“Дзякуй вам за цеплыню!”

“Дзякуй вам за цеплыню!”

IMG_1517“Я жыву ў Вялікіх Сяхновічах… Прашу звярнуць увагу і на маю старасць”, — гэтымі словамі пачынала і заканчвала свой ліст у рэдакцыю Таццяна Фёдараўна Грыцук. Пісала яго з вялікім абурэннем і малой надзеяй: мо выслухаеце, надрукуеце, дапаможаце?
Сутнасць яе просьбы: “нават не ведаю да каго звярнуцца, акрамя вас”.
86-гадовая жанчына лаканічна пераказала сітуацыю, у якой апынулася, а “Сельская праўда” паведаміла пра тое ў адным са сваіх ліпеньскіх нумароў у заметцы “Завод зачынілі. Мяне забылі!”.
Так, былая працаўніца крухмальнага завода скардзілася, што пасля скасавання ў 1986 годзе прадпрыемства не атрымоўвала ніякай дапамогі, нават простай падзякі за доўгую працу, што, згадзіцеся, для старога чалавека таксама мае вагу. Ёсць і медаль, і ветэранскае пасведчанне, але ж…
Гэты ліст не мог пакінуць абыякавым, звярнуліся да старшыні Крыўлянскага сельвыканкама А.Ф.Марчука, які з разуменнем аднёсся да просьбы ў нечым дапамагчы пажылай жанчыне. Неўзабаве разам з Анатолем Фёдаравічам былі ў вёсцы Вялікія Сяхновічы, на вуліцы Цэнтральная, ля парога старой хаціны. Аднак гаспадыні дома не было, а суседзі патлумачылі:
— Мабыць, у дачкі гасцюе ў Брэсце.
Толькі трэці прыезд прынёс вынік. Агледзелі гаспадарлівым вокам хату (да слова, вельмі чысценька прыбраную, быццам і не жыве ў ёй пажылы чалавек), старшыня сельвыканкама прапанаваў Таццяне Фёдараўне Грыцук адрамантаваць печ, што зусім не грэла. Але ж прасіў трошкі пачакаць, пакуль знойдзе добрага печніка, балазе, халадоў не прадбачыцца.
Калі жанчына пра гэта пачула, заўсміхалася:
— Ой, на такое я й не спадзявалася. Пачакаю, канечне ж, пачакаю! Каб толькі ён, добры, знайшоўся ды згадзіўся мне дапамагчы. Бо ўжо некалькі гадоў няма цягі, зусім не грэе. Таму і з’язджаю на “зімоўку” да дачкі.
Таццяна Фёдараўна аказалася дасціпнай суразмоўніцай, ахвотна распавяла пра колішні завод, якому аддала 35 гадоў жыцця, пра людзей заводскіх, іх справы.
19 верасня Анатоль Марчук зноў быў у Таццяны Грыцук, прычым, ужо не адзін, а з абяцаным печніком ды ягоным памочнікам. Сяргей Мікалаевіч Чабану жыве ў Булькове, шмат людзей ведаюць яго як выдатнага спецыяліста ў сваёй справе.
— Раней кожны пячнік быў сапраўднай асобай, — сказала Таццяна Фёдараўна, — нават цяпер, калі людзі ўсё больш прызвычайваюцца да выгодаў найноўшага часу, па-ранейшаму цэняць такіх умельцаў, яны заўжды на вагу золата. Дарэчы, мае дзед Іван і бацька Фёдар у свой час былі вядомымі майстрамі-печнікамі, абодва мелі гімназічную адукацыю. Таму такіх людзей паважаю вельмі.
Майстры з Булькова тую павагу ацанілі і апраўдалі. Хутка высветлілі праблему, прывезлі новую засаўку, бо старая зусім не адчынялася, прачысцілі старанна дымаход.
— І як цяпер? Ці задаволеныя? — спытаўся ў гаспадыні.
— А вы, хіба не адчуваеце, як у хаце стала цёпла? Раней было — хоць плач, а зараз ужо — жыві ды радуйся, — адказала Таццяна Фёдараўна.
Потым павярнулася да А.Ф.Марчука і дадала са шчырай усмешкай:
— Дзякуй вам за цеплыню!
Анатоль ростаў.
На здымку: цяпер і ў маразы, і ў слоту цяпло прапісалася ў хаце. Т.Ф.Грыцук са
старшынёй сельвыканкама А.Ф.Марчуком.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top