Журналісты сустрэліся ў Бярозе

Журналісты сустрэліся ў Бярозе

IMG_3004Здаўна, яшчэ з савецкіх часоў, існуе традыцыя сустрэч журналістаў раённых газет. Калі ёсць праблемы — яны блізкія, калі ёсць пытанні — лягчэй вырашаць разам. Чужы вопыт заўжды карысны, на чужых памылках лягчэй вучыцца. І сапраўды, варыцца ва ўласным катле няварта, калі нехта ўжо “юшку сёрбае”. Адным словам, журналісцкая нарада 5 лістапада ў Бярозе была ўсім карысная: як гаворыцца, кожны мог на іншых паглядзець, дый сябе паказаць.

Тэма журналісцкай сябрыны гучала: “Рэалізацыя сацыяльных праграм. Аналітыка і дзейснасць газетных публікацый”. Я нездарма ўжыў слова “сябрына”: многія віталіся перад пачаткам як калегі-сябры, бо і раней сустракаліся на розных прафесійных нарадах, форумах, а найчасцей — на старонках раёнак, якімі рэдакцыі традыцыйна абменьваюцца. (Зноў жа, з той самай мэтай: трэба ведаць, чым суседзі “дыхаюць”, лепшае браць на ўзбраенне, горшае — не ўжываць).
Пачаўся семінар з падарожжа. Горад бярозавага ліста парадаваў прыгажосцю, утульнасцю, аптымізмам. Відаць, нездарма, Бяроза стала сёлета сталіцай абласнога фестывалю “Дажынкі”. Гасцям для азнаямлення былі прапанаваны ААТ “Бярозабудматэрыялы” і аб’екты раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Удзельнікі семінара пазнаёміліся з арганізацыяй вытворчасці і фірменнага гандлю бярозаўскай пліткай — тавару, добра вядомага нават у краінах Еўрасаюза, а затым даведаліся аб працы мясцовай ЖКГ.
Сустрэча прадоўжылася за “круглым сталом”. Вёў яго “старэйшына журналісцкага цэху Брэстчыны” Георгій Сцяпанавіч Тамашэвіч, які ўзначальвае абласную арганізацыю ГА “Беларускі саюз журналістаў”. У ягонай прамове залацінкамі зіхацелі фразы, якія хацелася занатоўваць: “Для журналіста самая цікавая тэма — Чалавек!”; “інфармацыйны прадукт…” — ніколі не падабаўся гэты выраз, бо тое, што ствараюць журналісты, — бліжэй да душы!” Сапраўды, кожнаму з нас, хто валодае пяром — прадметам вострым! — патрэбна ведаць, што гэты інструмент можа, балюча раніць, але ж і маўчаць, жыць у цішыні, спакойна журналісту нельга. Гэтая дылема — амаль як у хірурга: зрабіць балюча, каб вылечыць, ці закрануць друкаваным словам — спрадвечная. Людзі давяраюць і давяраюцца, таму няпросты выбар у журналіста. З аднаго боку, ён не прамаўляе нешта падобнае на клятву Гіпакрата, з другога, павінен мець нейкі самакантроль. І з гэтай дылемы за 2500 гадоў існавання журналістыкі пакуль ніхто не знайшоў правільны выхад. Незнарок Г.С.Тамашэвіч нагадаў пяць “залатых правілаў” прафесіі: “пачуць — пабачыць — захапіцца —- прадумаць — напісаць”. Перакананы, калі хоць адно звяно выпадае з гэтага ланцуга, матэрыял не варты друку.
Цікавым падаецца і погляд намесніка старшыні Бярозаўскага райвыканкама Я.Я.Тарасюка, які закрануў узаемаадносіны паміж уладай і раёнкай.
— Здаўна ведаю, чаму бярозаўцы сваю газету любоўна клічуць: “Наш “Маячок”, бо ў ёй добрая маральная атмасфера, што станоўча адбіваецца на выданні, — сказаў Яўген Якаўлевіч.
— А мы, прадстаўнікі другой галіны ўлады, удзячныя журналістам, якіх нездарма называюць “уладай чацвёртай”, за тое, што бачаць праблемы і падказваюць шляхі іх вырашэння. Без СМІ не абысціся, паколькі “Маяк” — орган, без якога ніяк нельга, частка грамадзянскага грамадства, якое мы павінны развіваць.
Глыбокі аналіз публікацый у сваёй газеце прапанавала загадчык аддзела сацыяльных праблем “Маяка” М.І.Гаравая. Маргарыта Іванаўна, прынамсі, прыгадала рэзанансныя артыкулы, што з’явіліся ў раёнцы ў апошні час, падкрэсліла: ва ўсіх спрэчных пытаннях журналісты займаюць узвешаную пазіцыю, не хаваюцца ад вострых тэм, але ж і не прымаюць адзін з бакоў у канфліктных сітуацыях. Гэтая ўзважанасць дазваляе “Маяку” заставацца аўтарытэтным выданнем у вачах сваіх чытачоў.
Падсумаваў працу “круглага стала” начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі аблвыканкама А.А.Цыральчук, які кіраваў семінарам. Адзнака Аляксандра Аляксандравіча вартая таго, каб яе занатаваць:
— І на рэспубліканскім узроўні прызнаецца, што раённыя газеты Брэстчыны ў апошнія гады сталі моцнымі. Так, але ж разам з тым, нельга спыняцца на дасягнутым, патрэбна рухацца далей, найперш дзеля людзей!
“Маяк” і “Сельская праўда” — аднагодкі, з ваеннага сорак чацвёртага года (бярозаўская раёнка ўсяго на 10 месяцаў старэйшая), таму спытаўся ў галоўнага рэдактара “Маяка” Аляксандра Мікалаевіча Іванова, як праз тры месяцы “маякоўцы” збіраюцца святкаваць свой юбілей. На тое вопытны журналіст адказаў з усмешкай:
— Добра будзем святкаваць, здымаем відэафільм пра рэдакцыю. Многія нам дапамагаюць. Мы харошых людзей бачым і нас заўважаюць — вось ужо без малога 70 гадоў.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Мікалая ЛЯВОНАВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. У чым розница памиж журналистами и прапагандыстами?

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top