Галоўнае — вырасціць хлеб

Галоўнае — вырасціць хлеб

IMG_5587
Восень, як вядома, — пара збору ўраджаю і падвядзення вынікаў дзейнасці ўсіх удзельнікаў аграпрамысловага комплексу. “Кураняты” падлічаны, і найлепшай гаспадаркай у раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур прызнаны СВК “Вазнясенскі”. Ля праўлення гаспадаркі нас сустракае яго старшыня Надзея Рыгораўна Кандрацюк, якая пагадзілася напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці даць інтэрв’ю раёнцы.
— Надзея Рыгораўна, віншуем вас з першым месцам. Як думаеце, гэта ваша заслуга як пісьменнага кіраўніка, што СВК “Вазнясенскі” знаходзіцца на першай прыступцы?
— Лічу, што гэта заслуга ўсяго калектыву. Галоўнае ў рабоце — каманда. У нас яна ёсць. Я задаволена работай сваіх галоўных спецыялістаў: агранома Рыгора Адамавіча Панасюка, заатэхніка Надзеі Сяргееўны Кадлубовіч, інжынера Васіля Пятровіча Альшанца. Рыгор Адамавіч — малады спецыяліст, але яго старанню, працавітасці і адказнасці пазайздросціць і вопытны работнік. Летам працаваў з 5 гадзін раніцы да позняй ночы. Высокія паказчыкі ў раслінаводстве — яго заслуга. Надзея Сяргееўна — спецыяліст са стажам. Набыткі, якіх гаспадарка дасягнула ў жывёлагадоўлі, — яе заслуга. Васіль Пятровіч Альшанец пад час сяўбы азімых культур ноччу працаваў на ворыве глебы, а днём выконваў абавязкі механіка. Калі гаспадарка не паспявае завяршыць работы ў адведзены тэрмін, адказны работнік разумее, што ёсць такое слова “трэба”: трэба сесці за штурвал камбайна — сеў, трэба працаваць з плугамі — калі ласка. З такімі спецыялістамі-аднадумцамі можна быць упэўненай у заўтрашнім дні.
— Вы адзіная жанчына-кіраўнік сельгаспрадпрыемства на Жабінкаўшчыне. Ёсць якія-небудзь прывілеі вам, як прадстаўніцы слабога полу?
— У крэсле старшыні я з 25 мая 2011 года, і хачу сказаць, што ў пасады гэтай не жаночае аблічча. Жанчыне лепш займацца жаночымі справамі, хаця я, здаецца, нядрэнна спраўляюся са сваімі абавязкамі. Прывілей, канечне, няма. Ёсць падтрымка і абласнога кіраўніцтва, і раённага. Але яна аказваецца і іншым гаспадаркам жабінкаўшчыны.
— Якім быў сёлетні год у галіне раслінаводства?
— Па праўдзе сказаць, ён быў неспрыяльным і вельмі складаным. Вясновая пасяўная была не толькі позняй, але і цяжкай, таму што землі нашы сугліністыя, і вада практычна не сыходзіла з палёў. Мы закончылі сяўбу пазней за іншыя гаспадаркі, не атрымалі той ураджайнасці, на якую разлічвалі. Але тым не менш з кожнага гектара намалацілі 38,5 цэнтнера зерня ў фізічнай вазе. Гэта найлепшы паказчык у раёне.
— Якія культуры парадавалі самым высокім ураджаем?
— Гэта, у першую чаргу, пшаніца і трыцікале, якіх намалацілі з гектара адпаведна 52,9 і 45,5 цэнтнера. Горш за ўсё ўрадзіў ячмень, таму што ў засуху ён практычна высах. Парадавалі цукровыя караняплоды. Іх ураджайнасць склала 665,4 ц/га, план іх здачы на мясцовы завод выканалі на 100,9%.
— На што робіце акцэнт у сваёй рабоце?
