Заўсёды ў пашане праца зямная

Заўсёды ў пашане праца зямная

IMG_5627
Неўзабаве будзе дзесяць гадоў, як упершыню журналісцкая сцяжынка звяла мяне з рупліўцам хлебнай нівы Іванам Мікітавічам Дубінам, механізатарам, камбайнерам СВК “Шпіталі”. Любая праца спорыцца ў ягоных руках: чатыры з паловаю дзясяткі гадоў ён цвёрда і ўпэўнена шчыруе на зямлі — раней займаўся культывацыяй ці ворывам глебы, вывозіў і раскідваў арганіку, сеяў і апрацоўваў пасевы, цяпер больш працуе на бульбяным палетку. Аднак самая адказная справа для любога хлебароба — жніво, хоць патрабуе вялікіх чалавечых высілак, вынослівасці, цярплівасці. Як складана шчыраваць на хлебнай ніве, калі слупок тэрмометра за вокнамі кабіны паказвае плюс 30, а можа й больш! Праўда, цяпер сучасная тэхніка “праблему спякоты” за штурвалам камбайна зняла.
Сёлетняе жніво для ветэрана сельскагаспадарчай галіны Івана Мікітавіча было 39-ае, а працаваў ён у суполцы са сваім зяцем Міхаілам Міхайлавічам Плытнікам. Няцяжка здагадацца: экзамен на хлебаробскую сталасць яму даводзілася “здаваць” на розных камбайнах. Памятае свой першы СК-4, які быў нават без кабіны. Пазней былі “Ніва” і “Колас”, “Ліда-1300”, КЗС-1218, іншыя. У ягоных руках “яны паводзілі сябе паслухмяна”, працавалі з поўнай аддачай і эфектыўна, найперш таму, што камбайнер адчуваў кожнага з іх не толькі рукамі, а і душою.
За працавітасць Івана Мікітавіча Дубіну паважаюць як кіраўніцтва і калегі мясцовага аграпрадпрыемства, так і за межамі яго. Няўрымслівасць. гаспадарлівасць сельскага працаўніка, уменне шчыраваць на зямлі адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За працоўную доблесць”, граматамі рознага ўзроўню.
Калі быць шчырым, то можна заўважыць: такіх сем’яў на Жабінкаўшчыне, з якіх ажно чатыры чалавекі звязалі сваё жыццё з сельскай вытворчасцю, нямнога. Пра адну з іх, дзе ўтварылася сапраўдная працоўная дынастыя Дубіны-Марчук-Плытнік, дзе малодшае пакаленне ўзнялося на вышэйшую прыступку ў сваёй дзейнасці за старэйшае, працягваю свой аповед. У адрозненне ад свайго мужа Любоў Дзмітрыеўна рупілася на ферме ў Жыціні, працавала даяркай. І, дарэчы, яе імя пастаянна было на слыху. “Калі мама прыходзіла з дойкі дадому, — успамінаюць дочкі Ларыса і Ганна, — яе рукі заўсёды пахлі свежым сырадоем. Ім не хапала часу на адпачынак, таму што была вялікая гаспадарка. Мы, тры дачкі, як маглі дапамагалі маме ў розных хатніх справах. Не цураліся любой працы. Нават з татам ездзілі ў лес нарыхтоўваць дровы. Вядома ж займаліся лягчэйшай працай, да прыкладу, голле сцягвалі ў кучы”. 20 гадоў свайго жыцця Любоў Дзмітрыеўна аддала жывёлагадоўлі, “хадзіла” у перадавіках, была сярод тых у раёне, хто пераўзышоў чатырохтысячны надой на адну фуражную карову. Цяпер жанчына на пенсіі, але ёй не сядзіцца дома, па-ранейшаму трымае багатую гаспадарку: трэба ж дзецям, унукам (іх у яе чацвёра) дапамагаць. Дочкі і зяці, канечне, не забываюць пра маму і тату, вольны час праводзяць у Жыціні, у родным доме, ад парога якога пайшлі ў самастойнае жыццё.
Першай, пасля заканчэння Хмелеўскай адзінаццацігодкі пакінула бацькоўскі ўтульны дом Ларыса, якая паступіла ў Вяліка-Лукаўскую сельскагаспадарчую акадэмію, што ў Расіі. Вытворчую практыку праходзіла ў гаспадарцы, дзе рупіліся яе тата і мама, а вось “пісаць” працоўную біяграфію пачала ў СВК “Арэпічы”, родам адкуль быў яе муж Ігар Рыгоравіч Марчук, балазе, вяселле згулялі яшчэ ў студэнцкія гады. Не здраджвае Ларыса Іванаўна той зямлі, якая ўзгадавала ёй другую палавінку, дзе яна спазнала мацярынства (сын студэнт Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, а дачушка сёлета пайшла ў першы клас).
Хоць ураджай сабраны і захаваны ў сховішчы, працы ў аграхіміка-насеннявода СВК “Арэпічы” хапае. Менавіта цяпер закладваецца аснова будучага ўраджаю: унясенне тукаў і арганікі, ворыва, сочыць за захаванасцю насеннага матэрыялу.
