Калектыў — мая другая сям’я

Калектыў — мая другая сям’я

IMG_5544Марыя Уладзіміраўна Зубік працуе на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” адзінаццаты год пасля заканчэння Слуцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа перапрацоўчай прамысловасці. Тэхнікам-тэхнолагам працавала чатыры гады і адначасова завочна вучылася ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце тэхналогій і кіравання. Пасля яго заканчэння атрымала спецыяльнасць інжынера-тэхнолага цукрыстых прадуктаў. З  2005 года Марыя Уладзіміраўна працуе на прадпрыемстве інжынерам-тэхнолагам прадуктовага аддзялення. Праўда, у школе яна марыла стаць тэхнолагам хлебабулачных вырабаў. Ці не шкадуе аб тым, што юнацкая мара не ажыццявілася. З гэтага пытання пачалася гутарка з інжынерам-тэхнолагам Жабінкаўскага цукровага завода Марыяй Уладзіміраўнай Зубік:
— Не, не шкадую. Я вельмі люблю сваю работу, з радасцю іду на завод. Прыемна працаваць сярод прафесіяналаў, якія на ўсе сто аддаюцца сваёй справе. У іх я вучылася, набіралася вопыту як спецыяліст, сталела. Калектыў завода дружны, у ім пануе ўзаемаразуменне і падтрымка.
— Хто з работнікаў у першую чаргу дапамагаў маладому тэхніку-тэхнолагу? Каго лічыце сваім настаўнікам?
— Прымаў мяне на працу тагачасны дырэктар прадпрыемства Генадзь Іванавіч Вялько, які не толькі мне, але і ўсім маладым спецыялістам удзяляў шмат увагі, жыў нашымі праблемамі. Я вельмі ўдзячная яму за ўсё. Быў побач заўсёды і галоўны інжынер Мікалай Паўлавіч Кавалеўскі, які зараз на заслужаным адпачынку. Сваім настаўнікам лічу галоўнага тэхнолага прадпрыемства Аксану Мікалаеўну Сідо. Строгая, патрабавальная, умее прыняць правільнае рашэнне, калі гэтага патрабуе вытворчасць, старэйшы таварыш і надзейны сябар. Пад яе кіраўніцтвам працуюць інжынеры-тэхнолагі чатырох змен: Наталля Аляксееўна Варабей, Марына Уладзіміраўна Зуй, Таццяна Уладзіміраўна Шумікоўская і Таццяна Анатольеўна Малюга. Тэхналагічная служба завода — аднадумцы. Мы разам абмяркоўваем і вырашаем праблемы, калі яны ўзнікаюць у працэсе вытворчасці, раімся, падказваем адзін аднаму, стараемся выканаць пастаўленыя задачы ў тэрмін і дасягнуць у сваёй працы добрага выніку. А дапамагаюць у гэтым інжынерна-тэхнічная служба завода, калектывы змен, якія адказна ставяцца да сваёй справы.
Верыць у мяне і ўсяляк падтрымлівае цяперашняе кіраўніцтва: генеральны дырэктар прадпрыемства Віктар Рыгоравіч Міронаў, галоўны інжынер Васіль Мікалаевіч Бабрук, а гэта так важна. Як бачыце, цукразаводскі калектыў — гэта мая другая сям’я, тут мне ўтульна, камфортна, адчуваю сябе на сваім месцы, ганаруся тым, што працую на такім вялікім прадпрыемстве.
— Чым жа займаецца прадуктовае аддзяленне прадпрыемства?
— Тут адбываецца ўварванне цукру па вызначанай тэхналагічнай схеме. Увесь працэс праходзіць у аўтаматычным рэжыме. Мэта нашага аддзялення — атрымаць максімальны выхад цукру з мінімальнымі стратамі яго ў меласе. У тэхналагічным працэсе можна выдзеліць некалькі этапаў. На першым — цукровы сіроп, які паступае з выпарной устаноўкі ў вакуумныя апараты, згушчаецца пры дапамозе вакууму і пары. Затым сюды ж уводзяцца зага-дзя звараныя дробныя крышталікі цукру, якія з’яўляюцца цэнтрамі для іх далейшага росту. Гатовы прадукт уяўляе сабою сумесь іх і цукраўтрымліваючага раствору, які мае жоўта-карычневы колер. Каб атрымаць белы цукар, прымяняюць метад цэнтрыфугаван-
ня — крышталікі аддзяляюцца ад раствору, прамываюцца гарачай вадой, высушваюцца і ахалоджваюцца.
