Untitled-1

Здадзены жыллёвы кааператыў

У апошні дзень кастрычніка ў Жабінцы быў прыняты дзяржаўнай камісіяй 40-кватэрны жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў №24. Узводзілі яго будаўнікі мясцовай ПМК-10 і будаўніча-мантажныя работы правялі паводле нарматыўнага тэрміну.
Усе кватэры ў доме будаваліся з дзяржаўнай падтрымкай, у прыватнасці, пад 3% на 20 і шматдзетным сем’ям пад 1% на 40 гадоў. Праўда, толькі 6 з іх здадзеныя пад ключ (так пажадалі забудоўшчыкі), усе астатнія без апрацоўчых работ.
Гэта, як сказала дырэктар раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Г.К.Саўчук, апошні на сённяшні дзень кааператыў, на які выдзяляліся крэдытныя сродкі. Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва 40-кватэрнага дома ў мікрараёне цукровага завода. Ці вырастуць яго паверхі — пакуль невядома. Час пакажа.

Запаслівым зіма не страшная

Як паведаміў начальнік філіяла “Жабінкаўскі райпалівазбыт” Валерый Уладзіміравіч Мініч, усяго за кастрычнік бягучага года рэалізавана насельніцтву 557 тон брыкету пры плане
500 тон і 137 куб. м дроў. Перавыкананы дагаворныя абавязацельствы за дзесяць месяцаў г.г. з ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”. Рэалізацыя брыкету засталася на ўзроўні мінулага года, а рэалізацыя дроў зменшылася. Таму ёсць дзве прычыны. Першая — у гэтым годзе паводле рашэння Брэсцкага аблвыканкама норма водпуску брыкету на адно домаўладанне 3 т або 2,4 т брыкету + 1,5 куб. м дроў для распальвання. Другая прычына: адзіны пастаўшчык дроў — “Кобрынскі вопытны лясгас” — слаба выконвае дагаворныя абавязацельствы: ім пастаўлена ўсяго 74% дроў. Чаргі на брыкет няма, а на дровы складае некалькі месяцаў. Людзі, якім тэрмінова трэба паліва, абслугоўваюцца пазачаргова. У цэлым, праблем з забеспячэннем насельніцтва цвёрдым палівам няма.

Паклапаціліся пра хворых дзяцей

Восень з’яўляецца плённым часам у працы раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, якую ўзначальвае Т.М.Пархімовіч. Для дзетак са спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната сабраны школьныя прылады. У гэтай справе актыўны ўдзел брала пярвічная арганізацыя раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі (старшыня Н.У.Гацкевіч). А напрыканцы кастрычніка валанцёры Чырвонага Крыжа правялі акцыю “Клопат”. Для 14 выхаванцаў ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна” былі набыты і падараваны рэчы, неабходныя для навучання і гульні.

“Прырода чакае тваёй абароны”

Такую назву носіць раённая экалагічная праграма Жабінкаўскай ЦБС, у рамках якой 5 лістапада адбылася сустрэча дзевяцікласнікаў першай гарадской адзінаццацігодкі з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргеем Сцяпанавічам Шыкам і яе галоўным спецыялістам Таццянай Сцяпанаўнай Піліпчук. Госці расказалі аб тым, як правільна паводзіць сябе на прыродзе, чаму патрэбна беражліва адносіцца да прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету, прывялі прыклады аб парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства, якія мелі месца на тэрыторыі нашага раёна, і прадэманстравалі свае словы слайдавымі здымкамі. На іх дзеці ўбачылі спілаванае дрэва ў заказніку “Непакойчыцы”, звалкі смецця ў лясных масівах і іншыя, а яшчэ даведаліся, якія пакаранні чакаюць такіх парушальнікаў. Пад час сустрэчы прайшла прэзентацыя буклета пад назвай “Унікальныя насельнікі жывёльнага і расліннага свету Жабінкаўскага раёна”, які падрыхтаваў аддзел бібліятэчнага маркетынгу. У ім змешчана інфармацыя аб помніках прыроды нашага раёна, рэдкіх раслінах, жывёлах, птушках, рыбах і насякомых, якія жывуць побач з намі. Такія сустрэчы з вучнямі школ Жабінкаўшчыны працягнуцца і стануць традыцыйнымі.

Пажараў сёлета менш

За 10 месяцаў сёлета на тэрыторыі нашага раёна адбылося 29 пажараў. У агні загінуў 1 чалавек, 2 атрымалі траўмы, знішчана 8 пабудоў і 3 адзінкі тэхнікі, 26 пабудоў удалося выратаваць. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць іх зменшылася на 5. Матэрыяльны ўрон ад загаранняў склаў амаль 580 млн. руб. Калі гаварыць пра прычыны здарэнняў, то найбольш, 12 пажараў, узніклі з-за неасцярожнага карыстання агнём, 11 — з-за парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top