Вярнуць веру ў сябе

Вярнуць веру ў сябе

IMG_4752

 

“Школа — наш другі дом, усё самае галоўнае ў лёсе пачынаецца са школы”, — прыгадваюцца радкі са школьных сачыненняў. А вось для дзетак Жабінкаўскага раёна з асаблівасцямі развіцця другім домам з’яўляецца Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Тут яны адчуваюць сябе як роўныя сярод роўных, вучацца, дзеляцца поспехамі і дасягненнямі, сябруюць. Пра задачы і праблемы цэнтра, пра яго выхаванцаў — гутарка з дырэктарам Кацярынай Лугаўской.
У фае цэнтра сустрэлася з маладой жанчынай, спытала, як знайсці кіраўніка ўстановы. “Гэта я”, — пачула ў адказ. На здзіўленне ў маіх вачах Кацярына Сяргееўна адрэагавала звыкла і патлумачыла, што ўвесь калектыў цэнтра малады, сярэдні ўзрост супрацоўнікаў крыху за 30. Сама яна на дырэктарскай пасадзе 4 гады. Заняла яе ў 22-гадовым узросце, лічыць, што ў маладых спецыялістаў больш энтузіязму, “свежыя” веды пасля ўніверсітэта і жаданне прымяніць іх на практыцы.
— Кацярына Сяргееўна, складана кіраваць установай такога тыпу?
— Мне не складана, таму што падабаецца тое, чым займаюся. Калектыў у нас дружны, у штаце 15 чалавек, усе зацікаўлены ў выніках сваёй справы. Амаль усе спецыялісты да гэтага працавалі ў школах, ведаюць спецыфіку работы з дзецьмі.
— Якія задачы стаяць перад калектывам?
— Асноўная задача — максімальна ахапіць спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай усіх дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Вярнуць такім дзеткам веру ў сябе, у свае сілы, у свае магчымасці. Падтрымаць іх  бацькоў, паказаць, што яны не адзіныя і не застануцца сам-насам са сваёй бядой. На жаль, большасць людзей менавіта так успрымае з’яўленне ў сям’і дзіцяці-інваліда. Касыя погляды суседзяў і знаёмых, спачуванні, парады аддаць дзіця ў інтэрнат… Таму мы ставім перад сабой задачу фарміраваць талерантныя адносіны да дзяцей з асаблівасцямі развіцця, праводзім масавыя раённыя мерапрыемствы з іх удзелам, каб паказаць іх поспехі і дасягненні. Стараемся  дапамагчы атрымаць спецыяльную адукацыю асобам з цяжкімі і шматлікімі фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі.
— Раскажыце нашым чытачам пра дзейнасць цэнтра.
— Мы даём магчымасць дзецям з асаблівасцямі развіцця весці насычанае жыццё, вучыцца. У далейшым размяркоўваем іх ва ўстановах адукацыі і даём рэкамендацыі ў аказанні карэкцыйнай дапамогі. Ва ўсіх дзіцячых садах горада адкрыты лагапедычныя групы. У выніку, у школу малыя ідуць з выпраўленымі парушэннямі і дапамога лагапеда большасці з іх не патрэбна. Стараемся даць “правільны маршрут” усім дзецям, якія ў нас займаюцца. Аказваем кансультатыўную дапамогу іх бацькам. Клапоцімся пра дзетак-інвалідаў з вёсак,  падвоз якіх забяспечвае “Газель” аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
— Колькі ў вас выхаванцаў?
— У цэнтры вучацца і атрымліваюць дапамогу 47 дзетак, з іх 15 — інваліды, 9 — з цяжкімі маторнымі парушэннямі развіцця і аўтызмам — займаюцца ў дзвюх дашкольных групах, 5 наведваюць спецыяльны рознаўзроставы клас. Ранняя комплексная дапамога аказваецца супрацоўнікамі цэнтра 4 дзецям ва ўзросце да 3 гадоў. З 29 навучэнцамі два разы на тыдзень праводзяць індывідуальныя заняткі настаўнік-дэфектолаг і педагог-псіхолаг. Акрамя таго, курыруем 40 хлоп-чыкаў і дзяўчынак, якія навучаюцца інтэграцыйна ва ўстановах адукацыі раёна.
— У фае цэнтра столькі цікавых работ. Хто іх стварыў?
— Штогод прымаем удзел у выставе дзіцячай творчасці, прысвечанай Міжнароднаму дню інвалідаў (3 снежня), і неаднаразова цэнтр быў узнагароджаны Пахвальнымі водгукамі і Пісьмамі падзякі. Заўсёды адзначаюцца работы Арцёма Шуста, Яны Быстровай, Максіма Ганчарука. У выставах актыўна ўдзельнічаюць дзеці з асаблівасцямі развіцця з агульнаадукацыйных устаноў горада: Вольга Мальчук, Вераніка Манастырская, Данііл Лукша.
— А з якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца?
— Адна з асноўных — у наладжванні кантакту з бацькамі дзяцей з асаблівасцямі развіцця.Многія мамы і таты не ўсведамляюць, што іх дзецям трэба дапамога псіхолага або дэфектолага. Некаторыя сцвярджаюць, што іх дзіця такое ж, як і ўсе, і цяжка іх пераканаць звярнуцца ў наш цэнтр.
Яшчэ адна праблема – недахоп настаўнікаў-дэфектолагаў як у нашым цэнтры, так і ў раёне ў цэлым. Няма ў нас у штаце і масажыста, які асабліва патрэбен дзецям з фізічнымі парушэннямі.
Кабінет адаптыўнай фізкультуры да нядаўняга часу быў укамплектаваны не поўнасцю. У пачатку кастрычніка выдзелена 13 мільёнаў рублёў на набыццё ў яго неабходнага абсталявання.
У цэнтры няма харчблока. Пытанне забеспячэння выхаванцаў харчаваннем вырашаецца дзякуючы гарадскім дзіцячым садам.
— Кацярына Сяргееўна, заняткі ў вас бясплатныя, як вырашаеце ўсе грашовыя пытанні?
— Вельмі ўдзячны аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, які не пакінуў без увагі ні адну нашу просьбу. Пры адкрыцці дзвюх дашкольных груп была набыта ўся неабходная мэбля і абсталяванне для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
Пастаянна паступаюць сродкі з раённага бюджэту. Акрамя таго, у 2013-м годзе Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна атрымаў больш за 10 мільёнаў рублёў спонсарскай дапамогі, што дазволіла папоўніць матэрыяльна-тэхнічную базу і набыць неабход-ную бытавую тэхніку, дапаможнікі і гульні.Напэўна, няма ні адной арганізацыі ў раёне, якая б у розны час не аказала нам дапамогу. Хачу выказаць ім вялікую падзяку праз газету.
Не засталіся абыякавымі да лёсу нашых дзяцей і шматлікія прыватныя прадпрыемствы Жабінкі і Брэста, дэпартамент аховы, бацькі нашых выхаванцаў. ААТ “Беларусбанк” і рай-аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узялі над намі шэфства.
— Свет не без добрых людзей. Упэўнена, неабыякавыя да лёсу вашых дзетак знойдуць магчымасць і сродкі дапамагчы цэнтру. Поспехаў вам у вашай нялёгкай, але такой патрэбнай працы.
Гутарыла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: дырэктар цэнтра К.С.Лугаўская (злева), намеснік дырэктара Л.У.Цупа і іх выхаванцы Ваня
 Пракапук і Дзяніс Нічыпарук.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top