Цяляткі, бы дзіцяткі, ласку чуюць

Цяляткі, бы дзіцяткі, ласку чуюць

IMG_1581Чужога, невядомага малыя спалохаліся, замітусіліся, але ж, як пачулі рукі, што іх лашчаць ды кормяць, супакоіліся і пацягнуліся да тых рук. Сапраўды, як дзіцяткі. Хоць і цяляткі…
Гэтак мы пазнаёміліся з Нінай Фёдараўнай Міцкевіч і яе бел-чорна-белымі гадаванцамі. Сёлета цялятніца СВК “Хмелева”, што працуе на ферме “Падлессе”, уганаравана граматай абласнога выканаўчага камітэта. І гэтая ўзнагарода — цалкам заслужаны вынік шматгадовай сумленнай працы.

З кім па дарозе?

У кожнага бываюць гады, настолькі насычаныя жыццёвымі падзеямі, што запамінаюцца надоўга. Для Ніны Казлоўскай такім стаў 1991-ы.
Яна жыла на Валыні, у Ратненскім раёне. Ёй — сямнаццаць. За спіною школьны парог, а ў думках самае галоўнае пытанне: як жыць далей?
Матуля рана памерла. Ніна, наймалодшая ў сям’і, цудоўна разумела: цяпер спадзявайся толькі на сябе. На ўласныя сілы. Але ж ці хопіць іх?
— Ніначка, паедзем у Беларусь, на заробкі, — паклікалі сяброўкі, і яна пагадзілася.
Трапілі ў Падлессе, у калгас “Запаветы Ільіча”. Дацямна шчыравалі на праполцы цукровых буракоў. А як надышоў час ад’язджаць, Ніна падышла да палявода Веры Віктараўны Крох і папрасілася:
— А можна я ў вас застануся?
Тая заўсміхалася:
— І я пра тое цябе хацела ўжо прасіць, бачу, дзяўчына ты спраўная, да таго ж, і Віктар, відаць, не адпусціць…
Дзяўчына пачырванела. Так, і Віцю Міцкевічу, маладзенькаму шафёру, што кожную раніцу вазіў працаўніц на калгасным аўтобусе ў поле, Ніна адразу, як кажуць, прыглянулася. Неяк непрыкметна звіліся іх жыццёвыя нітачкі.
… Вось і рашылася. Вось і вырашылася. Праўда, была адна замінка, якую з-за мяжы не бачна: ва Украіне шлюбны ўзрост наступае з сямнаццаці гадоў, а ў Беларусі — на год пазней. Таму дазволу на стварэнне сям’і давялося прасіць не толькі ў бацькоў, але і ў дзяржавы. Ды хіба ж гэта перашкода, калі каханне прыйшло?
19 кастрычніка згулялі ў Жабінцы вяселле. А ўжо праз некалькі тыдняў, у лістападзе ўсё таго ж 1991 года, Ніна выйшла на працу ў гаспадарку, якую з той пары заве сваёю. “Адлучалася” з яе хіба толькі для таго, каб нарадзіць і падгадаваць сына Паўла і дачку Марыну. Пра дзяцей, як і пра бацькоў, людзі кажуць:
— Добрыя ды працавітыя.
Вядома ж, яблычак ад яблыні…

Жыццё “прачынаецца”  з заранкамі

Некалі “Запаветы Ільіча” славіліся сваёй свінафермай. На ёй гадаваліся да дзвюх тысяч галоў, туды і ўладкавалася Ніна, цяпер ужо Міцкевіч, свінаркаю. Ды час ішоў. Зменлівы быў той час. Пакрыху свінагадоўля пачала скарачацца, тады й перайшла Ніна Фёдараўна на працу цялятніцай. Гэтай справай дасюль займаецца.
Назвы ў гаспадаркі мяняюцца (цяпер гэта ўжо СВК “Хмелева”), а сутнасць сялянскай працы застаецца ранейшай. Толькі сонца прачнецца (а ў познюю восеньскаю пару і ўзімку яшчэ давідна) — жанчына ля сваіх гадаванцаў. Чаму ж так рана? Па-першае, вясковае жыццё ва ўсе вякі было афарбавана заранкамі. Па-другое, “калектыў падапечных” не малы: на ферме “Падлессе” шэсць аператараў-даглядчыкаў, пад іх наглядам 514 галоў маладняку, з іх 102 — пад апекай Ніны Міцкевіч. Кожны з іх, як паказалі вынікі 10 месяцаў, за суткі ў сярэднім папраўляецца на 947 грамаў.
Пра сваіх калегаў жанчына гаворыць з прыемнасцю:
— Калектыў у нас надзвычай дружны, малады. Непасрэдна цяляткамі займаюцца Святлана Амельянюк, Галіна Панасюк, Таццяна Кацэвіч, сямейная пара Ірына і Рышард Сянкевічы. Пастаянна побач замацаваны ветэрынар Уладзімір Мікалаевіч Палукошка, які мае вышэйшую заатэхнічную адукацыю. (Дарэчы, у той самы дзень, калі адбылася наша размова з Н.Ф.Міцкевіч, на ферму прыйшоў (адразу пасля тэхнікума) малады спецыяліст-ветэрынар Юрый Іваноў).
… Дзень на дзень у жанчыны падобны: прыйсці зрання на ферму, дагле-дзець цялятак. Ці ўсе на ножках стаяць, ці не хворыя, папаіць чыстаю вадой, малачком, сянаж разнесці, пачаставаць камбікармамі.
Так, дні яе падобныя: цякуць па даўняй завядзёнцы. І вось прыемная навіна: праца Н.Ф.Міцкевіч заўважана і адзначана на абласным узроўні. Віншуем, Ніна Фёдараўна!
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: Ніна Фёдараўна Міцкевіч.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top