У дзень Апостала Любові

У дзень Апостала Любові

4198
31 кастрычніка, калі паводле праваслаўнага календара адзначаўся дзень евангеліста і лекара Лукі, што завецца яшчэ Апосталам Любові, у Азяцкай Свята-Мікалаеўскай царкве ладзіліся ўрачыстасці з нагоды асвячэння храма.

Каб слова  Божае паслухаць

— ЯШЧЭ ТРОШАЧКІ ЗАСТАЛОСЯ, ох, далёкая дарога да храма. Ды некаму падвезці: сын загінуў і дзед мой, з кім пражыла ў пары 56 гадоў, ужо на могілках… — Жанчына стомлена перавяла дух і зноў працягнула шлях: — Яшчэ трошкі…
81-гадовая Настасся Васільеўна Славуціч як магла спяшалася на свята. І твар яе святлеў усялякі раз, калі тлумачыла тым, хто ў дарозе пытаўся:
— У царкву іду. Бацюшкоў там будзе многа. Трэба ж слова Божае паслухаць.
Гэтак разважалі ўсе тыя, што, бы ручаіны, сцякаліся да царкоўнага парога, хто пераступаў той парог, каб спрычыніцца да агульнай малітвы-радасці.
Перш чым увайсці ў храм, зірнуў на магілу таго, хто быў ля вытокаў гэтага свята. Балазе пахаваны ў трох кроках ад храма, што адрадзіўся ягоным клопатам 143 гады таму.

Пастырства, дойлідства, летапісанне

ГЭТЫМ ТРОМ СПРАВАМ прысвяціў сваё жыццё а.Адам Лехачэўскі (1827-1878). Тры дзясяткі ды яшчэ адзін год, пакуль не памёр ад сухотаў, старанна апекаваў святар азятчукоў. Быў ім духоўнай падтрымкай, настаўнікам і дарадцам, адбудаваў два храмы і стварыў першы адмысловы “Летапіс…” свайго прыходу.
…Ішоў 1867 год. Свяшчэннік беражліва ўзяў у рукі дакумент… Так, парахнее папера. Вось — 1555 год, першая згадка пра Азяцкі храм. Літара ў літару айцец Адам перапісаў старажытны тэкст — каб памяць не спарахнела…
Лехачэўскі лічыў сваім святым абавязкам штомесяц пазначаць важныя падзеі ў жыцці прыходу. А важным падавалася яму многае, нават самае простае, побытавае. Дзякуючы рупліўцу, мы зараз ведаем не толькі пра тое, колькі рабоў Божых прыйшло на свет ці каго праводзіў святар у апошні шлях, але й мясцовыя паданні, запісаныя ім, пра тое, якімі былі тагачаснае надвор’е, ураджаі, ранейшае жыццё азятчукоў.
…І дрэва парахнее. Айцец Адам бачыў, як пастарэў за тры стагоддзі ягоны храм. Ён разумеў — час аднаўляць Дом Божы, і знайшоў у гэтым падтрымку ў вернікаў. Разам стварылі брацтва. Неўзабаве паўсталі храмы ў Старым Сяле і Азятах — каб вера не спарахнела…
14 (27) кастрычніка 1870 года на Старасельскіх кладах адбыўся заклад новай Міхайлаўскай царквы, а праз чатыры дні ва ўрочышчы Засаднікі (на ўскрайку Азятаў) Лехачэўскі асвяціў і гэты Мікалаеўскі храм.

Як нараджаюцца традыцыі

ХОЦЬ СВЯТА ПРЫЙ-ШЛОСЯ на познюю восень, ды 31 кастрычніка дзень быў залатым ад яркага сонца, барвовай лістоты, жоўтых сценаў драўлянага храма, святочнай вопраткі свяшчэннікаў.
Службу вёў дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі а.Сергій Петрусевіч. Менавіта ягоным клопатам у той дзень нараджалася новая духоўная традыцыя: звычайна ў цэрквах шыкоўна святкуюцца дні іх закладаў, цяпер жа ўпершыню вырашана адзначыць з асаблівай урачыстасцю і дзень асвячэння.
Акрамя дабрачыннага і мясцовага настаяцеля а.Вадзіма Літвінюка, у святочнай службе бралі ўдзел святары: а.Мікалай (з Брэста), а.Стэфаній (са Здзітава), а.Васілій (з Арэпічаў), а.Сергій (са Сцяпанак), а.Пётр (з Булькова).
У сваім урачыстым слове а.Сергій задаўся пытаннем:
— Чаму людзі пабудавалі храм?
Адказ прагучаў таксама з ягоных вуснаў:
— Бо яны не бачылі свайго жыцця без храма. Яны пачулі галасы званоў: прачніцеся, не заставайцеся ў тлуме. Хрыстос, які любіць нас, штодня нагадвае: “Не руш, жыві з Богам — дзеля агульнай радасці. Пакінь прыгожы свет чалавекам, каб не пачуць ля парога Божага: “Чаму ж ты не апрануў сваю душу ў дабрыню?” Паколькі павінна быць душа чалавека ў любым узросце чыстаю, бы ў дзіцяці.
Вернікі, якія найбольш сіл аддаюць дзеля дабротаў свайго храма, атрымалі ў дар абразы.
У час святочнай службы згадваліся з удзячнасцю айцец Адам, іншыя святары-папярэднікі. Сённяшні настаяцель Вадзім Літвінюк прымаў віншаванні з 10-годдзем пастырскага служэння ў Азяцкай царкве.
Ён міжволі ідзе шляхам Адама Лехачэўскага: клапоціцца пра духоўнае быццё прыхаджан, дапаўняе царкоўны летапіс, рупіцца пра рамонт храма ў Азятах і будуе новую царкву ў Старым Сяле.

Дарога дамоў

ПАСЛЯ СЛУЖБЫ зноў пабачыліся на хвіліну з бабуляй Настассяй.
— Пабывала я ў Божым Доме. А цяпер пайду ўжо дамоў, — сказала жанчына і заўсміхалася. Ад той усмешкі твар яе, падалося, нават крышачку памаладзеў: — Я ж у Засадніках нарадзілася, тут хрысцілася, а замуж выйшла ў іншы канец сяла.
— Не стаміліся?
— Што вы! Гэта да храма ісці цяжка, а як дайшла — лёгка мне стала. Дый на лавачцы трошкі пасядзела, каб ножкі не скардзіліся…
Нейкі час глядзеў ёй услед. Старая нетаропка тупала па дарозе, і душа яе, відаць, была шчодра ўкутана ў дабрыню.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках:
 у час урачыстай службы
з нагоды асвячэння Свята-Мікалаеўскай царквы ў Азятах.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top