Пачэсна і адказна быць “узорным”

Пачэсна і адказна быць “узорным”

Пра якасць культурных паслуг судзяць па-рознаму. Адна з найбольш важных і паказальных адзнак ёсць колькасць у тым ці іншым раёне аматарскіх калектываў са званнямі “народны” (яно прысуджаецца дарослым самадзейным артыстам) і “ўзорны” (яго могуць мець найлепшыя дзіцячыя ансамблі). Нядаўна агульная лічба такіх калектываў на Жабінкаўшчыне дасягнула лічбы 9. Дзявятым стаў аркестр народных інструментаў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, які з кастрычніка 2013 года носіць званне “ўзорны”.
Стваральніца і кіраўнік калектыву — выкладчык дзіцячай школы мастацтваў, надзвычай таленавіты чалавек Н.М.Грэцкая. Гэты талент дазволіў Наталлі Мікалаеўне згуртаваць вакол сябе каля трох дзясяткаў юных выканаўцаў ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў, што іграюць на цымбалах, домбры, балалайцы, баяне, акардэоне, іншых музычных інструментах. У іх выкананні гучаць не толькі апрацоўкі народных песень і танцавальных мелодый, але й творы сучасных кампазітараў Ігара Цвяткова, Яўгена Догі, Аляксандра Новікава.
У маі гэтага года самадзейны аркестр трымаў адказны экзамен перад прадстаўнічай абласной камісіяй. У яе складзе былі прызнаныя спецыялісты ў музычным мастацтве: заслужаны работнік культуры Беларусі, кампазітар, стваральнік народных ансамбляў “Красуні” і “Берасце” Сяргей Фёдаравіч Любчук, кіраўнік струннага аркестра Брэсцкай абласной філармоніі Аляксандр Аляксандравіч Мартыненка, выкладчыца Брэсцкага музычнага каледжа Ніна Уладзіміраўна Ліцвіненка, метадыст у інструментальным мастацтве абласнога арганізацыйна-культурнага цэнтра Людміла Іванаўна Салей.
Ад патрабавальнага журы маладыя жабінкаўскія артысты атрымалі станоўчую адзнаку. У іх выкананні прагучала вялікая канцэртная праграма, што складалася з двух дзясяткаў разнастайных нумароў. Паводле вынікаў прагляду камісія звярнулася з прапановай у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб наданні дзіцячаму аркестру з Жабінкі звання “ўзорны аматарскі калектыў”.
І вось нарэшце са сталіцы прыйшла надзвычай прыемная навіна: міністр культуры Б.У.Святлоў падпісаў пастанову аб прысваенні звання “ўзорны” аркестру народных інструментаў Жабінкаўскай ДШМ.
Раней гэтае пачэснае званне сваёй яркай і самабытнай творчасцю заслужылі танцавальны ансамбль “Каруначкі” і хмелеўскі фальклорны калектыў “Дараносіца”. Такім чынам, сёлета на Жабінкаўшчыне з’явіўся трэці “ўзорны” калектыў.
Віншуем Наталлю Мікалаеўну і яе выхаванцаў з гэтым высокім прызнаннем, зычым творчых поспехаў на карысць зямлі жабінкаўскай і яе працавітых людзей. Стварайце нам свята — будзьце самі, бы свята!

Калектывы Жабінкаўшчыны са званнямі “народны” і “ўзорны”

“Каруначкі” (г.Жабінка), з 1985г., кіраўнік І.Ф.Румко
“Каларыт” (г.Жабінка), з 1996г., кіраўнік М.В.Зіноўеў
“Скарбніца” (г.Жабінка) з 1997г., кіраўнік І.С.Учаеў
“Аляксандр-парк” (г.Жабінка), з 1999г., кіраўнік Н.В.Лосева
“Дараносіца” (агр.Хмелева), з 2003г., кіраўнік Т.Д.Грыцук
“Хмелеўскія валацугі” (агр.Хмелева), з 2005г., кіраўнік Н.А.Дырман
“Музычны вянок” (агр.Ленінскі), з 2009г., кіраўнік М.А.Пракошына
“Тонус” (г.Жабінка), з 2012г., кіраўнік Л.В.Дошчык
Аркестр народных інструментаў (г.Жабінка), з 2013г., кіраўнік Н.М.Грэцкая.

Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: дзіцячы аркестр народных інструментаў Жабінкаўскай ДШМ пад кіраўніцтвам Н.М.Грэцкай.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top