— Напэўна, гаварыць пра адзін акцэнт няправільна. Калі ўзяць асобна раслінаводства, то галоўны стрыжань тут якаснае ворыва. Трэба правільна ўзараць глебу на пэўную глыбіню, каб верхні слой лёг роўна, каб зерне лягло роўна і дало дружныя ўсходы. Калі браць жывёлагадоўлю, то галоўнае — узнаўленне статка. Трэба своечасова асемяніць кароў, дагледзець сухастойную карову, правесці вакцынаванне жывёлы.
— З якімі праблемамі сутыкаецеся найчасцей у сваёй працы?
— Асноўная праблема — фінансавая. Практычна кожная гаспадарка знаходзіцца на самафінансаванні. Што б мы ні вырошчвалі: зерне ці буракі, атрымлівалі малако, галоўны паказчык — гэта даход у касу аграпрадпрыемства.
— Што прыносіць гаспадарцы найбольшы прыбытак?
— Як не дзіўна, жывёлагадоўля, а менавіта малако. З малака мы выплачваем заработную плату, купляем запчасткі і іншае. Думаю, мы маем такі яго рост (122%), таму што займаемся будаўніцтвам жывёлагадоўчых памяшканняў. З аднаго боку, гэта крэдыты, якія леглі на плечы гаспадаркі. З другога боку, калі не будаваць новыя памяшканні і не займацца тэхналогіяй вытворчасці малака і вырошчвання цялят, не будзе такіх высокіх паказчыкаў. Так, надой на карову склаў 489 кг за кастрычнік г.г., 5436 кг ад пачатку года, плюс 556 кг у параўнанні з 2012 годам.
— СВК “Вазнясенскі” забяспечаны тэхнікай?
— Тэхніка зараз — казка. Гэта не тое, што некалі: “Нівы”, “Доны”, у кабінах якіх камбайнеры задыхаліся ў спякоту. Цяпер машыны аснашчаны кандыцыянерамі, і працаваць на іх — адно задавальненне. Тэхнікі ў нас хапае. Сёлета купілі шэсць МТЗ-82, новыя апырсквальнік, прэс і граблі. На абнаўленне машынна-трактарнага парку зрасходавана 5483 млн. рублёў.
— Тэхнікі, кажаце, хапае. А спецыялістаў?
— А вось з кадрамі існуе пэўная праблема. Не хапае аператараў машыннага даення, цялятніц, механізатараў, няма зваршчыка. Чатыры чалавекі, якія працуюць у бухгалтэрыі, — пенсіянеры. І замяніць іх няма кім. Каб завабіць людзей у нашу гаспадарку, мы пабудавалі пяць новых дамоў пад ключ, тры з іх пустуюць. У асфальт “апранаем” дарогі, засталося каля двух кіламетраў.
— Аб чым сёння баліць галава ў кіраўніка лепшай гаспадаркі раёна?
— Аб усім. Вясною думаю пра восень, а ўвосень — пра вясну. Галоўная задача — вырасціць хлеб. Хочацца атрымаць вышэйшыя паказчыкі і ў надоях, падняць зябліва. Скажам, сяўба азімых прайшла на належным узроўні. Галава баліць аб будучыні гаспадаркі, яе працаўнікоў. Чым лепшы будзе фінансавы стан гаспадаркі, тым лепш будуць жыць і яе працаўнікі. Да новага года хочацца ўвесці ў эксплуатацыю дзве малочнатаварныя фермы, каб размясціць жывёлу, больш тэхналагічна ажыццяўляць яе кармленне. Хочацца, каб якасна былі падрыхтаваны палі пад кукурузу, пад буракі і пад яравыя зерневыя. Кіраўнік рупіцца і аб тым, каб у гаспадарцы было больш грошай.
— Што пажадаеце работнікам сельскай гаспадаркі напярэдадні прафесійнага свята?
— У сяле чалавек заканчвае клопаты, калі сонца заходзіць за гарызонт. Усім вяскоўцам і, у прыватнасці, вазнясенцам шчыра ўдзячная за іх працу. Віншую ўсіх з надыходзячым святам і жадаю здароўя, міру і дабра.
Гутарыла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: Н.С.Кадлубовіч, Р.А.Панасюк і Н.Р.Кандрацюк абмяркоўваюць паказчыкі сёлетняга года.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top