— У нас нізкі бал раллі, лёгкія пясчаныя глебы, — тлумачыць Ларыса Іванаўна Марчук. — У наступным годзе мы не будзем сеяць цукровыя буракі. Вырошчванне “другога хлеба”, зерневых і зернебабовых культур, рапсу — вось чым будзе “жыць” раслінаводства. Мне б асабіста хацелася, каб знаходзіліся ў аграпрадпрыемстве фінансавыя сродкі на набыццё прэпаратаў, багатых мікраэлементамі, таму што яны патрэбныя новым элітным гатункам тых культур, што мы будзем вырошчваць у 2014-ым годзе.
Не адразу вызначылася з выбарам прафесіі самая малодшая з дочак сям’і Дубінаў. Ганначка пасля школы накіравалася ў медыцынскае вучылішча, але не паступіла. Каб не страціць год, падала дакументы ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт на завочнае навучанне. Фартуна ёй усміхнулася: вучобу спалучала з працай у СВК “Шпіталі”. У прафесіі, паводле дыплома, пачала працаваць сёлета вясной і адчу-ла — з выбарам не памылілася. Размаўляла з Ганнай Іванаўнай Плытнік, намеснікам дырэктара ў раслінаводстве ААТ “Жабінкаўскі”, і часта чула — гэта маё. Да гэтага была рахункаводам, памочнікам брыгадзіра, брыгадзірам фермы “Грабаўцы” ў той гаспадарцы, дзе працавалі бацькі. Аб’ява ў друку дапамагла ўладкавацца аграномам першага ўчастка ў ААТ “Жабінкаўскі” пасля дэкрэтнага адпачынку.
— Некаторыя мае родныя папя-рэджвалі аб цяжкасцях, звязаных з працай агранома, — расказвала Ганна Іванаўна. — А тата сцвярджаў — справішся, усё будзе добра, верыў у мае здольнасці. А майстэрства і вопыт прыйдуць з гадамі, гаварыў мне. З дзяцінства прывучаў траіх дочак працаваць на зямлі, аднак сярэдняя стала юрыстам.
Літаральна праз паўгода Г.І.Плытнік зацвердзілі на новай пасадзе, значыць заўважылі яе напорыстасць у працы, паверылі. А вось што думае пра гэта сама яна:
— Узначаліць раслінаводства пасля шасці месяцаў працы ў аграпрадпрыемстве — гэта найперш давер і вера ў твае магчымасці. Год для аграрыяў быў вельмі складаным, амаль не было вясны, яравая сяўба “праляцела нібы страла”. Хвалявалася, але супакойвала сябе тым, што змаглі адсеяцца ў вызначаныя тэрміны, дзякуючы ўмелай арганізацыі працы. Надвор’е “падкідвала” праблемы сёлета пастаянна: засуха, скарочаны перыяд росту культур прывялі да недабору ўраджаю. Першы экзамен на хлебаробскую сталасць вытрымала. Пад час жніва ўводзілі ў дзеянне новы ЗСК-30, на якім працавалі Пётр Касянюк і Мікалай Шэвель. Зерне ў нас не ляжала на пляцоўках, хуценька дапрацоўвалася і развозілася ў склады. Азімая сяўба праведзена ў тэрмін і з захаваннем тэхналогіі.
Ці менш працы ў намесніка дырэктара ў раслінаводстве ААТ “Жабінкаўскі” Ганны Плытнік у гэтыя восеньскія дні. Вядома, не. За дзень да нашай сустрэчы накіроўвала заяўкі на насенне цукровых буракоў і на эліту зерневых, ажыццяўляе кантроль за падрыхтоўкай участкаў пад яравую сяўбу. Іншы клопат — сяўба культур на корм, якія багатыя на бялок. За год-два гэтую праблему не вырашыць.
Ганна Іванаўна прызналася, што ў 2014 годзе ў гаспадарцы да вырошчвання салодкіх караняплодаў падыдуць творча, ураджайнасць якіх трэба давесці да 450 цэнтнераў з гектара, у той час калі сёлета была 330. Вядома, пэўныя страты панеслі з-за таго, што няма ўласнага буракаўборачнага камбайна, выручылі сёлета рагазнянцы. Пры вырошчванні яе ў наступным годзе будуць абапірацца на рэкамендацыі вучоных, у прыватнасці, У.С.Тарасенкі, дарэчы, ён быў кіраўніком яе дыпломнай работы. Чаму такая ўвага цукровым буракам? Таму што яны прыносяць у касу гаспадаркі значны даход.
На развітанне пацікавілася ў Ганны Плытнік — што неабходна гаспадарцы, каб больш эфектыўна працаваць, і пачула — спагаду ад надвор’я, настаў час абнавіць плугі, купіць самаходны апырсквальнік, зернеўборачны і бураковы камбайны… А гэта вялікія фінансавыя затраты. Ці зможа іх выдаткаваць каса аграпрадпрыемства! Ёсць у маладой жанчыны і асаблівая ма-ра — часцей быць з чатырохгадовай дачушкай Ангелінай, якая ходзіць у садзік, наведвае басейн, захапляецца танцамі.
Вось такая працоўная дынастыя ёсць на Жабінкаўшчыне, кожны добрасумленна адносіцца да сваёй справы, захопліваецца работай напоўніцу і працуе на канчатковы вынік.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top