Два дыпломы за веды і творчасць

Два дыпломы за веды і творчасць

IMG_5534
Алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць” сабрала лепшых юных філолагаў дзвюх краін. Праходзіла яна ў два этапы. Першы адборачны адбыўся ў верасні сёлета ва ўсіх абласцях Беларусі, Мінску, ліцэі БДУ і суб’ектах Расійскай Федэрацыі, вызначаных Міністэрствам адукацыі і навукі Расіі.
Я напісала сачыненне для адборачнага тура і была запрошана на заключны этап. Традыцыйна яны прахо-дзяць чаргуючыся ў кожнай дзяржаве, гарадах з багатай культурай. Сёлета гасцей сустракаў беларускі Полацк. Туды, акрамя беларускіх школьнікаў, прыехалі разумныя, таленавітыя, здольныя старшакласнікі з 21 рэгіёна Расіі, па 6 удзельнікаў у кожнай камандзе.
Адбор праходзіў так скрупулёзна, што юныя таленты з усіх куткоў Беларусі аб’ядналіся, каб не проста адкрыць для сябе новую алімпіяду, але й даведацца шмат цікавых літаратурных і гістарычных фактаў, наведаць розныя памятныя месцы і, галоўнае, зразумець, як важна захоўваць дружбу і павагу паміж дзвюма сёстрамі: Расіяй і Беларуссю.
— Тут незвычайная зямля, багатыя гісторыка-культурныя традыцыі і вельмі добрыя людзі, якія шчыра сустракаюць гасцей і дзеляцца з імі ўсім лепшым, што ёсць у беларускага народа, — сказаў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця свята ведаў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.
Са сцэны Палаца культуры юных інтэлектуалаў віталі таксама намеснік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно, старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла, расійскія госці. Усе яны гаварылі пра асаблівы статус алімпіяды, мэта якой не толькі падтрымаць здольных школьнікаў, але і садзейнічаць збліжэнню народаў на ўзроўні моладзі, працягваць слаўныя традыцыі бацькоў і дзедаў, будаваць светлае будучае краін-суседзяў. Быў зачытаны зварот дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна да ўдзельнікаў форуму. Авацыямі сустрэлі прапанову рэктара Смаленскага дзяржуніверсітэта Яўгенія Кодзіна аб пазаконкурсным залічэнні пераможцаў алімпіяды ў ВНУ Расіі і Беларусі ў рамках стварэння адзінай агульнаадукацыйнай прасторы.
Усё, што адбылося ў Полацку, дало нам зразумець: сапраўды нездарма прыехалі сюды. Тут усе былі захоплены літаратурай і рускай мовай, іх думкі і ідэі бязмежныя. Ніхто не спыняўся на дасягнутым. Акрамя асноўных конкурсаў удзельнічалі і ў творчых, дзе юныя рытары, выканаўцы мастацкіх твораў і аматары гісторыі маглі праявіць сябе. Каманда Брэсцкай вобласці і тут паказала сябе з лепшага боку. Мы занялі трэцяе каманднае месца, змаглі падрыхтаваць арыгінальныя выступленні, паспяхова прымянілі веды, уменні і знаходлівасць. Вельмі важна дапамагаць адзін другому, заўсёды трымацца разам, тады ўсё атрымаецца! Заданні былі сапраўды цікавыя, але няпростыя. Яны давалі магчымасць праявіць крэатыўнасць, прадэманстраваць веды, логіку, красамоўства і ўменне пераадолець цяжкасці.
Я лічу, што кожны ў сваім жыцці павінен прымаць
удзел ва ўсіх конкурсах і падзеях, якія яму па-сапраўднаму цікавыя. Магчыма і не атрымаецца выйсці ў прызёры ці мець ганаровую грамату, затое ўзнагародай будзе набыццё каштоўнага вопыту.
Працаваць у камандзе, мець зносіны з абсалютна рознымі людзьмі, знаходзіць выхады з самых нечаканых і, на першы погляд, невырашальных сітуацый, смела ісці да сваёй мэты, верыць у сябе і свае сілы — гэта тое, чаму мяне навучыла алімпіяда Саюзнай дзяржавы. Важна, каб кожны, хто прымае ўдзел у такіх падзеях, зразумеў, што конкурсы алімпіяды даюць больш, чым ты ад іх чакаеш. Асабіста для мяне гэта значыць вельмі многае, я з вялікай радасцю яшчэ раз перажыла б тыя яркія, насычаныя, незабыўныя кастрычніцкія дні. Вельмі задаволеная, што вярнулася з двума дыпломамі ІІІ-ай ступені: пераможца алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць” і конкурсу выразнага літаратурнага чытання.
Настасся СІДОРКА, вучаніца 11 класа ДУА “Ліцэй г.Жабінка”.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top