— Працэс складаны. За чым непасрэдна сочыце вы?
— Кантралюю тэхналагічны працэс атрымання цукру, уношу ў яго карэктывы. Гэта залежыць ад якасці прадуктаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці.
— Хто з работнікаў прадпрыемства працуе ў прадуктовым аддзяленні? За якія этапы яны адказваюць?
— Працэс варкі цукру ажыц-цяўляюць апаратчыкі. На станцыі цэнтрыфугавання працуюць электраманцёры ў абслугоўванні цэнтрыфуг, на сушцы — сушыльшчыкі прадукцыі.
— Марыя Уладзіміраўна, ці змяніўся сённяшні працэс вытворчасці цукру ў параўнанні з тым, які быў, калі вы толькі прыйшлі на завод?
— Канечне, змяніўся і значна, дзякуючы, у першую чаргу, укараненню новых тэхналогій, мадэрнізацыі прадпрыемства, у тым ліку і нашага аддзялення. Так, новыя тэхналогіі прымяняюцца цяпер у атрыманні белага цукру, у выніку яго крышталікі больш раўнамерныя. Зменшыўся час варкі яго, а гэта — эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў. На этапе цэнтрыфугавання была ўведзена схема атрымання стандарт-сіропу, дзякуючы якой павялічылася вытворчасць цукру. Яшчэ на прадпрыемстве быў пабудаваны комплекс бястарнага захоўвання прадукцыі: у дзвюх ёмістасцях, па 25 тыс. тон кожная. Для таго, каб яна не злёжвалася, неабходна пэўная тэмпература. З гэтай мэтай быў устаноўлены ахаладжальнік цукру ў сушыльным аддзяленні. Усе гэтыя мерапрыемствы і многія іншыя дазволілі, пачынаючы з 2005 года, пера-працоўваць у суткі 8 тыс. 400 тон цукровых буракоў. Да гэтага завод перапрацоўваў 6 тыс. тон.
— На працягу каляндарнага года ёсць месяцы самыя складаныя, самыя адказныя ў рабоце?
— Вядома — сезон перапрацоўкі буракоў, які доўжыцца з верасня па сту-дзень. Ён самы адказны і напружаны, таму што патрэбна паспець у тэрмін і з меншымі затратамі перапрацаваць сыравіну і атрымаць большы выхад цукру.
— Часу хапае на сям’ю?
— Хапае. Мяне ў сям’і разумеюць, падтрымліваюць: муж Аляксей, дзесяцігадовы сын Павел, мама Марыя Іванаўна, бабуля Надзея Якаўлеўна, а таксама ўсе родныя і блізкія. Дзякуй ім за гэта. Разам мы і ў штодзённых клопатах, разам і ў святы.
— Напярэдадні прафесійнага свята чаго пажадаеце сваім калегам?
— Усяму цукразаводскаму калектыву жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту ў сем’ях, поспехаў ва ўсіх справах, верных, надзейных сяброў.
Пасля развітання са сваёй суразмоўніцай пытанне задала галоўнаму тэхнолагу прадпрыемства Аксане Мікалаеўне Сідо: “Як працуецца вам з Марыяй Уладзіміраўнай?” На што атрымала адказ: “Выдатна. Яна — мой першы памочнік. Добры спецыяліст, адказна ставіцца да справы, кампетэнтная ў пытаннях, якія датычацца тэхналагічнай вытворчасці. Спакойна адносіцца да крытыкі і заўваг. Увесь час удасканальвае свае веды ў прафесіі: шмат чытае спецыяльнай літаратуры, ездзіць на семінары па абмене вопытам у Слуцк, Скідзель, Гарадзею.
Марыя Уладзіміраўна — чалавек-душа, добрая, спагадлівая, любіць сваю работу, з павагай ставіцца да кожнага работніка, і калектыў плаціць ёй тым жа”.
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top