаваць будаўніком у Жабінцы, Алена вучылася завочна на псіхолага. Затым галава сям’і быў прадпрымальнікам, працаваў на цукровым заводзе. Пасля арандуемай кватэры ды інтэрната яны нарэшце купілі маленькі дом у Сцяброве. Узялі пазыку ў банку на яго рэканструкцыю, Віктар сам пабудаваў новы дом ажно на шэсць пакояў.
За гэты час у іх нарадзіліся дзве дачкі: Насця і Воля. Больш мець дзяцей жанчыне не раілі ўрачы. А сям’ю муж і жонка хацелі вялікую, на гэта і быў разлічаны іхні гасцінны і ўтульны дом. Акурат тады ў іх узнікла жаданне ўзяць на выхаванне абяздоленых дзяцей. Вялікую ролю адыграла гісторыя дзяцінства самога гаспадара:
— Мае бацькі, — згадвае Віктар Рыгоравіч, — разышліся, калі мне было сем гадоў. Я і шэсць маіх сясцёр употай марылі толькі аб адным: каб у нас быў добразычлівы тата. Магчыма, гэта схіляла мяне стаць такім бацькам самому. Жонка ўсёй душой падтрымала. У нашай хаце на канікулах перабывалі многія сіроты школы-інтэрната. У Алены чулае сэрца, ёй вельмі шкада такіх хлопчыкаў і дзяўчынак, яна заўсёды хацела хоць трошкі ім дапамагчы, накарміць іх па-хатняму, па-мацярынску…
Тры гады таму Віктар і Алена з прапановы аддзела адукацыі ўзялі з прытулку пасёлка Ленінскі брата і сястру — Руслана і Аляксандру. Родам яны з Крыўлянскага сельсавета, іхняя маці пазбаўлена правоў на іх. Зараз Руслан вучыцца ў шостым, а Саша ў чацвёртым класе.
У адзін год з імі ў сям’ю трапіў такім жа шляхам хлопчык-трэцякласнік Радзівон, родам з Ракітніцы. Ягоная матуля кожную ня-дзелю наведвала сына. Яна бачыла ўзор у сямейным жыцці Янушаў, пранікалася добрай воляй і, нарэшце, стала на шлях ісціны. Ёй вярнулі правы маці, і праз тры гады яна забрала Радзіка да сябе.
Алене і Віктару спадабалася рабіць дзяцей шчаслівымі, патрэбнымі і карыснымі для грамадства. Год таму ў сям’і з’явіўся Юра. Зараз ён вучыцца ў першым класе. Усе дзеці называюць бацькоў “мама” і “тата”.
Спачатку, як прызнаецца гаспадыня, было цяжка з прыёмнымі дзеткамі. Яны многае не разумелі, бегалі па хаце, рабілі, што хацелі. Дарослыя ім паставянна тлумачылі, якія правілы існуюць у сям’і. А зараз бацькам вельмі дапамагаюць уласныя дзеці. Яны ўжо таксама амаль дарослыя. Насця — будучы педагог, вучыцца на ІІІ курсе дзяржуніверсітэта ў Брэсце, атрымлівае павышаную стыпендыю, іграе на саксафоне. Воля — вучаніца 9-га класа сярэдняй школы №2 у Жабінцы, займаецца спортам, гуляе ў валейбол. Яны добра выхаваныя і прыкметна ўплываюць на малых.
Дык ці шчаслівая сёння сям’я Янушаў? А давайце паслухаем іх паасобку.
Мама  Алена Віктараўна:
— Я адкрыла для сябе многа прывабнага ў доме, у сям’і. Раніцай устаю, буджу дзяцей, гатую сняданак, вяду малых у школу. Потым раблю лёгкую ўборку ў хаце і бяруся за гатаванне абеду. Стараюся карміць сям’ю смачна, прыдумваю розныя салаты, супы, іншыя стравы, эксперыментую. Потым мы робім урокі, займаемся музыкай: Аляксандра іграе на піяніна, а яе брат Руслан — на трубе. Для сябе я таксама знаходжу час: дзецям і сабе шыю вопратку, люблю вышываць. У нядзелю мы ўсе разам ідзем у храм. Дома нам ёсць пра што пагаманіць, што абмеркаваць, у нас няма падстаў для сварак і крыўдаў. Муж мяне цудоўна разумее і дапамагае. Усёй сям’ёй глядзім фільмы, чытаем. Віктар гуляе з дзецьмі ў футбол, валейбол, шахматы. На сваім аўтамабілі выязджаем у Лядовы Палац, у аквапарк, на каруселі, катаемся на катамаране. Плануем паехаць у Гродзенскі  заапарк… Аднойчы я захварэла. Дык самы маленькі прыёмны сын стаяў увесь час каля мяне і мяняў мне кампрэсы на галаву, прыгаворваў: “Мамачка, не хварэй”. Можа, гэта і ёсць шчасце?
Тата Віктар Рыгоравіч:
— Пра сябе скажу: я шчаслівы чалавек. Для мяне найлепшы асяродак адпачынку — мой дом, мая сям’я. Гэта жонка стварыла такі мікраклімат, такі востраў любові. І няхай у нас няма фінскіх шпалераў і турэцкай мэблі, не нажылі, затое якім бы стомленым я ні прыйшоў дамоў, настрой у мяне заўсёды паляпшаецца, калі бачу ўсмешлівую і ласкавую жонку, такіх жа дзяцей.
Я не разумею людзей, якія сцвярджаюць, што яму і ёй трэба адпачываць адзін ад аднаго. Асабіста мяне расстанне толькі засмучае, я турбуюся як там мае, калі трэба куды-небудзь паехаць аднаму. У нас неаднолькавыя захапленні, інтарэсы, мы можам паспрачацца пра іх. Але ёсць павага да духоўнага, унутранага свету блізкага чалавека. Значыць, ёсць і цярпімасць, імкненне зразумець адно аднаго. Мы без усялякай дапамогі, самастойна будавалі сваё жыццё. Прайшлі ўсе этапы: безграшоўе, перажыванне за дзяцей, бытавыя праблемы… У любой сітуацыі стараліся знайсці кампраміс. Многае, канечне, залежала ад Алены — яна мяккі чалавек, добры, уважлівы і зычлівы. А які мужчына не адгукнецца дабром на дабро! Важна толькі вырашыць людзям, на чым найперш трымаецца іх сям’я: на дастатку, або на каханні, прывязанасці, жаданні зрабіць жыццё блізкіх лепшым, цікавейшым? Сям’я — гэта вельмі адказная і сур’ёзная справа. У ёй удзельнічаюць усе: і захавальніца хатняга агменю, мама, на якую ўсе арыентуюцца — ці прыгожая, бадзёрая, энергічная, і тата — ці ўмее ён працаваць, зарабляць на жыццё, ці мае аўтарытэт, і дзеці, без чыёй дапамогі і спагады дарослым цяжка абысціся. Не лічыце мяне дзіваком, калі хаджу з усмешкай па вуліцы. Нярэдка пытаюцца: “Ці ёсць у цябе падстава для вяселля?” У мяне — ёсць.
Родныя дзеці Насця і Воля:
— У нашым узросце ўжо многія задумваюцца над жыццём, у якім многа розных праблем. Але мы іх вырашаем. Не без удзелу старэйшых, вядома. Больш за ўсё любім суботу і нядзелю. Не таму, што не трэба ісці на вучобу. Проста ў гэтыя дні дома ўся сям’я. Мы любім сваіх бацькоў — яны добрыя і мудрыя. Нас яны паважаюць і лічаць зусім дарослымі і самастойнымі. На самой справе мы адчуваем сябе такімі. Калі прыходзяць сябры, мы ведаем, што бацькі не супраць гэтага. У кожнага з нас у доме свае пакоі, за парадак самі і адказваем. Але чакаем выхадных дзён, каб з дарослых зноў стаць дзецьмі. Любім з бацькамі рабіць усё: прыбіраем, ходзім у магазіны, займаемся гаспадаркай, раімся з імі, дапамагаем малодшым дзецям. Мама пячэ пірог, а нам даручае гатаваць да яго крэм. Мы глядзім на яе — маладую, прыгожую — і разумеем тату, які да гэтага часу закаханы ў яе. Гэта шчасце — быць усім разам, вось і не хочацца так хутка станавіцца “дарослымі і самастойнымі”.
Прыёмныя дзеці. Яны яшчэ маленькія і не такія шматслоўныя. Але відно, што ў гэтым доме знайшлі спакой і любоў, разуменне і падтрымку. Я запыталася ў самага малодшага, Юры: “Якая ў цябе мара?”. Ён нечакана адказаў: “Хачу, каб мая родная мама трапіла ў рай!”.
Гэта, відавочна, азначае, што ён марыць, каб яго мама вяла прыстойны лад жыцця, каб была падобная на яго прыёмных бацькоў. Ці ж такія мары павінны быць у маленькіх? Навошта ж неразумныя, шалапутныя мамы ўзвальваюць такі цяжар на дзіцячыя плечы?..
Так хочацца, каб не стала ў нашай краіне ніякіх дзіцячых прытулкаў або, прынамсі, каб у іх выхаванцаў зноў і зноў паяўлялася магчымасць знайсці сям’ю. Мо акурат тваю сям’ю, дарагі чытач?
Вера МАНДРЭНКА, настаўніца школы-інтэрната.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top